Пошук


Нарадзіўся ў 952 г. у Равэне, у шляхетнай сям’і. Цяжкім перажываннем юнацтва стаў для Рамуальда выпадак, калі яго бацька ў бойцы забіў аднаго са сваякоў. Пасля гэтага юнак знайшоў прытулак у бэнэдыктынскім кляштары, дзе пазней стаў манахам. Ва ўзросце 26 гадоў Рамуальд, жадаючы адрадзіць пустэльніцкае манаства з яго самотніцкім і аскетычным жыццём, разам з венецыянскім дожам Пятром Арсеоло заснаваў у Пірэнеях супольнасць эрэмітаў. Праз дзесяць гадоў ён вярнуўся ў Італію, дзе рэфармаваў шмат кляштараў і пустэльняў, сярод якіх быў таксама кляштар у Камальдолі (Таскана), які неўзабаве стаў цэнтрам манаства новага ўзору і даў імя заснаванаму Рамуальдам ордэну пустэльнікаў камедулаў. У гэтым адгалінаванні бэнэдыктынскага ордэна Рамуальд рэалізаваў свой ідэал манаства, у якім злучаны кінавія (супольнае жыццё) і пустэльніцтва.


Дзякуючы сваёй надзвычайнай харызме Рамуальд меў вялікі ўплыў на сучаснікаў, і імператар Атон ІІІ нават прапанаваў яму пасаду абата ў кляштары, дзе той распачаў свой манаскі подзвіг, але Рамуальд прапанову адхіліў. У 1012 г. ён пасяліўся ў Камальдолі, дзе пабудаваў сабе келлю. Да яго далучалася ўсё больш братоў, і ён быў для іх прыкладам жыцця ў маўчанні, няспынным посце і пакаянні. Адчуўшы набліжэнне смерці, Рамуальд перайшоў у пустэльню ў Валь дэ Кастро, дзе памёр 19 чэрвеня 1027 г. Праз пяць гадоў пасля смерці ён быў абвешчаны святым. Яго рэліквіі знаходзяцца ў касцёле святых Блажэя і Рамуальда ў Фабрыяно (Італія).

Успамін 19 чэрвеня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця