Пошук

21.09.2019 18:53   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

21 верасня падчас біблійнага сімпозіуму, які праходзіў у межах інаўгурацыі новага навучальнага года ў Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уручыў адной з перакладчыц Святога Пісання на беларускую мову Марыне Пашук залаты крыж Pro Ecclesia et Pontifice — «За заслугі перад Касцёлам і Папам».

Марына Пашук — доктар біблійнай тэалогіі, супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якой было падрыхтавана першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне на беларускай мове «Новага Запавету» (Мінск, 2017). Доктарская праца Марыны Пашук на тэму «Беларускія пераклады Святога Пісання 1926–2013. Гісторыка-параўнальнае даследаванне» была паспяхова абаронена ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве 7 лістапада 2016 года і рэкамендавана да друку.

Па выніках 2018 года Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у склад якой уваходзіць таксама Марына Пашук, была ўручана прэмія «За духоўнае адраджэнне».

Уручаючы адзінай сёння ў Беларусі жанчыне-доктару біблійнай тэалогіі ўзнагароду ад папы Францішка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зазначыў:

«Гэты медаль — сведчанне прызнання заслуг Марыны Пашук і яе вялікага ўнёску ў развіццё Касцёла на Беларусі. Яе амаль ніколі не відаць, затое вельмі добра відаць плён яе працы».

Папская ўзнагарода Pro Ecclesia et Pontifice — шостая па значнасці ўзнагарода Святога Пасаду. Яна ўручаецца кансэкраваным асобам і свецкім вернікам, якія не менш за 25 гадоў жыцця прысвяцілі служэнню Каталіцкаму Касцёлу і Святому Айцу. Узнагарода была заснавана папам Львом XIII у 1888 годзе і мае форму крыжа.

Раней у Беларусі гэтым медалём сярод іншых былі ўзнагароджаны кс. Юзаф Пятушка МІС з супольнасці ксяндзоў марыянаў, найстарэйшы святар, які нясе служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; кс. Тадэвуш Вышынскі СМ з супольнасці ксяндзоў місіянераў і кс. прэлат Ежы Лявінскі за  шматгадовую выкладчыцкую дзейнасць у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне; кс. Караль Барнась CSsR і кс. Анджэй Шчупал CSsR з супольнасці ксяндзоў рэдэмптарыстаў, якія шмат гадоў прысвяцілі служэнню Касцёлу на Гродзеншчыне, а таксама сужэнцы з Гродна Францішак і Марыя Аўдзей.

Абноўлена 23.09.2019 18:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа