Пошук

16.09.2019 17:55   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Аляксей Заічанка / Catholic.by

14 верасня, у адпустовае свята ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Целяханы (Пінская дыяцэзія), адбылася ўрачыстасць благаслаўлення адроджанай парафіяльнай святыні.

Некалькі соцень мясцовых вернікаў разам з пілігрымамі з суседніх парафій сабраліся на ўрачыстую св. Імшу, цэлебрацыю якой узначаліў Пінскі біскуп Антоні Дзям’янка. Перад аднаўленнем набажэнстваў у адроджанай святыні пастыр Пінскай дыяцэзіі звярнуўся да вернікаў з адмысловым паведамленнем, у якім распавёў пра гісторыю і драматычны лёс касцёла і каталіцкай супольнасці ў Целяханах.

На пачатку пастыр Пінскай дыяцэзіі нанава благаславіў тэрыторыю касцёла, крыж, звон і саму святыню.

З вялікім энтузіязмам і гарачай малітвай мясцовыя парафіяне дзякавалі Богу за тое, што іх старадаўні касцёл пасля дзесяцігоддзяў вымушанага занядбання вярнуўся да свайго прызначэння як святое месца сустрэчы чалавека з Богам.

Перад святою Імшою ў адноўленым касцёле адбылося спецыяльнае набажэнства як акт перапрашэння Бога за некалькі дзясяткаў гадоў знеслаўлення святыні, калі яна была адабраная злачыннымі савецкімі ўладамі і выкарыстоўвалася не па прызначэнні.

Падчас гаміліі біскуп Антоні нагадаў вернікам, што гэта іх продкі ў 1816 г. узнеслі гэты касцёл як асаблівае месца сустрэчы чалавека з Богам.

«Шчаслівая тая мясцовасць, якая мае святыню, дзе Хрыстус пастаянна прабывае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і благаслаўляе кожнага, хто да Яго прыходзіць», — падкрэсліў пры гэтым іерарх. Біскуп Антоні заахвоціў вернікаў цаніць той дар, які дае Божы Провід — магчымасць адрадзіць сваю парафіяльную святыню, каб мець месца, дзе кожны вернік можа прымаць святыя сакрамэнты, асабліва дар Эўхарыстыі.

На заканчэнне набажэнства мясцовыя парафіяне разам з ксяндзом пробашчам Тадэвушам Шэшкам падзякавалі біскупу, святарам, гасцям і ўсім прысутным за тое, што справа адраджэння святыні дапамагла ім яшчэ больш ацаніць каштоўнасць супольнасці Паўсюднага Касцёла.

Дзякуючы салідарнай падтрымцы вернікаў і душпастыраў целяханская святыня змагла зноў заззяць як духоўны і культурны цэнтр гэтага палескага мястэчка.

Адноўлены пакуль толькі сам касцёл — галоўны фасад і інтэр’ер святыні.

Далейшыя рамонтныя працы тут будуць працягвацца.

Прыбудаваная да касцёла ў савецкі час танцпляцоўка, магчыма, у бліжэйшы час таксама будзе прыстасавана для патрэбаў парафіі.

Абноўлена 17.09.2019 00:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця