Пошук

08.09.2019 08:50   Catholic.by

Касцёл Узвышэння святога Крыжа ў Целяханах. Фота да 1939 гг. Narodowe Archiwum Cyfrowe / radzima.org

14 верасня а 12-й гадзіне адбудзецца першая святая Імша ў адноўленым гістарычным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Целяханы ў Івацэвіцкім раёне. Імша будзе цэлебравацца ў святыні пасля 80-гадовага перапынку, калі касцёл быў забраны ў вернікаў.

Тады, падчас Другой сусветнай вайны, у Пінскай дыяцэзіі загінула значная частка духавенства, а 90% касцёлаў былі адабраныя ў вернікаў або знішчаныя.

«Мураваная святыня ў Целяханах была пабудаваная ў 1823 годзе, — адзначае біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў сваім паведамленні, запрашаючы вернікаў на гэтую Імшу. — Неўзабаве будзем адзначаць юбілей 200-годдзя яе пабудовы.

У пасляваенныя атэістычныя часы касцёл выкарыстоўваўся як кіназала, да якой была дабудавана пляцоўка для танцаў.

Фота Андрэя Дыбоўскага

Святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк разам з вернікамі прадпрымаў намаганні, каб вярнуць святыню, але па прычыне высокіх коштаў, выстаўленых Міністэрствам культуры, справа не была вырашана. Некалькі гадоў таму будынак быў выкуплены бізнесмэнам з Баранавічаў і стаяў у заняпадзе каля 5 гадоў.

У мінулым годзе дыяцэзія выкупіла будынак у Івацэвіцкага райвыканкама і распачала працы па яго аднаўленні для Божага культу.

Супольнасць целяханскіх парафіянаў, не маючы магчымасці вярнуцца ва ўласны касцёл, дагэтуль збіралася на святую Імшу ў драўлянай хаце непадалёк ад сваёй адабранай святыні.

У гэтай хатцы на працягу доўгіх гадоў маліліся католікі ў Целяханах. Фота Андрэя Дыбоўскага

Дзякуючы салідарнай падтрымцы Паўсюднага Касцёла, у тым ліку і вас, дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі, пасля вяртання касцёла ў ім былі праведзеныя грунтоўныя рамонтныя працы, адноўлены фасад, заменены дах, праведзены рамонт сценаў, нанова адкрыты і ўстаўлены вокны, дзверы, зроблена ўнутраная атынкоўка, пабелены сцены, падведзена вада і электрычнасць, забяспечана ўбранства касцёла для цэлебрацыі літургіі. Яшчэ чакаюць завяршэння працы па аднаўленні знешніх сценаў касцёла».

«Запрашаю духоўных, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў на першую святую Імшу ў адноўленым гістарычным касцёле,

— піша біскуп. — Няхай гэтая адроджаная святыня служыць шматлікім пакаленням вернікаў. Няхай тут адбываюцца хросты, шлюбы, цэлебруюцца святыя Імшы ў розных патрэбах для жыхароў і гасцей Целяханаў і наваколля.

У такім стане вернікі выкупілі сваю забраную святыню. Фота Дзмітрыя Іўчанкі / fotobel.by

Няхай кожны вернік сустрэнецца тут з Міласэрным Хрыстом у сакрамэнтах пакаяння, намашчэння хворых, Эўхарыстыі. А сужэнскія пары, благаслаўленыя святаром у гэтай святыні ў дзень шлюбу, захаваюць да канца свайго жыцця любоў і вернасць, будуць плодныя і самаахвярныя.

Няхай аднаўленне святыняў паслужыць далейшаму духоўнаму развіццю Касцёла і грамадства», — заклікае пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Фота Андрэя Дыбоўскага

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця