Пошук

16.09.2019 13:59   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

У нядзелю 15 верасня з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага ў Мядзелі прайшла працэсія на мясцовую Кальварыю, дзе адбылося набажэнства Крыжовага шляху і святая Імша, падчас якой група дарослых вернікаў прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

Кальварыйскі фэст адбываўся на наступны дзень пасля свята Узвышэння Святога Крыжа.

Увесь Касцёл разам і кожная пабожная душа аддана ўшаноўвае Крыж Збаўцы як знак збаўлення і галоўны сімвал нашай веры.

Урачыстасць традыцыйна распачалася працэсіяй ад касцёла, падчас якой удзельнікі маліліся Ружанец і спявалі рэлігійныя песні.

Па дарозе працэсія праходзіла каля раённага шпіталя.

Супрацоўнікі і пацыенты праводзілі позіркам шэсце і, робячы знак крыжа, з надзеяй пазіралі на Крыж Збаўцы, што ішоў на чале працэсіі.

Большая частка шляху са Старога Мядзела на Кальварыю, нібы па іроніі, пралягае па вуліцы Камуністычнай.

Па іроніі, бо менавіта адэпты нялюдскай камуністычнай ідэалогіі былі самымі зацятымі ворагамі Крыжа і пераследнікамі Хрыстовага Касцёла. Савецкія «ваяўнічыя атэісты» знішчылі мядзельскую Кальварыю — старадаўняе месца малітвы нашых продкаў. Але гэтыя апантаныя знішчальнікі крыжоў не знішчылі веры народа ў пераможную моц Крыжа, і бясслаўна скончылі сваё панаванне і існаванне.

І моладзь, якая сёння з хваласпевам на вуснах і з вераю ў сэрцы крочыць за Крыжам Хрыста, напэўна, дасць лепшыя назвы вуліцам нашых гарадоў, каб знік з нашай святой зямлі апошні след усіх святататцаў, блюзнераў і цемрашалаў.

Перад брамай старажытнай мядзельскай Кальварыі мясцовыя вернікі шчыра прывіталі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, пасля чаго іерарх запрасіў усіх прайсці Крыжовым шляхам Хрыста, разважаючы над Яго мукай і смерцю. Вёў набажэнства айцец Юрый Кулай OCD, а разважанні да паасобных стацый чыталі вернікі мядзельскай парафіі.

Як зазначыў на пачатку набажэнства біскуп Касабуцкі, Кальварыя, вядомая як месца малітвы з XVIII, падтрымлівалася і ўпрыгожвалася клопатам не аднаго пакалення вернікаў і іх духоўных пастыраў. І сёння гэтае святое месца з кожным годам становіцца не толькі ўсё больш «намоленым», але і дагледжаным.

Так, зусім нядаўна клопатам айцоў кармэлітаў тут былі добраўпарадкаваны падмуркі знішчанай бязбожнымі савецкімі ўладамі капліцы, пабудаванай у міжваенны перыяд.

Яна была большая за іншыя капліцы-стацыі мядзельскай Кальварыі, паколькі тут, у месцы, прысвечаным Апошняй Вячэры Пана, у тыя часы святою Імшою распачынаўся Крыжовы шлях. У памяць пра гэта на месцы, дзе раней у капліцы знаходзіўся алтар, была ўсталявана старадаўняя алтарная менса, на якой калісьці цэлебравалася Імша ў мядзельскім касцёле. Пасля малітвы пры другой стацыі Крыжовага шляху, якая цяпер знаходзіцца побач, удзельнікі набажэнства ўшанавалі гэты стары алтар.

Калі ў часы ранейшай велічы мядзельскай Кальварыі святая Імша адбывалася напачатку, дык цяпер, пасля адраджэння святога месца, Эўхарыстыя завяршае ўрачыстасць, становячыся яе кульмінацыяй не толькі ў метафарычным, але і ў прамым сэнсе. Цяперашні алтар знаходзіцца на адным з самых высокіх пагоркаў у ваколіцы, які пераможна вянчаюць тры вялікія крыжы.

Адсюль адкрываецца цудоўная панарама на навакольныя лясы, палі і азёры. Хараство тутэйшай прыроды — гэта відавочнае сведчанне дабрыні і ўсемагутнасці Стварыцеля ўсяго існага.

Сёння мядзельская Кальварыя стала ў Беларусі чымсьці накшталт славутай літоўскай Гары Крыжоў: кожны, хто сюды прыходзіць, знаходзіць у малітве суцяшэнне ў цярпеннях і духоўную падтрымку.

Каля палявога алтара біскупа Юрыя Касабуцкага прывітаў пробашч мядзельскай парафіі айцец Павел Ляліта OCD, які запрасіў іерарха ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы і ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі дваццаці дарослым вернікам парафіі. Пасля прадстаўлення кандыдатаў біскуп прамовіў гамілію, скіраваную да ўсіх удзельнікаў Эўхарыстыі, але перадусім да тых, хто ў гэты дзень прымаў сакрамэнт хрысціянскай сталасці.

 

 

Канфірмацыя азначае ўмацаванне: духоўнае ўмацаванне ў вызнаванні веры і ў жыцці згодна з ёю. У сувязі з гэтым біскуп адзначыў, што крыніцаю моцы хрысціяніна з’яўляецца Крыж Збаўцы, з якім у першую чаргу імкнуцца весці сваё нячыстае змаганне вораг чалавечага збаўлення і хеўра ягоных паслугачоў.

«Але крыж, які з ганебнай прылады жахлівай пакутлівай смерці ператварыўся ў прыладу ўзвышэння і збаўлення скажонай грахом чалавечай натуры, сваёю моцаю праганяе ўсялякае зло. Яно ўцякае ад Крыжа, на якім адбылася канчатковая і незваротная перамога Дабра над злом, грахом і смерцю», — падкрэсліў іерарх. Ён пажадаў усім вернікам, а асабліва кандыдатам да канфірмацыі, адважна берагчы пабожныя традыцыі продкаў і мужна сведчыць перад усім светам пра моц Крыжа і перамогу ўваскрослага Хрыста.

Як выраз гэтага абавязку быць сведкамі Уваскрослага ў працэсіі з дарамі новаканфірмаваныя вернікі прынеслі да алтара фігуру Хрыста Пераможцы.

Завяршылася ўрачыстасць кранальнаю падзякаю, якую новаканфірмаваныя вернікі выказалі свайму душпастыру айцу Юрыю Кулаю OCD за падрыхтоўку да сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

…Паволі пусцела мядзельская Кальварыя.

Але людзі, якія неслі ў сваіх сэрцах духоўны скарб і агонь Святога Духа, абавязкова сюды вернуцца, каб зноў у малітве даручаць Хрысту свае радасці і цярпенні і моцаю Ягонага Крыжа перамагаць усялякае зло і жыццёвыя нягоды.

Пакуль ёсць на нашай зямлі такія святыя месцы, як мядзельская Кальварыя, з упэўненасцю можна казаць словамі класіка, што на Беларусі Бог жыве.

Брат і сястра Улад і Ангеліна, удзельнікі моладзевага хору з Мядзела, вельмі любяць чытаць Catholic.by

Абноўлена 16.09.2019 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа