Пошук

14.09.2019 11:57   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Эгле Герулайцітэ / bbc.com / Відэа: euronews.com / Catholic.by

У Літве, непадалёк ад горада Шаўляй, дзе, між іншым, нарадзіліся пачынальнікі беларускага нацыянальнага руху браты Іван і Антон Луцкевічы, знаходзіцца незвычайны пагорак, на якім усталявана больш за сто тысяч крыжоў.

Гэта і ёсць славутая «Гара Крыжоў» — невысокае ўзвышша даўжынёй каля 70-і і шырынёй не больш за 50 метраў, што знаходзіцца на левым беразе рэчкі Кульпэ непадалёк ад вёскі Юргайчу.

Людзі называюць гэтае месца Замкаваю гарою, але таксама Святою гарою ці Гарою малітваў. Яна ахінутая легендамі і паданнямі.

Цудоўнае ацаленне

Адно з іх апавядае пра тое, што калісьці на пагорку стаяла святыня.

Падчас страшэннай навальніцы ў касцёл ударыў пярун, і святыня апусцілася пад зямлю разам з усімі, хто ў ёй маліўся. Кажуць, што на світанні тут можна ўбачыць таямнічую працэсію.

На працягу стагоддзяў на пагорку і каля яго адбывалася шмат цудаў і незвычайных з’яваў.

Найбольш папулярная тут легенда апавядае пра тое, як шмат гадоў таму цяжка захварэла малая дзяўчынка, адзіная дачка ў бацькі, якую той моцна любіў. У сне бацьку з’явілася жанчына, якая загадала яму паставіць на гары крыж. На досвітку мужчына як найхутчэй зрабіў крыж, і, калі яго дачушка ўжо канала, панёс яго на гару. Усталяваўшы там крыж і ўзнёсшы малітву, ён вярнуўся дадому. Пры дзвярах яго сустрэла дачка, якая цудоўным чынам ачуняла.

З таго часу людзі ставяць на гары крыжы з надзеяй, што іх малітвы таксама будуць пачутыя, як была выслухана малітва няшчаснага бацькі паміраючай дзяўчынкі.

Пабожная традыцыя

Гісторыкі кажуць, што ў XI–XIV стагоддзях на пагорку-гарадзішчы стаяў драўляны замак. Умацаванне служыла для абароны мясцовых жыхароў ад рыцараў Лівонскага ордэна. Разам з іншымі драўлянымі крэпасцямі ён, верагодна, быў разбураны лівонцамі ў 1348 годзе.

У пісьмовых крыніцах Гара Крыжоў упершыню ўзгадваецца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

У 1850 годзе у эканоміі шаўляйскіх маёнткаў быў зроблены такі запіс:

«Людзі і сёння лічаць пагорак Юргайчу святыняй. <…> Цяпер на ім знаходзіцца каля 20 крыжоў».Паводле іншых апавяданняў, крыжы на ўзгорку пачалі з’яўляцца пасля таго, як тут былі таемна пахаваныя забітыя царскімі войскамі ўдзельнікі вызваленчага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Фота: siauliurajonas.lt

Разам з тым традыцыя ўсталёўваць крыжы здаўна існавала на землях Вялікага Княства Літоўскага. Літоўская хроніка сведчыць, што гэты звычай быў распаўсюджаны ўжо на пачатку XVI стагоддзя.

Усталяаванне крыжоў і іх ушанаванне — гэта выраз шчырай веры простага народа. Іх усталёўвалі ў памяць пра важныя падзеі ў жыцці людзей, супольнасцяў і ўсяго народа.

Ставячы крыжы, людзі даручалі Богу свае цярпенні і надзеі.

Пад канец ХІХ стагоддзя на Гары Крыжоў з’явілася Кальварыя з чатырнаццацю прыпынкамі крыжовага шляху. Папулярнасць святога месца працягвала расці.

Савецкі вандалізм на Святой гары

Тым не менш пасля Другой сусветнай вайны, калі тэрыторыя краіны знаходзілася ў складзе савецкай імперыі зла, бязбожныя камуністычныя ўлады аб’явілі сапраўдную вайну святыні.

У красавіку 1961 года з выкарыстаннем бульдозераў і трактараў мясцовага калгасу савецкія ўлады распачалі знос крыжоў. Драўляныя крыжы спальвалі на месцы, каменныя і бетонныя выкарыстоўвалі для іншых мэтаў або проста закопвалі ў зямлю, а металічныя здавалі ў металалом.

На гэтае святатцтва людзі адказалі тым, што па начах працягвалі ўсталёўваць крыжы. Іх не палохалі штрафы, зняволенне і іншыя формы рэпрэсій.

Шмат разоў савецкія ўлады рабілі беспаспяховыя спробы знішчыць Гару Крыжоў і ўлетку 1976 года нават зрылі частку пагорка. Апошні акт савецкага вандалізму быў учынены тут у 1985 годзе.

Падзяка Папы за сведчанне веры

7 верасня 1993 года папа Ян Павел ІІ наведаў Гару Крыжоў. У пабудаванай тут капліцы ён цэлебраваў святую Імшу, у якой узялі ўдзел больш за сто тысяч вернікаў.

Фота: ELTA

Праз год пасля сваёй пілігрымкі ў Літву Святы Айцец падараваў літоўскаму народу фігуру Укрыжаванага Хрыста ў натуральную велічыню, выкананую італьянскім скульптарам Энрыко Манфрыні. Гэтая фігура была прымацавана да мясцовага дубовага крыжа вышынёй каля чатырох метраў. На п’едэстале Укрыжавання на літоўскай і англійскай мовах напісаны словы святога Яна Паўла ІІ:

«Дзякуй вам, літоўцы, за гэтую Гару Крыжоў, якая сведчыць пра вялікую пабожнасць жыхароў гэтай краіны перад народамі Еўропы і ўсяго свету».

У свята Узвышэння Святога Крыжа ўсім нам варта ўзгадаць пра тое, якою вялікаю пашанаю павінен быць аточаны Святы Крыж — знак мукі і смерці Хрыста, што стаў знакам збаўлення і сапраўднай свабоды: свабоды ад зла.

Абноўлена 14.09.2019 12:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця