18 жніўня ў касцёле святога Андрэя, апостала, у Нарачы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узнагародзіў аўтараў і героеў відэаролікаў, якія былі прадстаўлены на конкурс «Гісторыя нарачанскай парафіі вачыма вернікаў».
Незвычайны конкурс праводзіўся з нагоды 585-годдзя пабудовы ў Кабыльніку (сёння — вёска Нарач) першага драўлянага касцёла і 115-годдзя кансэкрацыі цяперашняй нарачанскай святыні.
Перш за ўсе мэтай конкурсу было захаваць успаміны старэйшых вернікаў, звязаныя з нарачанскай парафіяй, і перадаць іх маладому пакаленню. Таксама гэта стала добрай нагодай наведаць нашых дарагіх бабуль і паразмаўляць з імі. І гэта аказалася так цікава!
Сем гераінь распавялі перад камерай пра тое, што на ўсё жыццё захавала памяць.
Яны падзяліліся сваімі ўспамінамі з дзяцінства і маладосці. Сённяшнія юнакі і дзяўчаты даведаліся, як раней у іх парафіі адбываліся Эўхарыстычныя працэсіі, пілігрымкі і саракагадзіннае набажэнства.
З болем старэйшыя жанчыны ўспаміналі цяжкія гады пераследу веры; распавядалі пра тое, як не дазвалялі хадзіць у касцёл, як у парафіі не было святара і як, не шкадуючы сябе, яны збераглі сваю святыню ад знішчэння.
Падчас урачыстай святой Імшы, якую ў нядзелю цэлебраваў у нарачанскім касцёле Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, нарачанцы дзякавалі Богу за тое, што ніякія варожыя моцы — ні савецкі камунізм, ні гітлераўскі нацызм, — не змаглі знішчыць веру на іх роднай зямлі і што маладое пакаленне нарачанцаў, як і іх продкі, хочуць жыць з Хрыстом і быць вернымі Яго Касцёлу.
Яны прасілі Бога аб тым, каб у нарачанскай парафіі ніколі не перарвалася повязь пакаленняў, якая сёння надзейна трымаецца на веры ў Бога — адзіным, што мае ў жыцці сапраўдную каштоўнасць і сэнс.
Даведацца пра тое, што распавялі нарачанскія бабулі, можна ТУТ>>>