Пошук

19.08.2019 11:26   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Вольга Ражкова, Яна Жалубоўская / Catholic.by

18 жніўня ў парафіі святога Андрэя, апостала, у Нарачы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе падлеткаў: тром хлопцам і тром дзяўчатам.

Візіт арцыпастыра ў нарачанскую каталіцкую супольнасць быў прымеркаваны да фэсту святога Роха, асабліва шанаванага мясцовымі вернікамі заступніка ад хваробаў людзей і жывёлы, а таксама да дзвюх важных дат у гісторыі мясцовай парафіі.

Сёлета спаўняецца 585 гадоў з таго часу, калі ў Кабыльніку (сёння — вёска Нарач) быў пабудаваны першы драўляны касцёл, а 115 гадоў таму тут адбылося асвячэнне цяперашняй мураванай святыні.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, якога нарачанская моладзь прывітала вершам Рыгора Барадуліна, у прамоўленым да вернікаў Божым слове на прыкладзе святога Роха паказаў, наколькі важна навучыцца ў жыцці выбіраць сапраўдныя каштоўнасці.

«Кім для нас, людзей XXI стагоддзя, з’яўляецца святы Рох? Ці толькі ахінутай шматлікімі легендамі асобай з мінулага? Ці толькі традыцыяй ягонага фэсту з кірмашамі?.. Калі так, то гэтага замала.

Сёння мы павінны звярнуць увагу на святога Роха як на чалавека свайго часу з яго выклікамі і адначасова таго, хто стаў вышэй за гэтыя выклікі і не паддаўся ім», — адзначыў арцыбіскуп.

Звярнуўшы увагу на тое, як шмат зла ў свеце чыніцца з-за неўтаймаванай прагавітасці і імкнення да ўзбагачэння, ён дадаў, што святы Рох не прывязваў вялікай увагі да матэрыяльных каштоўнасцяў, а больш клапаціўся пра духоўныя.

«Гэта добры прыклад для сучаснага чалавека. Касцёл клапоціцца пра сацыяльную справядлівасць і хоча, каб чалавек меў адпаведныя ўмовы для годнага жыцця. Аднак імкненне да багацця не можа засланіць дарогі да Бога», — сцвердзіў арцыпастыр.

Ён таксама нагадаў пра тое, наколькі важнай у жыцці хрысціяніна з’яўляецца дзейсная міласэрнасць, пра што часта гаворыць папа Францішак.

«Цнота міласэрнасці, якую гераічна практыкаваў святы Рох, стала яго дарогай да святасці.

Да гэтага нас заклікае гэты святы: з аднаго боку, вельмі далёкі, бо жыў у XIV стагоддзі, а з іншага — вельмі блізкі, бо заўсёды існуе патрэба дапамагаць патрабуючым», — зазначыў іерарх.

Звяртаючыся перадусім да кандыдатаў да канфірмацыі, арцыпастыр звярнуў іх увагу на тое, што святы Рох быў верным сынам Касцёла і гарэў агнём Святога Духа. Ён заклікаў кандыдатаў браць з яго прыклад і пажадаў:

«Прыміце Святога Духа з Яго сямю дарамі. Дазвольце Яму гарэць у вашых сэрцах, як Ён гарэў у сэрцы св. Роха. Не гасіце Яго, каб праз вернасць Евангеллю і вучэнню Касцёла быць сведкамі свайго хрысціянскага паклікання».

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што са словам Нарач у многіх асацыюецца перадусім самае вялікае ў нашай краіне возера, а таксама санаторыі, якія знаходзяцца на яго маляўнічых берагах. Сюды штогод прыязджае вялікая колькасць людзей, каб адпачыць, аднавіць свае сілы і паправіць здароўе.

«Касцёл з’яўляецца духоўным санаторыем, які прапануе лекі ад розных духоўных хваробаў.

Гэтыя лекі — Евангелле, сакрамэнты, дабрачынная праца, а таксама прыклад святых. Таму звяртаемся да цябе, святы Роху, наш апякуне. Выпрасі ў Бога ласку духоўнага аздараўлення ўсім, хто да цябе звяртаецца».

Пасля гэтай кароткай малітвы праз заступніцтва святога Роха арцыбіскуп Кандрусевіч удзяліў шасці падлеткам сакрамэнт канфірмацыі.

Трое хлоцаў і трое дзяўчат у святочным адзенні, з вялікімі крыжамі на грудзях, прынялі з рук арцыпастыра «знак дару Духа Святога», каб, умацаваныя ў веры Божаю ласкаю і малітваю Касцёла, стаць сведкамі міласэрнасці і любові Хрыста ў сучасным свеце. Прыкладам для іх з’яўляюцца святыя, а таксама вернікі старэйшага пакалення, якія перажылі савецкія часы змагання з Касцёлам і рэлігіяй і, нягледзячы на цяжкасці, захавалі ў сваіх сэрцах скарб веры і збераглі для нашчадкаў сваю цудоўную святыню.

Сёння пад чулаю апекаю айцоў кармэлітаў босых і пробашча парафіі айца Бэрнарда Радзіка OCD нарачанскія вернікі з нястомнаю руплівасцю клапоцяцца пра свой касцёл і ўжо завяршаюць правядзенне ў ім ацяплення, каб дом Божы стаў яшчэ больш утульным для людзей, асабліва старэйшых.

Повязь пакаленняў чырвонаю ніткаю праходзіла праз усю цэлебрацыю і асаблівым чынам была адлюстравана ў ахвяраванні дароў. Прадстаўнікі розных пакаленняў — ад найстарэйшых да наймалодшых — прынеслі да алтара незвычайныя дары. Сярод іх — стары малітоўнік, па якім маліліся і вучылі дзяцей катэхізісу бабулі і дзядулі сённяшніх кандыдатаў да канфірмацыі; ружанец, на якім малілася, сабраўшыся разам, уся сям’я; абраз Сэрца Езуса, які вісеў у кожнай каталіцкай хаце і нагадваў, што Бог жыве ў сэрцах людзей; а таксама… стары замок.

Прынесены замок — сімвал пераследу. Такія замкі віселі на дзвярах многіх касцёлаў і цэркваў, пазбаўляючы людзей магчымасці сустракацца з Богам.

Аднак сэрцы людзей нарачанскай зямлі былі заўсёды адчынены для збаўчага дзеяння Божай ласкі, што пацвярджае гісторыя і сучаснасць тутэйшай парафіі.

На заканчэнне цэлебрацыі нарачанская моладзь вершам уласнага сачынення павіншавала арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 30-годдзем яго біскупскага служэння, пасля чаго былі ўручаны ўзнагароды ўдзельнікам парафіяльнага конкурсу відэаролікаў, прысвечаных гісторыі нарачанскай парафіі.

На гэтым тыдні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз наведае касцёл у Нарачы. 22 жніўня, у чацвер, з яго ўдзелам тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць жонкі польскага прэзідэнта Леха Качынскага Марыі, якая нарадзілася на тэрыторыі нарачанскай парафіі і была ахрышчана ў мясцовым касцёле.

 

 

Абноўлена 19.08.2019 13:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа