Пошук


Сёлетнія ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў, што праходзілі ў Браславе 16–17 жніўня, адзначаліся не толькі непаўторнай малітоўнай атмасферай, але і насычанай культурнай праграмай.

У касцёле была размешчана выстава творчых прац 20-га юнацкага пленэру «Браслаўская вясёлка 2019» пад назвай «Востраў таямніц». Яго ўдзельнікі — дзеці, якія займаюцца ў мастацкай студыі «АкварэліК» пад кіраўніцтвам Галіны і Міхаіла Ставіцкіх. Натхненнем гэтага пленэру стала гісторыя вострава Манастыр на возеры Неспіш: менавіта з гэтым месцам звязаны пачатак гісторыі абраза Маці Божай Валадаркі азёраў.

Сам пленэр праходзіў з 6 па 9 жніўня каля месца раскопак, куды ўдзельнікі пленэру былі запрошаны адмыслова. Тэматыка працаў пленэру была падказана як хараством краявідаў Браслаўшчыны — а гэта выявы возера і яго ваколіцаў, — так і фантазіяй аўтараў, напрыклад, выява манаха ці самога кляштара. Дарэчы, Міхаіл Ставіцкі выканаў і макет кляштарнага комплекса на востраве. Рэканструкцыя была здзейснена на падставе як тых дадзеных. якія маюцца ў распараджэнні вучоных, так і паводле ягоных уяўленняў.

Зноў успомніць найбольш значныя і кранальныя моманты каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі азёраў, якая адбылася 10 гадоў таму, дапамагаюць дзве фотавыставы, размешчаныя каля касцёла.

Адна з іх — позірк на ўрачыстасць праз фотааб’ектыў Алены Шалімы.

Паводле адукацыі Алена – радыёінжынер, а фатаграфія стала для яе тым хобі, якое на сённяшні момант з'яўляецца неад’емнай часткай яе жыцця. Алена паходзіць з Мінска, яна праваслаўная. Хараство Браслаўшчыны яна адкрыла для сябе 13 гадоў таму, калі набыла тут лецішча. Як распавядае сама Алена, дзесяць гадоў таму яна прыехала на ўрачыстасць, каб на ўласныя вочы пабачыць тое, пра што неаднаразова чула ад мясцовых жыхароў, а здымкі тады яна рабіла проста для сябе. Адметна, што тэматыка працаў Алены пераважна свецкая, а вось ейныя фотасправаздачы з касцёльных падзей — з тых, якія праходзілі менавіта на Браслаўшчыне.

Для аматараў класічнай музыкі ўвечары 16 жніўня прагучаў арганны канцэрт у выкананні Нэлі Баравік, арганісткі Сафійскага сабора і полацкай парафіі святога Андрэя Баболі.

Сваімі спевамі праслаўляў Бога мясцовы парафіяльны гурт Filii Dei «Дзеці Божыя».

Ён быў створаны зімой гэтага года, аб’яднаўшы ўдзельнікаў двух іншых парафіяльных гуртоў. Узрост яго удзельнікаў — ад 13 да 20 гадоў, гэта школьнікі і студэнты. Падчас выступлення прагучала дванаццаць касцёльных спеваў, якім выступоўцы надалі моладзевае гучанне. Адметна, што аранжыроўкі і выбар рэпертуару — гэта цалкам ініцыятыва саміх маладых музыкаў.

«На рэпетыцыях мы заўседы ўлічвалі меркаванне кожнага ўдзельніка гурта і калектыўна выбіралі, якім будзе гучанне і афарбоўка таго ці іншага спеву», — кажа яго ўдзельніца Яна Піртань.

Уначы адбылася прэм’ера дакументальнага фільма, прысвечанага 20-годдзю заснавання Віцебскай дыяцэзіі, які быў адмыслова створаны да гэтай даты.

Абноўлена 18.08.2019 00:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця