Пошук

03.08.2019 11:02   Тэкст і фота: Святлана Жылевіч – waladarka.by / Catholic.by

1 жніўня ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў адбылося ўрачыстае благаслаўленне ўдзельнікаў археалагічных раскопак на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш. Менавіта з гэтым месцам звязана гісторыя абраза Маці Божай Браслаўскай.

Як адзначаецца на сайце санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў Waladarka.by, гэты цудадзейны абраз называюць таксама Маці Божай Манастырскай, што звязана з паданнем пра яго паходжанне.

У XV ст. на востраве возера Неспіш быў заснаваны праваслаўны манастыр. У першай палове XVII ст. кляштар стаў грэка-каталіцкім і ў ім пасяліліся базыліяне. Тут знаходзіўся асабліва шанаваны вернікамі цудадзейны абраз Маці Божай.

З актаў віленскага архіва вядомы трагічны лёс кляштара базыльянаў: у 1832 годзе пажар знішчыў усе манастырскія пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Паданне кажа, што людзі знайшлі абраз на папялішчы і змясцілі яго ў касцёле ў Браславе.

Аднак паданне не мае гістарычнага пацвярджэння: лёс абраза ў перыяд з часу пажару ў манастыры і да з’яўлення яго ў сценах браслаўскага касцёла дагэтуль застаецца невядомым.

Магчыма, раскопкі, якія распачынаюцца на востраве, пральюць новае святло на гісторыю цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай.

Археалагічнае даследванне арганізуе некамерцыйная арганізацыя «Цэнтр рэгіянальнага развіцця „Браслаў“». Канчатковая мэта энтузіястаў — аднаўленне манастыра з усімі пабудовамі і мастом паміж востравам і мацерыком. Кіраўніком прац згадзіўся быць гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі. Раскопкі будуць праводзіцца з 1 па 15 жніўня, а пасля іх заканчэння ў Браславе распачнуцца ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў.

На пачатку археалагічнага даследвання адбылася сустрэча і лекцыя па гісторыі манастыра, які знаходзіўся на востраве. Для валанцёраў і ўсіх зацікаўленых яе правёў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіву Дзяніс Лісейчыкаў.

Даследчык, між іншым, паведаміў, што гравюра з выявай абраза Маці Божай Манастырскай датуецца 30-і – 40-і гадамі XVIII ст. Пашырэнню культу святыні спрыяў браслаўскі архімандрыт Геранім Нерэзій, які ў 1774 г. у друкарні віленскіх базыльянаў выдаў кнігу гамілій пра Божую Маці, прамоўленых у сценах манастыра.

На сустрэчы прысутнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Яны пажадалі навукоўцам і валанцёрам плённай працы на карысць Браслаўшчыны і ўсёй Беларусі.

«Сёння вы распачынаеце сваю працу тут, у святым, абраным Богам месцы. Ваша праца будзе карыснай і каштоўнай, а прыкладзены высілак не стане дарэмным.

Таму сёння папросім Бога аб натхненні ў вашай працы, каб усё адбывалася на духоўную карысць нашага грамадства», — сказаў іерарх і пасля малітвы праз заступніцтва Багародзіцы ўдзяліў усім прысутным благаслаўленне.

Абноўлена 04.08.2019 12:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця