Пошук

26.07.2019 16:44   Тэкст: Кс. Кірыл Бардонаў / Фота: Дар’я Іваноўская, Кс. Кірыл Бардонаў / Catholic.by

Святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, 25 ліпеня ў Браславе завяршыліся Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Гэтая сустрэча праходзіла з 22 па 25 ліпеня, у ёй прыняло ўдзел больш за 100 чалавек.

Па традыцыі Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі адбываюцца пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў, якім апякуюцца ксяндзы сальватарыяне. Сустрэча была арганізавана душпастырствам моладзі Віцебскай дыяцэзіі, якім кіруе кс. Алег Хмылко.

Тэма і змест сустрэчы канцэнтраваліся вакол паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі папы Францішка Christus Vivit («Хрыстус жыве»), напісанай у форме ліста да моладзі.

Канферэнцыі падчас своеасаблівага форуму маладых католікаў былі прысвечаны тэмам, закранутым у папскім дакуменце: «Бог, які з’яўляецца любоўю», «Хрыстус збаўляе цябе», «Езус жыве».

Пры падтрымцы фонду «Адкрытыя сэрцы» ў браслаўскім санктуарыі была арганізава выстава «Два шляхі», якая заахвочвае да жыцця ў дашлюбнай чысціні і аргументуе каталіцкі погляд на іншыя тэмы, звязаныя з гэтым аспектам жыцця чалавека. Гэтая тэма ўзнімалася таксама супрацоўнікамі фонду падчас круглых сталоў. Адзін з круглых сталоў, праведзены блогерам Асяй Паплаўскай, быў прысвечаны этыцы ў сацыяльных сетках.

Моладзь мела магчымасць задаць пытанні біскупу Алегу Буткевічу, які адказваў на іх у памяшканні касцёла.

Гэтая размова з іерархам была арганізавана падобна як «Дыялог з мітрапалітам», які адбыўся 7 лютага ў мінскай архікатэдры.

У праграме Дзён моладзі быў таксама канцэрт-малітва гурта Talitha Kum з Віцебска на пляжы возера Дрывяты.

На завяршэнне сустрэчы біскуп Алег Буткевіч падарыў кожнаму ўдзельніку беларускі пераклад моладзевага катэхізіса Youcat.

Абноўлена 26.07.2019 18:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.