Пошук


7 лютага ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла сустрэча моладзі з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам «Дыялог з мітрапалітам».

Сустрэча распачалася святой Імшой.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу, што галоўнай задачай Касцёла ва ўсе часы была перадача Добрай Навіны пра здзейсненае Хрыстом збаўленне, ці евангелізацыя.

Па словах іерарха, высылаючы апосталаў на гэтую місію, Езус «прапануе мадэль ідэальнага місіянера, які не прыходзіць з багаццем, атрыбутамі ўлады і прывілеяў».

Таксама «місіянер не прымусіць іншых слухаць яго абвяшчэння, пакуль сам не стане сведкам таго, чаму вучыць». «Без сведчання словы пустыя, а сведчанне без слоў можа быць няправільна зразуметым», — дадаў арцыбіскуп.

Як заўважыў іерарх, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня, яно паказвае, што Езус пасылае вучняў, каб падзяліцца з імі сваёй працай.

«Мы і сёння патрэбныя Езусу, каб працягваць гэтую працу. Мы павінны быць Яго рукамі, нагамі, вачыма, вушамі, голасам. Ён хоча дзейнічаць у нас і праз нас», — адзначыў ён.

Гэта, дадаў іерарх, добра разумеў апостал Павел, які бачыць Касцёл як Містычнае Цела Хрыста. «Касцёл не зможа функцыянаваць у паўнаце, пакуль кожны з нас не будзе належным чынам выконваць сваю функцыю, — падкрэсліў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — У Касцёле няма вернікаў “другога класа”. Кожны з нас з’яўляецца жывым сябрам Містычнага Цела Хрыста, Які адорвае сваёй ласкай для паспяховай місіі ў свеце».

Арцыбіскуп заклікаў прысутных быць сапраўднымі вучнямі Хрыста, Яго місіянерамі, каб паспяхова абвяшчаць Евангелле.

Пасля св. Імшы адбылася сустрэча, у якой бралі ўдзел некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат. Як заўважыў напачатку кс. Кірыл Бардонаў, адказны за моладзевае душпастырства FIDES, моладзь даслала арцыбіскупы вельмі шмат пытанняў, што, па словах святара, з аднаго боку, здзіўляе, а з другога — радуе.

Усяго за паўтары гадзіны сустрэчы арцыбіскуп Кандрусевіч паспеў адказаць на трыццаць загадзя дасланых пытанняў і яшчэ на адно, зададзенае непасрэдна адным з удзельнікаў сустрэчы. У дыялогу моладзі з Мітрапалітам закраналіся самыя розныя тэмы: ад асабістых да глабальных спраў паўсюднага Касцёла.

Дыялог атрымаўся прамым і шчырым: пытанні задаваліся без цэнзуры, акрамя неадэкватных. Некаторыя з іх былі даволі вострымі.

Першае пытанне задало агульны тон сустрэчы: «Як можна набліжацца да Хрыста, жывучы ў сучасным свеце?» Адказваючы на яго, арцыбіскуп зазаначыў, што чалавек у сучасным свеце, асабліва малады чалавек, сутыкаецца са мноствам спакусаў: «Ён жадае быць і модным, і папулярным, скончыць прэстыжны універсітэт, зрабіць кар’еру… Бывае, што з-за гэтага яму не хапае часу на тое, каб разабрацца ў сабе, каб навучыцца адрозніваць сапраўдныя маральныя каштоўнасці ад антымаральных, якія так шырока сёння прапагандуюцца ў Інтэрнэце, у СМІ; зразумець сапраўдную мэту свайго жыцця. <…>

Варта памятаць, што гэтае часовае, „віртуальнае“ шчасце калісьці завяршыцца, лопне, як мыльная бурбалка, і нічога не застанецца. Таму трэба ў цэнтр свайго жыцця паставіць Езуса, трэба даць Яму дакрануцца да нас».

На пытанні адносна моўнай сітуацыі ў Касцёле на Беларусі старшыня епіскапату запэўніў у сваёй адкрытасці на любыя прапановы вернікаў, у тым ліку якія датычацца больш шырокага выкарыстання рускай мовы ў евангелізацыйных і катэхетычных мэтах.

Адказваючы на пытанне адносна прыярытэтаў моладзевага душпастырства, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч распавёў пра тое, пра што ішла гаворка на Сінодзе біскупаў, прысвечаным моладзі, у якім ён браў удзел у кастрычніку мінулага года.

«Каб вызначыцца з прыярытэтамі моладзевага душпастырства, біскупы павінны слухаць моладзь. Гэта няспынны дыялог, які адбываецца таксама і на нашай сённяшняй сустрэчы», — адзначыў іерарх.

Шэраг пытанняў моладзі датычыўся далейшага развіцця ў Беларусі каталіцкай адукацыі, каталіцкіх СМІ і кансэкраванага жыцця. Адказваючы на іх, арцыбіскуп як стрымліваючыя фактары гэтых працэсаў акрэсліў дзяржаўнае заканадаўства, якое забараняе замежным святарам і законнікам несці служэнне ў нашай краіне, а таксама «кадравы голад» — недахоп спецыялістаў і спад пакліканняў, што моцна адчуваецца сёння ў мясцовым Касцёле.

У сферы літургіі моладзь цікавіла магчымасць удзелу ў св. Імшы на лацінскай мове «у традыцыйнай форме», а таксама магчымасць служэння пры алтары дзяўчат. У адказ арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што сёння ні адно, ані другое не з’яўляецца сапраўднай душпастырскай патрэбай.

Апошняе пытанне, зададзенае адным з удзельнікам сустрэчы, студэнтам, датычылася таго, як можна даказаць існаванне Бога сваім няверуючым аднакурснікам.

У адказ на яго арцыбіскуп падкрэсліў, што ўся гісторыя хрысціянства, а асабліва гісторыя Касцёла на Беларусі, з’яўляецца доказам таго, што Бог існуе.

«Усе спробы знішчыць веру — а ў гісторыі іх было нямала, — скончыліся нічым. <...> Навука не дае адказу на паходжанне жыцця: хоць і знойдзена так званая „часцінка Богу“, або базон Хігса, аднак няма адказу, адкуль яна ўзялася. Адказ на гэта дае толькі вера, рэлігія, Касцёл».

Плануецца, што падобныя сустрэчы моладзі з іерархамі будуць працягвацца і ў далейшым і будуць прысвечаны канкрэтным тэмам.

З поўным пералікам пытанняў можна азнаёміцца тут. Запіс адказаў на ўсе пытанні можна будзе паслухаць у эфіры «Радыё Марыя» ў панядзелак 11 студзеня ў 11.00 і 21.00.

Абноўлена 18.07.2019 13:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.