21 ліпеня ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску завяршыўся арганны фестываль духоўнай музыкі Mater Misericordiæ, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтка.
Назва фестывалю — дэвіз біскупскага служэння першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала, які перакладаецца з лаціны «Маці Міласэрнасці».
Ідэя фестывалю ўзнікла год таму, калі ў пінскай катэдры быў распачаты капітальны рамонт другога па велічыні гістарычнага аргана Беларусі, на якім калісьці граў сам кардынал Свёнтэк.
Тады ўзнікла прапанова ўключыць гэты ўнікальны інструмент у культурнае жыццё горада і краіны, сабраць на адну пляцоўку музыкантаў, экспертаў і аматараў арганнай музыкі як з Беларусі, так і з замежжа.
Фестываль быў задуманы як пляцоўка для сумоўя і прастора для фарміравання сувязяў паміж арганістамі, арганнымі майстрамі і навучальнымі ўстановамі, а таксама магчымасць праявіць сябе для пачынаючых музыкантаў.
Дзякуючы намаганням Казіміра Свёнтка — першага кардынала ў сучаснай гісторыі Беларусі, шматгадовага пробашча пінскай катэдры — і гэтая святыня, і гістарычны арган былі выратаваныя ў часы атэістычнага пераследу Касцёла.
Урачыстае закрыццё фестывалю прайшло ў дзень гадавіны адыходу кардынала Свёнтка ў вечнасць як знак удзячнай памяці гэтаму вялікаму пастыру за духоўнае адраджэнне на нашай зямлі.
Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў прамове з нагоды заканчэння фестывалю і гадавіны адыходу кардынала ў вечнасць сказаў:
«Кардынал не толькі слухаў арганную музыку. Ён вучыў вернікаў пад гукі аргана ўзносіць спеў Усявышняму з розных нагодаў: падзякі, праслаўлення, і перапрашэння. Пад гукі аргана супольнасць вернікаў вучылася быць адной сфармаванай групай, вучылася ісці да неба дарогаю святасці і дасканаласці».
«Казімір Свёнтэк з пашанай ставіўся да ўсяго, што напаўняе сакральную прастору святыні. Ён своечасова рамантаваў арган, клапаціўся пра захаванне фрэсак, пра пазалоту алтароў, рэстаўрацыю абразоў, літургічнага начыння і адзення. (…) Сам фізічна працаваў падчас рамонтаў. На працягу доўгіх гадоў служэння ў гэтай святыні ў якасці пробашча, а потым арцыбіскупа і адміністратара дыяцэзіі клапаціўся аб тым, каб катэдра выглядала адпаведна свайму высокаму статусу», — дадаў біскуп.
«Шлях, вызначаны Казімірам Свёнткам, чакае, каб па ім пайшлі сучасныя юнакі з нашых сем’яў, з нашага асяроддзя. Каб працягнулі яго справу, нялёгкі, але слаўны шлях кардынала.
Асобы, якая ў гісторыі горада і Палескага рэгіёна нашай краіны пакінула трывалы след», — дадаў пастыр Пінскай дыяцэзіі.
«Няхай арганная музыка, якую мы пачулі ў касцёле на працягу фестывалю ў выкананні арганістаў з розных краін, прычыніцца да таго, каб наша штодзённае жыцце таксама напаўнялася прыгажосцю, — пажадаў біскуп. — А яна ў сваю чаргу выражаецца ў творчым падыходам да абавязкаў, спагадзе да церпячых, дапамозе патрабуючым, добрай радзе для тых, хто заблукаў, і тых, хто стаіць на раздарожжы жыццёвага шляху».
«Няхай хрысціянская культура вызначае нашу штодзённасць. Выконваючы звычайныя абавязкі ў сям’і і грамадстве, будзьма носьбітамі той духоўнасці, да якой мы дакрануліся і якую мы адчулі падчас канцэртаў у гэтай святыні, — заклікаў біскуп. —
Нам усім трэба не баяцца ахвярна працаваць дзеля дабра і прыгажосці, працаваць з Богам і для Яго хвалы».