Ужо трэці тыдзень у Пінску — сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі — на гістарычным аргане катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі працягваецца арганны фестываль духоўнай музыкі Mater Misericordiæ, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтка.
Назва фестывалю — дэвіз біскупскага служэння першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала, які перакладаецца з лаціны «Маці Міласэрнасці».
Ідэя фестывалю ўзнікла год таму, калі ў пінскай катэдры быў распачаты капітальны рамонт другога па велічыні гістарычнага аргана Беларусі, на якім калісьці граў сам кардынал Свёнтэк.
Тады ўзнікла прапанова ўключыць гэты ўнікальны інструмент у культурнае жыццё горада і краіны, сабраць на адну пляцоўку музыкантаў, экспертаў і аматараў арганнай музыкі як з Беларусі, так і з замежжа.
Рамонт аргана
Арган у пінскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца найбольшым дзеючым гістарычным арганам у краіне. Па памерах ён саступае толькі гродзенскаму катэдральнаму аргану, які, аднак, знаходзіцца ў такім тэхнічным стане, што пакуль не прыдатны для выканання складаных твораў.
Пінскі арган мае 28 рэгістраў, 2 мануалы і педаль.
Арган быў пабудаваны ў барочным стылі ў 1836 годзе знакамітым майстрам Альбертам Градзіцкім.
У 1936 годзе арган перажыў яшчэ адзін капітальны рамонт дзякуючы старанням Вацлава Бярнацкага, які захаваў старадаўні барочны корпус і некалькі соцень старых труб.
Навуковым кіраўніком сучаснага рамонта аргана (2018–2019) стаў даследчык, аўтар-укладальнік унікальнай энцыклапедыі «Арганы Беларусі», арганіст Аляксандр Бурдзялёў. Актыўны ўдзел у рамонтных працах на аргане браў пробашч пінскай катэдры кс. Павел Врубель і парафіяне.
Арган быў ачышчаны ад сабранага за шмат гадоў пылу і фрагментаў тынку, былі запаяныя пашкоджаныя трубы, пераклеены мяхі, адрамантаваны механізмы арганаў. Намаганнямі майстроў была адрэстаўраваная педаль.
Упершыню ў Беларусі была зроблена музеефікацыя старадаўняй арганнай кафедры: дошкі, пад якімі быў схаваны фрагмент кафедры 1836 г., былі адкрыты і заменены аргшклом, на якім цяпер размешчана апісанне, падрабязная гісторыя аргана і яго гістарычныя фатаздымкі. Дзякуючы адмысловай музейнай выставе і велічнасці пінскі арган становіцца важным сакральным і гістарычна-турыстычным аб’ектам горада.
Багаты, насычаны і адначасова далікатны гук адноўленага аргана мякка і велічна напаўняе сотнямі галасоў прастору пінскай базылікі: унікальнай святыні XVI–XVIII ст. з залачонымі алтарамі з дрэва і мармуру, з фігурамі, абразамі і фрэскамі.
Падчас канцэртаў духоўнай музыкі святыня акунае слухачоў і гледачоў у непаўторную атмасферу спаткання духоўнасці і мастацтва.
Фестываль
Адрамантаваны арган арганізатары фестывалю імкнуліся максімальна ўключыць у культурнае жыццё горада і краіны. Фестываль быў задуманы як пляцоўка для сумоўя і прастора для фарміравання сувязяў паміж арганістамі, арганнымі майстрамі і навучальнымі ўстановамі. Гэта таксама магчымасць праявіць сябе для пачынаючых музыкаў і арганістаў. Спецыфіка сакральнага месца і гістарычнага аргана не разлічана на суправаджэнне дыдактычнага працэсу, таму дабрачынны фонд «Добра» прыняў рашэнне падарыць электронныя арганы італьянскай фірмы «Viscount» дзвюм навучальным установам Пінска: Дзіцячай школе мастацтваў №1 і Пінскаму дзяржаўнаму каледжу мастацтваў.
Пасля гэтая дабрачынная акцыя пашырылася да бясплатнай перадачы адразу 5-і інструментаў: такія ж арганы былі перададзены тром навучальным установам Мінска: Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мінскаму дзяржаўнаму каледжу імя І. Глінкі і Рэспубліканскай гімназіі-каледжу.
Арганны фестываль прысвечаны памяці Казіміра Свёнтка — першага кардынала ў сучаснай гісторыі Беларусі, шматгадовага пробашча пінскай катэдры. Дзякуючы яго намаганням і велічная святыня, і гістарычны арган былі выратаваныя ў часы атэістычных пераследаў Касцёла.
Фестываль быў арганізаваны дзякуючы намаганням Пінскай дыяцэзіі, катэдральнай парафіі ў Пінску і Пінскага гарвыканкама пад мастацкім кіраўніцтвам Аляксандра Бурдзялёва.
На запрашэнне адгукнуліся больш за 30 знакамітых музыкантаў і творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны. Усяго на фестывалі на працягу 9 тыдняў прагучыць 29 канцэртаў!
Свае першыя выступы з дапамогай унікальнага катэдральнага інструмента ў Пінску правялі вучні дзіцячых музычнычных школ, музычнага каледжа, а таксама выпускнікі дзяржаўнай акадэміі музыкі. Некаторыя маладыя беларускія арганісты выканалі свой першы сольны канцэрт на гістарычным аргане.
Асабліва горача падчас урачыстага адкрыцця фестывалю ўсе сабраныя віталі маэстра Канстанціна Валастнова — аднаго з найбольш знакамітых у свеце і запатрабаваных арганістаў з Расіі, пераможцу прэстыжных міжнародных конкурсаў, які запісаў 15 альбомаў і тройчы выканаў у канцэртным цыкле ўсе творы Баха. Яго выступ, які адзначаўся філіграннай тэхнікай, інтэлектуальнасцю грання, бездакорным густам і выкананнем вельмі складанай праграмы, стаў сапраўднай падзеяй для ўсіх аматараў арганнага мастацтва.
У праграму фестывалю ўключаны самыя розныя фарматы канцэртаў: сумяшчэнне аргана з флейтай, баянам, скрыпкай, аркестрам, унікальнае сумяшчэнне аргана з тэрменвоксам.
На завяршэнне фестывалю 21 ліпеня старадаўні арган яшчэ раз прагучыць як акампаніруючы, а не сольны інструмент: у пінскай катэдры загучыць хор, які выканае адмысловы рэквіем на ўспамін кардынала Казіміра Свёнтка ў чарговую гадавіну яго смерці.
Сапраўдным падарункам для горада і ўсіх зацікаўленых фестывалем з’яўляюцца выступы сусветна вядомых майстроў арганнай музыкі. Расклад канцэртаў, а таксама інфармацыю пра выканаўцаў можна знайсці тут: argany.by, facebook.com, vk.com.
На гэтым тыдні на фестывалі выступяць заслужаныя артысты Беларусі і Расіі. Дзякуючы спонсарскай падтрымцы фестывалю канцэрты бясплатныя для ўсіх слухачоў.
Больш за палову канцэртаў яшчэ перад намі. Важным тэхнічным вынаходніцтвам стала відэатрансляцыя ў рэальным часе з камеры, якая размешчаная на хорах пінскай катэдры, дзякуючы якой усе сабраныя могуць не толькі слухаць чароўную музыку старадаўняга велічнага аргана, але і назіраць за ігрой выканаўцы.
Урачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 21 ліпеня, у дзень гадавіны адыходу ў вечнасць кардынала Казіміра Свёнтка, як знак удзячнай памяці гэтаму вялікаму пастыру за духоўнае адраджэнне на нашай зямлі.