Пошук

01.07.2019 15:42   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У нядзелю 30 чэрвеня Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі завітаў у Рудзенск, каб у нядаўна асвячаным тут у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла касцёле ўдзяліць групе мясцовых католікаў сакрамэнт канфірмацыі.

Вернікі рудзенскай парафіі на чале са сваім пробашчам кс. Генрыхам Кучынскім сустрэлі шаноўнага госця ўжо не ў вагончыку, дзе калісьці пачыналі маліцца, а пры браме сваёй новай прыгожай святыні.

Вітаючы іерарха з традыцыйным караваем, рудзенскі душпастыр сказаў:

«Дзякуючы Божай апецы і добрым людзям, адданай працы парафіянаў і ахвяраванням, якія збіралі ўсёй талакой, мы маем магчымасць упершыню ў гісторыі гэтай новай святыні перажыць тут сакрамэнт канфірмацыі».

На пачатак святой Імшы дзеці і моладзь парафіі, якіх вучаць рэлігіі катэхеткі Ала Кучынская-Карнякова і Сняжана Буцук, выканалі спеў на польскай мове і танец, які выклікаў у прысутных радасць і святочны настрой.

Адзначыўшы добрую падрыхтоўку парафіі да ўрачыстасці, а асаблівым чынам дзяцей і моладзі з Рудзенска і Мар’інай Горкі, якія з гэтай нагоды мелі строі Божых ягнятак, выкананыя Янінай Шэйгерэвіч, біскуп Юрый Касабуцкі, дзякуючы за прывітанне, прыгадаў словы старой песні: «Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались».

Звяртаючыся да сабраных у святыні вернікаў, іерарх зазначыў:

«Мы сабраліся, каб разам святкаваць урачыстасць двух вялікіх святых — Пятра і Паўла. Гэтых двух абсалютна розных людзей, якія былі цалкам непадобныя адзін да аднаго, мелі розныя характары, па-іншаму сябе паводзілі, належалі да розных слаёў грамадства, злучыла вера ў Хрыста.

Гэтая вера прывяла іх, як кажа традыцыя, у адзін дзень да неабходнасці прынесці сваё жыццё ў ахвяру. Хоць і загінулі яны па-рознаму: Пятра ўкрыжавалі на перагорнутым крыжы, а Паўлу як рымскаму грамадзяніну адсеклі галаву, аднак кожны з іх аддаў сваё жыццё за Хрыста.

І Пётр, і Павел перажылі навяртанне і прыйшлі да Хрыста — кожны па-свойму. Іх аб’ядноўвае адна вера, бо ў імя гэтай веры яны ішлі і абвяшчалі Божае слова там, куды іх скіроўваў Дух Святы».

Звяртаючыся асаблівым чынам да кандыдатаў да канфірмацыі, біскуп звярнуў увагу на тое, што назва гэтага сакрамэнту паходзіць ад лацінскага слова, якое азначае «ўмацаванне».

«Канфірмацыя — гэта сакрамэнт умацавання веры дарамі Духа Святога. Апосталы, калі атрымалі гэтыя дары, выйшлі да іншых людзей і адважна абвяшчалі ім Добрую Вестку Евангелля.

Я хацеў бы пажадаць, каб тыя, хто прымае гэты сакрамэнт, адчулі ў сабе гэтую ласку, што Дух Святы нас напаўняе. Ён дакранаецца да кожнага, Ён дае нам сёння хрысціянскую сталасць, Ён умацоўвае нашую веру», — сцвердзіў іерарх і нагадаў пра неабходнасць супрацоўнічаць з Духам Святым, каб з Яго дапамогаю сапраўды дасягнуць збаўлення.

Пасля святой Імшы да прысутных са словам падзякі за памяць і захаванне сваіх хрысціянскіх каранёў звярнуўся ганаровы госць парафіі Марцін Вайцяхоўскі, першы дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі. Урачыстасць працягнула выступленне хору «Паланэз» пад кіраўніцтвам Наталлі Крывашэевай і канцэртмайстра Святланай Хмяльковай. Прысутных парадаваў сваім спевам таксама парафіяльны хор, у якім сваімі звонкімі галасамі праслаўляюць Пана Бога дзеці і моладзь парафіі.

Са словамі сведчання ўласнай веры і заахвочваннем захоўваць яе як найдаражэйшы скарб звярнулася да прысутных найстарэйшая парафіянка Яніна Сюкалава, якая, нягледзячы на свой паважаны 92-гадовы ўзрост, кожны дзень стараецца быць на святой Імшы.

Завяршылася святкаванне прыемным сюрпрызам для дзяцей, кожнаму з якіх біскуп Юрый Касабуцкі ад імя парафіі ўручыў невялічкі падарунак.

Але найбольшым падарункам для кожнага з прысутных стаў Дух Святы, дары якога атрымалі вернікі падчас першага сакрамэнту канфірмацыі ў новазбудаванай святыні.

Абноўлена 01.07.2019 17:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.