Пошук

30.06.2020 13:20   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота catholicmissourianonline.com

Раніцай 29 чэрвеня Папа Францішак узначаліў у ватыканскай базыліцы цэлебрацыю святой Імшы ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, апосталаў.

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, у гаміліі Святы Айцец вылучыў два ключавыя словы, якія найлепшым чынам характарызуюць гэтае ўрачыстае набажэнства: адзінства і прароцтва.

Касцёл у адзіным свяце праслаўляе двух зусім розных людзей: Пётр быў простым рыбаком, і яго місія датычылася юдэяў; Павел — адукаваны фарысей — быў накіраваны да язычнікаў.

Калі іх шляхі перасякліся, яны ажыўлена спрачаліся, але пры гэтым адчувалі сябе братамі. Іх блізкасць сыходзіла ад Пана, які не сказаў нам «падабацца» адзін аднаму, а мець узаемную любоў. Менавіта Хрыстус аб'ядноўвае вельмі розных людзей, падкрэсліў Папа Францішак.

У тыя часы малады Касцёл перажываў востры крызіс: лютаваў жорсткі пераслед з боку караля Ірада, апостал Якуб быў пакараны смерцю, апостал Пётр збег. Супольнасць хрысціянаў задавалася абезгалоўленай, але ніхто не бег: усе маліліся разам. Менавіта з малітвы вучні Пана чэрпалі мужнасць і з'яднанасць, якая мацнейшая за любую пагрозу.

«Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога», — гаворыцца ў першым літургічным чытанні (Дз 12, 5). Адзінства, як адзначыў Папа, — гэта прынцып, які пачынае дзейнічаць дзякуючы малітве, бо малітва дазваляе Святому Духу ўмешвацца ў наша жыццё, адкрываць нас да надзеі, скарачаць адлегласці, трымаць нас разам пасярод стратаў.

У тыя драматычныя моманты ніхто не скардзіўся на зло, на пераслед, на караля Ірада: нараканні нічога не могуць змяніць.

Хрысціяне нікога не абвінавачвалі, а ўзносілі малітвы; яны не гаварылі за спіной, а звярталіся да Бога, падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў задаць сабе пытанні: «Ці захоўваем мы наша адзінства з дапамогай малітвы? Ці молімся мы адзін за аднаго?» Ён дадаў, што Пан чакае нашай малітвы за тых, хто не памятае пра нас, хто зачыніў перад намі дзверы, каму вельмі цяжка прабачыць. Толькі малітва аслабляе кайданы, толькі малітва пракладвае шлях да адзінства.

Папа нагадаў, што ў гэты святочны дзень здзяйсняецца абрад благаслаўлення паліяў для новых Мітрапалітаў — знак адзінства паміж вернікамі і пастырам. Таксама ў гэты дзень, згодна з цудоўнай традыцыяй, Каталіцкі Касцёл асаблівым чынам яднаецца з Сусветным Канстанцінопальскім Патрыярхатам. «Пётр і Андрэй былі роднымі братамі, і мы, па магчымасці, абменьваемся братэрскімі візітамі ў іх святы — не столькі з ветлівасці, колькі для сумеснага шляху да мэты, якую нам указвае Пан: да поўнага адзінства», — дадаў Пантыфік.

Другое ключавое слова гэтай урачыстасці, як адзначыў Святы Айцец, — прароцтва. Пан пытаецца ў Пятра і Паўла пра іх адносіны да Яго: для Настаўніка важнае не агульнае меркаванне, а іх персанальнае рашэнне ісці да Ім. Сустрэча з Езусам радыкальна змяняе жыццё гэтых апосталаў. Яна вучыць іх пакоры і дазваляе пачуць прароцкія словы Пана пра тое, што Пётр стане каменем, на якім будзе пабудаваны Касцёл Хрыста (пар. Мц 16, 18), а Павел — выбраным начыннем, каб «занясці імя Езуса народам, каралям і сынам Ізраэля» (Дз 9, 15).

Прароцтва, як заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла, нараджаецца тады, калі мы дазваляем Богу ўваходзіць у нашае жыццё і не разлічваем толькі на саміх сябе.

Калі Евангелле пазбаўляе нам самадастатковасці, нараджаецца прароцтва. Так, Пётр вызнае Езуса Хрыста Сынам Бога жывога (пар. Мц 16, 16), а Павел прадказвае канец свайго зямнога жыцця (гл. 2 Цім 4, 8).

Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл мае асаблівую патрэбу ў сапраўдным прароцтве: не ў словах, якія абяцаюць немагчымае, а ў сведках таго, што Евангелле сапраўды магчымае. «Патрэбныя не цудоўныя з'явы, а жыццё, якое паказвае цуд Божай любові; не ўлада, а паслядоўнасць; не словы, а малітва; не маніфесты, а служэнне; не тэорыя, а сведчанне. Нам не абавязкова быць багатымі, але абавязкова любіць бедных; не зарабляць для сябе, а растрачваць сябе для іншых. Нам патрэбная не згода гэтага свету, а радасць будучага свету; не эфектыўныя пастырскія праекты, а пастыры, якія горача любяць Бога і аддаюць жыццё», — сказаў Пантыфік.

Менавіта любячы Пана, як заўважыў Папа, апосталы Пётр і Павел абвяшчалі Хрыста і ў пакоры аддалі за Яго сваё жыццё: гэта і ёсць прароцтва, якое змяняе ход гісторыі.

Па словах Святога Айца, асаблівае прароцтва Пан падрыхтаваў і для нас.

У апошняй кнізе Святога Пісання Хрыстус абяцае сваім верным сведкам «белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя» (Ап 2, 17). Падобна як Пан перамяніў Сымона ў Пятра, Ён заклікае ўсіх нас зрабіцца жывымі камянямі, з дапамогай якіх можна пабудаваць адноўлены Касцёл і новае чалавецтва.

Як адзначыў Папа, Пан верыць у нас і пытаецца: «Ці хочаш ты быць будаўніком адзінства? Ці хочаш быць прарокам Майго неба на зямлі?» Трэба знайсці ў сабе смеласць і адказаць: «Так, я хачу», — заклікаў на заканчэнне гаміліі пастыр паўсюднага Касцёла.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа