![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_1.jpg)
29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў у гонар гэтых вялікіх апосталаў Хрыста новазбудаваны касцёл у Бешанковічах.
Як паведамляе партал Сatholicnews.by, католікі райцэнтра, размешчанага ў цэнтры Віцебскай вобласці, ужо даўно чакалі гэтай падзеі. Парафія тут была адноўлена амаль два дзесяцігоддзі таму, а з’явілася яна яшчэ ў XVII стагоддзі.
У 1650 годзе Казімір Сапега пабудаваў у Бешанковічах першы касцёл. У тыя часы парафія налічвала больш за тысячу вернікаў.
У 1876 годзе на месцы старога касцёла была пабудавана з дрэва новая вялікая святыня, зачыненая і разбураная ў часы ваяўнічага атэізму савецкімі ўладамі.
Пасля адраджэння ў Бешанковічах каталіцкай супольнасці тут неслі служэнне кс. Казімір Гваздовіч, які быў прызначаны першым пробашчам у сучаснай гісторыі парафіі, кс. Павел Самсонаў і кс. Славамір Самковіч, пры якім былі зробленыя асноўныя будаўнічыя працы. У свой час пробашчам парафіі ў Бешанковічах быў і кс. Алег Буткевіч, цяперашні Віцебскі біскуп.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_28.jpg)
Урачыстасці распачаліся перад уваходам у святыню. Акрамя вернікаў з Бешанковічаў на асвячэнне храма прыехалі госці з Віцебска, Улы, Паставаў, Камаяў, Ваўкалаты і іншых парафій. Перад зачыненымі дзвярыма касцёла ўсе чакалі біскупа Алега Буткевіча.
Калі ўрачыстая працэсія са святарамі і міністрантамі падышла да святыні, вернікі прывіталі іерарха традыцыйным караваем.
Біскуп звярнуўся да прысутных з кароткім словам, у якім адзначыў важнасць гэтай падзеі для Бешанковічаў і для ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі.
Пробашч парафіі кс. Аляксандр Півавар уручыў пастыру Віцебскай дыяцэзіі сімвалічны ключ ад касцёла.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_5.jpg)
Біскуп Алег тройчы ўдарыў ім у дзверы святыні, пасля чаго ўрачыстая працэсія ўвайшла ўсярэдзіну.
Разам з біскупам урачыстую святую Імшу цэлебравалі дванаццаць святароў, якія, як апосталы ў Вячэрніку вакол Хрыста, сталі разам з біскупам вакол алтара.
У прамоўленай гаміліі біскуп Алег Буткевіч найперш падзякаваў усім святарам, якія працавалі ў Бешанковічах і якія так ці інакш прычыніліся да з’яўлення ў райцэнтры новай святыні.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_10.jpg)
Іерарх адзначыў, што Бог вяртае сваю прысутнасць нават там, дзе людзі з Ім змагаліся. Вельмі важна, што ў Бешанковічах пабудаваны новы касцёл, але яшчэ важней тое, што тут адбудавана жывая святыня, якая складаецца з чалавечых сэрцаў.
«Бог не патрабуе нейкага асобнага для сябе месца, — падкрэсліў іерарх, — бо Ён не змесціцца ў гэтых сценах. І гэта не столькі патрэбна Яму, але гэта патрэбна нам».
Пастыр звярнуў увагу на асаблівае значэнне, якое мае ў святыні алтар:
«Алтар — гэта стол Божы, дзе мы прымаем той хлеб, які ўмацоўвае нас на дарозе да неба. Гэта той хлеб, які нас непасрэдна яднае з Богам, з якога мы праз сваё сэрца прымаем Езуса Хрыста; хлеб, праз які ў нашай душы адбудоўваецца Божае валадарства».
Біскуп адзначыў, што менавіта за гэта аддалі сваё жыццё апосталы Пётр і Павел.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_14.jpg)
Акрамя таго, іерарх звярнуў увагу на тое, што кожная святыня нагадвае нам, што мы самі павінны быць святыняй Духа Святога. Біскуп параўнаў прыгожы белы касцёл з буслом, які лічыцца сімвалам Беларусі.
«Бусел, калі ляціць, сваім выглядам нагадвае крыж. А два крылы — гэта дзве хрысціянскія традыцыі: усходняя і заходняя, якія заўсёды суіснавалі на беларускай зямлі.
Гэты сімвал паказвае, што наша вера — адзіная, нягледзячы на людскія падзелы. Хрысціянам нельга варагаваць паміж сабою, а трэба разам шукаць шляхі супрацоўніцтва», — падкрэсліў біскуп Буткевіч.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_12.jpg)
Перад намашчэннем алтара вернікі разам са святарамі памаліліся Літаніяй да ўсіх святых, пасля чаго біскуп намасціў алтар святым алеем — хрызмам. У гэты час пробашч парафіі кс. Аляксандр Півавар намасціў чатыры адмысловыя знакі ў выглядзе крыжоў на сценах касцёла.
Потым на алтар была пастаўленая кадзільніца, у якую біскуп засыпаў духмянае кадзіла, пасля чаго акадзіў алтар і ўсю святыню.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_22.jpg)
Кс. Аляксандр атрымаў з рук біскупа запаленую свечку, ад якой запаліў свечкі перад алтаром, пасля чаго алтар быў засланы белым абрусам і на ім распачалася Эўхарыстыя.
Прыняўшы святую Камунію, усе ўдзельнікі ўрачыстасці праспявалі гімн Te Deum — «Цябе, Бога, праслаўляем».
На заканчэнне Імшы вернікі падзякавалі біскупу за асвячэнне святыні, а пробашчу кс. Аляксандру Півавару — за паспяховае завяршэнне яе будаўніцтва.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_29.jpg)
Пробашч, у сваю чаргу, выказаў падзяку ўсім тым, хто нейкім чынам прычыніўся да будаўніцтва касцёла ў Бешанковічах, а таксама тым вернікам і святарам, якія прысутнічалі ў храме ў гэты святочны і радасны дзень.
Асаблівая падзяка ад пробашча і біскупа была скіравана сёстрам уршулянкам, якія пэўны час працавалі ў Бешанковічах, і асабіста сястры Чаславе Навіцкай USJK, якая прысутнічала на ўрачыстасці.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_31.jpg)
Нарэшце на алтары святыні быў падпісаны ўрачысты акт аб асвячэнні касцёла.
Яго падпісалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пробашч парафіі кс. Аляксандр Півавар, а таксама святары, якія раней служылі ў Бешанковічах і ў гэты дзень прысутнічалі на ўрачыстасці.
![](/3/images/news/2019/07/2019-07-02-bieszankoviczy_34.jpg)