Пошук

01.10.2018 10:45   Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

30 верасня ў Рудзенску (Барысаўскі дэканат) адбылося асвячэнне новапабудаванага касцёла св. апосталаў Пятра і Паўла, якое здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Перад асвячэннем касцёла наймалодшыя рудзенскія парафіяне паказалі сцэнку з рэлігійнымі песнямі і танцамі, пасля чаго распачалася ўрачыстая св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп.

Засяродзіўшыся на прачытаным Евангеллі, у якім Езус заклікае сваіх вучняў радыкальна змагацца з усім тым, што іх спакушае, іерарх падкрэсліў, наколькі важна хрысціяніну навучыцца рабіць у жыцці правільныя выбары, каб не страціць вечнага шчасця. Пры гэтым арцыпастыр зазначыў, што заданне Касцёла — дапамагчы ў гэтым кожнаму верніку праз абвяшчэнне Божага слова, асвячэнне ў сакрамэнтах і ўчынкі міласэрнасці.

«Менавіта для гэтага быў пабудаваны касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла. <…>

Сёння каталіцкая парафія ў Рудзенску пачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі. Касцёльны будынак — гэта не толькі сцены, а месца сустрэчы з Богам, месца духоўнага росту чалавека, месца, дзе ён вучыцца супрацьстаяць злому духу.

Тут будзе абвяшчацца вечна жывое і дзейснае Божае слова, якое мае моц змяніць лёс чалавека, грэшніка прывесці да навяртання, умацаваць веру і надзею. Тут будуць цэлебравацца сакрамэнты — бачныя знакі нябачнай Божай ласкі, якая патрэбная для збаўлення. Тут будуць ажыццяўляцца дабрачынныя акцыі, каб дапамагчы патрабуючым матэрыяльна і духоўна», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, а на заканчэнне гаміліі выказаў сваё шчырае пастырскае пажаданне:

«Няхай касцёл св. апосталаў Пятра і Паўла, які сёння асвячаецца, стане месцам, дзе мы будзем разважаць над нашым жыццём, прызнаваць свае памылкі і імкнуцца іх выпраўляць. Няхай гэты касцёл дапаможа нам стаць Пятрамі нашага часу, каб разам з ім мы казалі: „Да каго ж мы пойдзем: Ты, Езу, маеш словы вечнага жыцця“.

Няхай гэтая святыня дапаможа нам быць сучаснымі Паўламі, якія панясуць Евангелле ў свет, каб у вечнасці Езус мог нам сказаць: „Увайдзі ў радасць вечнага шчасця“».

Пасля асвячэння арцыбіскуп Кандрусевіч перадаў у дар рудзенскаму касцёлу арнат, у якім цэлебраваў Імшу. Гэтае літургічнае адзенне было прывезены з Літвы: у такіх арнатах біскупы і святары канцэлебравалі св. Імшу з папам Францішкам у Каўнасе 23 верасня. Потым іерарх благаславіў і перадаў дзецям падарункі — заплечнікі, пажадаўшы, каб у іх былі толькі добрыя адзнакі. Пасля заканчэння набажэнства ўсіх удзельнікаў пачаставалі смачнай грэчневай кашай.

З Рудзенска арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у суправаджэнні святароў і групы вернікаў скіраваўся ў маёнтак Дукора, дзе адбылося благаслаўленне новапабудаванай капліцы ў гонар Перамянення Пана. У скіраваным да вернікаў слове іерарх падкрэсліў неабходнасць духоўнага перамянення з мэтай змяняць духоўны воблік нашай Бацькаўшчыны.

 

З гісторыі парафіі ў Рудзенску:

Рудзенск — малады горад. Таксама і каталіцкая супольнасць арганізавалася тут нядаўна. Статут парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла ў Рудзенску быў прыняты 27 мая 2007 г. на сходзе мясцовых католікаў, на якім прысутнічала 29 чалавек.

3 чэрвеня 2007 года тагачасны Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка падпісаў і зацвердзіў парафіяльны статут, а 31 студзеня 2008 г. парафія была зарэгістравана дзяржавай.

Напачатку па запрашэнні мясцовых вернікаў іх супольнасцю духоўна апекаваўся кс. Павел Кручэк, які нёс святарскае служэнне ў суседнім Чэрвені.

З 2008 па 2012 г. парафіяне намагаліся атрымаць пляцоўку пад пабудову святыні, і ўвесь гэты час маліліся, дзе прыходзілася. Нарэшце, 2 мая 2013 г. дзяржаўныя органы выдзелілі пляцоўку для будаўніцтва касцёла, на што неўзабаве быў атрыманы афіцыйны дазвол.

14 верасня 2013 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, на месцы будаўніцтва быў усталяваны крыж і адбылося благаслаўленне будпляцоўкі, на якой з’явілася часовая капліца, што размясцілася ў вагончыку.

Да канца 2013 г. тут ужо былі закладзены фундаменты будучай святыні. Паступова былі падведзены вада і электрычнасць, узведзены сцены, а праз 2 гады ад пачатку будаўніцтва пастаўлены дах.

У 2016–2017 гг. да будынку касцёла было падведзена цэнтральнае ацяпленне, былі атынкаваны і пафарбаваны сцены ўсярэдзіне будынка, устаноўлены вокны і дзверы, узнесены крыж на вежы.

Сёлета будаўнічыя працы завяршыліся атынкаваннем і афарбоўкай фасаду, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, пабудовай агароджы і ганкаў, укладкай тратуарнай пліткі.

Усё гэта было зроблена намаганнямі вернікаў рудзенскай парафіі і іх пробашча кс. Генрыха Кучынскага.

Урачыстасць асвячэння касцёла стала прыгожым увянчаннем вялікай і ахвярнай працы мясцовых католікаў і іх духоўнага пастыра на хвалу Божую і дзеля збаўлення людзей.

Абноўлена 01.10.2018 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.