Пошук

27.06.2019 13:20   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

Раніцай 27 чэрвеня з Баранавічаў у 26-ы раз выйшла першая і самая працяглая ў гэтым годзе пілігрымка ў Будслаў.

Пілігрымка распачалася святой Імшой у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка. У прамоўленай гаміліі святар параўнаў пілігрымаў з арламі — дарэчы, яны ўжо не першы год самі так сябе называюць, — пажадаўшы ім уздымацца ўсё вышэй у сваім хрысціянскім жыцці і пакараць новыя духоўныя далягляды.

«Нясіце святло Хрыста ўсім людзям, якіх вы сустрэнеце па дарозе да Ягонай Маці Марыі», — заклікаў духоўных вандроўнікаў кс. Андрэй Рылка.

Пасля Імшы, у якой акрамя духоўнага дырэктара пілігрымкі кс. Паўла Рудзьмана браў удзел таксама пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, адбылося благаслаўленне пілігрымаў на дарогу. Пры гэтым кожны з іх ушанаваў крыж, які будзе ісці наперадзе, ведучы духоўных вандроўнікаў за сабою.

Абрад ушанавання крыжа, што звычайна папярэднічае пачатку місіі, калі місіянеры атрымліваюць і ўшаноўваюць крыж, які будзе ім спадарожнічаць у служэнні, надае пілігрымцы асаблівы місіянерскі дух.

У першы дзень 93 пілігрымы пройдуць крыху больш за 30 кіламетраў ад Баранавічаў да Паланэчкі, дзе будуць начаваць у дамах гасцінных мясцовых жыхароў. Усяго баранавіцкія «Арлы» «праляцяць» ажно 293 кіламетры па тэрыторыі трох дыяцэзій: Пінскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай.

Пераважная большасць пілігрымаў — гэта маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. Сёлета самы старэйшы з пілігрымаў мае 56 гадоў, а самай малодшай, Анэлі, нядаўна споўнілася тры гадкі. Яна таксама тупае разам з татам, мамай і старэйшай сястрычкай Агатай сваімі маленькімі ножкамі, хоць часам «пад’язджае» на самакаце або на моцных руках таты.

Анэлю суправаджае яе сябра Каміль, якому два з паловаю гадкі, але толькі ў першы дзень: вось якая яна, мужчынская вернасць!..

А гэтая дружная сям’я ў поўным складзе летась таксама прайшла ўсю пілігрымку ад Баранавічаў да Будслава — прыклад, годны здзіўлення і пераймання.

Гэта яшчэ не позна зрабіць, запісаўшыся ў адну з пілігрымак, якія ў бліжэйшыя дні таксама возьмуць курс на Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, дзе 5–6 ліпеня пройдзе традыцыйны фэст, унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва.

 

 

Абноўлена 28.06.2019 08:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.