Канец чэрвеня – пачатак ліпеня — пара пілігрымак у Будслаў. Сёння мы знаёмімся з самай працяглай пешай пілігрымкай да Маці Божай, якая ідзе дзевяць дзён і вырушыць у дарогу ўжо праз два тыдні.
Гісторыя самай доўгай пілігрымкі
Пілігрымы з Баранавічаў пачалі пешкі хадзіць у Будслаў па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам святароў і братоў з законніцкай супольнасці Божага Слова — вербістаў. Законнікі да гэтага часу з’яўляюцца суарганізатарамі гэтага незвычайнага «шэсця».
Першая пілігрымка Баранавічы – Будслаў прайшла ў 1993 г., таму сёлетняя — ужо 26-я.
Крыху статыстыкі
Пілігрымка з Баранавічаў у Будслаў працягваецца дзевяць дзён. Яе маршрут пралягае па тэрыторыі трох вобласцяў: Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай, і адпаведна трох дыяцэзій: Пінскай, Гродзенскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
За дзевяць дзён пілігрымы ўсяго праходзяць 293 кіламетры, і такім чынам штодзённы адрэзак шляху складае не менш за 30 кіламетраў.
Баранавіцкія «арлы»
Паміж сабою пілігрымы з Баранавічаў называюць сваю пілігрымку «арлінай». Яе нязменным сімвалам ужо даўно з’яўляецца арол — птушка, моцная духам, якая ў стане ўзняцца да нябёсаў.
Арол — гэта вобраз душы хрысціяніна, якая ўмацоўваецца, пакараючы ўсё новыя вышыні цнотаў.
Традыцыйна ў перадапошні дзень пілігрымкі на начлегу ў Сцешыцах праходзіць апошняя пілігрымкавая св. Імша, на якой падводзяцца вынікі супольнага шляху. Пры гэтым распавядаецца адна гісторыя, якая нікога не пакідае абыякавым.
Гэта, напэўна, самая кранальная частка пілігрымкі, не лічачы самога Будслава.
Арганізацыя
Пілігрымка — гэта адзін вялікі добра зладжаны механізм. Ён дзейнічае дзякуючы дружнай камандзе валанцёраў, выхаванай і спрактыкаванай у дарозе.
Дарэчы, кожнага, хто жадае далучыцца да каманды валанцёраў ці проста мае жаданне паслужыць, будуць радыя бачыць у гэтых шэрагах.
Для гэтага неабходна запоўніць анкету на сайце пілігрымкі.
На гэтым сайце змешчана ўся неабходная інфармацыя для пілігрымаў, якія ідуць у Будслаў пешкі, і для тых, хто з імі духоўна яднаецца, становячыся духоўным пілігрымам. Праз сайт адбываецца таксама рэгістрацыя для ўдзелу ў пілігрымцы.
Тут жа можна пакінуць інтэнцыю, або малітоўны намер, у якім будуць маліцца пешыя пілігрымы, праглядзець маршрут і падрабязны расклад на кожны дзень.
Дык што ж такое пілігрымка?
Як дасціпна заўважыла адна з удзельніц, «пілігрымка — гэта арганізаванае шэсце людзей, якія ў чарговы раз з прысягаю пастанаўляюць, што ў наступным годзе нізавошта не пойдуць».
Але калі казаць сур’ёзна, пілігрымка — гэта і «перазагрузка», і дарога — да сябе і да Бога.
Гэта таксама служэнне, бо ў дарозе да святыні чалавек не адзін: побач з ім — яшчэ каля трох соцень такіх самых вандроўнікаў.
І калі ў кожнага з іх спытацца, што такое пілігрымка, адказаў будзе таксама каля трох соцень, бо для кожнага з іх гэта штосьці сваё. Таму трэба ўстаць з канапы і пайсці, каб самому сабе адказаць на гэтае пытанне. Яно варта таго.