Пошук

05.02.2019 16:22   Catholic.by

З 14 лютага па 18 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь будзе праходзіць выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі».

Адкрыццё выставы адбудзецца 14 лютага ў 18.00.

Каталіцкі Касцёл на працягу многіх стагоддзяў быў неад’емнай часткай магістральнага развіцця культуры на беларускіх землях і глабальна паўплываў на эвалюцыю мастацкіх і музычных традыцый, адукацыйных працэсаў, кнігадрукавання. У сваю чаргу, духоўныя традыцыі і сакральная спадчына, што захоўваецца ў касцёлах, значна менш вядомыя шырокай публіцы, аднак з’яўляюцца не менш цікавымі і захапляльнымі.

Мэта выставы — прадставіць асноўныя традыцыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі, найбольш значныя святы літургічнага гадавога цыклу і своесаблівыя культурныя звычаі, а таксама надзвычайныя артэфакты, перанесеныя з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую.

Сярод апошніх — арнат са слуцкіх паясоў і манстранцыя, зробленая спецыяльна да асвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (1783 г.), лаўка для малітвы, якую выкарыстоўвалі сёстры назарэтанкі з Навагрудка, расстраляныя нацыстамі ў 1943 г., карта кляштараў францішканаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (1753 г.), літургічнае начынне з касцёлаў вёсак Вынішчы і Замосце Слуцкага раёна, касцёла Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску і шмат іншага.

Прадметы для выставы прадстаўлены шэрагам устаноў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі: касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, касцёлам св. Юзафа ў Рубяжэвічах, Кангрэгацыяй Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і касцёлам Перамянення Пана ў Навагрудку, касцёлам св. Барбары ў Замосці, касцёлам Нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў Вынішчах, касцёлам Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.

Фота Галіны Пятровіч
Фота Галіны Пятровіч

На выставе будуць таксама экспанавацца артэфакты з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, які на працягу многіх гадоў збірае і рэстаўруе прадметы, звязаныя ў тым ліку з рэлігійнай тэматыкай.

Каталіцкая богаслужбовая музыка і кніжная спадчына будуць прэзентаваны рукапісамі і кнігамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама прадметамі з прыватнай калекцыі Святланы Шэйпы. Шэраг твораў іканапісу прадставіць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе працаваць штодзённа з 11.00 да 19.00 ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12.

Праект ажыццяўляецца ў межах мемарандума аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Мітрапалітальнай курыяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Абноўлена 14.03.2019 21:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця