Пошук

10.12.2018 11:37   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Галіна Пятровіч / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай адбыліся ўрачыстыя цэлебрацыі з удзелам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.

Раніцай біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці разам з нядаўна прызначаным новым пробашчам будслаўскай парафіі кс. Дзмітрыем Дубовікам цэлебраваў св. Імшу на старажытным алтары ў т.зв. «старым касцёле» будслаўскай базылікі.

Кожны, хто бываў у Будславе, напэўна, ведае, што за галоўным алтаром святыні справа знаходзіцца ўваход у капліцу св. Барбары, якую называюць таксама «старым касцёлам». Тут змешчаны драўляны разблёны алтар Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі, зроблены каля 1643 г. — адзін з выдатных помнікаў ранняга барока на Беларусі.

У васьмі бакавых нішах старажытнага алтара ўстаноўлены фігуры прарокаў Старога Запавету і постаці, звязаныя з паходжаннем Панны Марыі.

У цэнтральных нішах знаходзяцца фігуры караля Давіда і прарока Аарона. У нішах левага крыла алтара, акрамя караля Давіда, фігуры ўстаноўлены ў наступным парадку: св. Юзаф, святар Захарыя і св. Яўхім. У нішах правага крыла алтара акрамя Аарона змешчаны фігуры св. Яна Хрысціцеля, св. Альжбеты, св. Ганны.

Аналізуючы логіку парадку прадстаўленых фігур, мы можам меркаваць аб суадносінах постацяў, якія знаходзяцца насупраць адно аднаго. Найбліжэй да алтара знаходзяцца бацькі Марыі св. Яўхім і св. Ганна, потым бацькі св. Яна Хрысціцеля св. Захарыя і св. Альжбета, а побач з ёю — сын, св. Ян Хрысціцель, змешчаны насупраць св. Юзафа.

Фігуры продкаў Марыіі па мужчынскай лініі, а менавіта св. Яўхіма і караля Давіда, былі ўстаноўленыя ў левым ад гледача крыле, але ў правым паводле геральдычнай сістэмы. Два анёлы ўшаноўваюць цэнтральны абраз у алтары. Раней гэта быў абраз Маці Божай Будслаўскай, цяпер — абраз Укрыжавання Езуса.

Менавіта з увагі на такую багатую марыйную сімволіку старажытнага алтара тут адбылася першая ўрачыстая цэлебрацыя ў гонар Беззаганнай.

У прамоўленым Божым слове біскуп Аляксандр Яшэўскі асаблівым чынам засяродзіўся на значэнні гэтай вялікай урачыстасці для жыцця сучасных хрысціянаў, якія пакліканы наследаваць цноты Марыі, каб такім чынам наблізіцца да Яе Сына.

У гаміліі пастыр вызначыў тры асноўныя моманты з апісанай у Евангеллі св. Лукой сцэны Звеставання. Першы з іх — словы анёла Габрыэля «Вітай, поўная ласкі».

«Ласка — гэта Божы дар, а таксама моц і здольнасць супрацьстаяць злу і граху», — падкрэсліў пры гэтым іерарх.

Сімволіка Божай моцы прысутнічала таксама і ў асаблівым святарскім адзенні — арнаце, зробленым са слуцкіх паясоў, які быў падчас св. Імшы на біскупе Аляксандры. Старажытная традыцыя рабіць арнаты з паясоў грунтуецца на біблійнай сімволіцы, найбольш яскрава прадстаўленай у пасланні св. апостала Паўла да Эфесцаў:

«Мацуйцеся ў Пану магутнасцю Ягонай сілы. Апраніцеся ва ўсю Божую зброю, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла. <…> Таму станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю» (пар. Эф 6, 10–14).

Такім чынам, не толькі слова пастыра, але нават яго знешні выгляд быў навочным настаўленнем для вернікаў.

Другі момант, на які звярнуў увагу біскуп Аляксандр, — гэта благаслаўленне, якое Божы пасланец прынёс Багародзіцы. Іерарх растлумачыў, што, паводле этымалагічнага паходжання, гэтае стараславянскае слова азначае пажаданне дабра, а не зла, хоць у некаторых гаворках сучаснай беларускай мовы слова «блага» азначае штосьці нядобрае. Але, вяртаючыся да першакрыніцы, мы павінны памятаць, што такое пажаданне Божага дабра павінна быць галоўным у нашых адносінах да іншых людзей.

«Жадаючы дабра, мы адначасова Божаю моцаю забараняем злу дзейнічаць у жыцці чалавека, гаворым злу „Стоп!“

Таму Езус наказвае нам заўсёды благаслаўляць, а не праклінаць, каб такім чынам зло не мела магчымасці распаўсюджвацца далей», — зазначыў пастыр.

Трэці момант, на які ён звярнуў увагу, — гэта адказ Марыі «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова», які з’яўляецца для нас урокам сапраўднай пакоры і вернасці Богу насуперак усім цяжкасцям і перашкодам, што сустракаюцца ў жыцці.

Вернасць — гэта тая цнота, аб якой неабходна клапаціцца кожны дзень, бо яна дапамагае захаваць і зберагчы Божую ласку і моцаю Божага благаслаўлення супрацьстаяць злу ва ўласным жыцці і ў жыцці бліжніх.

Апоўдні ў Нацыянальным санктуарыі адбылася св. Імша на галоўным алтары базылікі, перад цудатворным абразом Маці Божай Будслаўскай. У цэлебрацыі, якую зноў узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі, акрамя вернікаў парафіі і пілігрымаў (а іх у гэты ўрачысты дзень было больш, чым звычайна), бралі ўдзел таксама прадстаўнікі касцёльных рухаў «Маці ў малітве» і «Легіён Марыі». Пасля Імшы адбылася супольная малітва і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая ў гадзіну Божай Міласэрнасці завяршылася Вяночкам і благаслаўленнем.

Такім чынам, будслаўскі санктуарый з’яўляецца цэнтрам духоўнага жыцця і абарончай крэпасцю хрысціянскіх каштоўнасцяў не толькі падчас ліпеньскага фэсту, уключанага нядаўна ў спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Адсюль Беззаганная Панна глядзіць сваім матчыным позіркам на сыноў і дачок беларускага народа, выпрошваючы для іх ласку, благаслаўленне і нязломную вернасць сваёй хрысціянскай веры і здаровым традыцыям продкаў.

Абноўлена 15.12.2018 18:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця