Пошук

15.02.2019 11:14   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбылося адкрыццё выставы «Сакральная культура Касцёла Беларусі».

Гэты ўнікальны культурны праект ажыццяўляецца ў межах мемарандума аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Мітрапалітальнай курыяй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Выстаўленыя экспанаты касцёльнага мастацтва паходзяць з касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі і з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага. На выставе таксама прадстаўлена экспазіцыя фотамастака Сяргея Плыткевіча «Планета Беларусь. Касцёлы».

У прывітальным слове падчас цырымоніі адкрыцця выставы арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што Касцёл, клапоцячыся пра захаванне і развіццё хрысціянскіх каштоўнасцяў, асаблівую ўвагу прысвячае культуры.

«Галоўным заданнем Касцёла ў сучасным свеце, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма, з’яўляецца новая евангелізацыя. Сярод шматлікіх напрамкаў яе ажыццяўлення асаблівае месца займае культура. Менавіта культура можа зрабіць свой важкі ўнёсак у справу новага абвяшчэння Евангелля праз мастацтва», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што Касцёл з даўніх часоў выкарыстоўваў выяўленчае мастацтва для стварэння ў касцёлах і кляштарах вобразаў з мэтай евангелізацыі.

На думку пастыра, мастацтва заўсёды прыцягвае чалавека і прамаўляе да яго сваёй мовай, якую разумеюць прадстаўнікі розных культур. Яно не мае межаў і прамаўляе да кожнага чалавека.

Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што выстава дапаможа кожнаму, хто яе наведае, зазірнуць у багатую гісторыю беларускага сакральнага мастацтва, на якім выхаваліся многія пакаленні нашых суайчыннікаў, якія мужна вызнавалі сваю веру і абаранялі яе ў часы ганенняў.

«Звычайна на гістарычны музей глядзяць як на збор старых рэчаў з мінулага. Тым не менш гісторыя як настаўніца жыцця вядзе нас наперад. Выстава „Сакральная культура Касцёла Беларусі“ з’яўляецца доказам таго, што музей — гэта не толькі мінулае, але таксама сучаснасць і будучыня.

Я ўпэўнены, што выстава будзе спрыяць духоўнаму адраджэнню нашай нацыі, развіццю міжканфесійнага дыялогу і кансалідацыі нашага народа на падмурку яго спрадвечных хрысціянскіх каштоўнасцяў», — сцвердзіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Неад'емнай часткі сакральнай культуры Касцёла Беларусі, без сумнення, з'яўляецца музыка.

Невыпадкова адкрыццё выставы ў гістарычным музеі суправаджалася выступленнем хора з самай старажытнай мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) «Залатая Горка» пад кіраўніцтвам даследчыцы беларускай касцёльнай музыкі Святланы Шэйпы.

У цырымоніі адкрыцця бралі ўдзел духоўныя асобы, у тым ліку прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый Габар Пінтэр і пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе кс. Дзмітрый Дубовік, які найбольш прычыніўся да арганізацыі выставы і збору эксапанатаў.

Выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі» адкрытая для наведвання з 14 лютага па 18 сакавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь штодзённа з 11.00 да 19.00 па адрасе: г. Мінск, вул. К. Маркса, 12.

Абноўлена 15.02.2019 21:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.