Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Касцёл у Беларусі
Дыяцэзіі
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
Пошук
Пошук
Беларуская
Русский
•
Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Касцёл у Беларусі
Дыяцэзіі
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Апостальская Нунцыятура ў РБ
divider3
Навучальныя ўстановы
Касцёльны суд
Манаскія супольнасці
Рухі і супольнасці
Дабрачынныя арганізацыі
divider4
Гісторыя Касцёла ў Беларусі
Санктуарыі
divider5
СМІ і выдавецтвы
Прэс-сакратар
Літургія
Урачыстасці і святы
Літургічны каляндар
Лекцыянарый
Літургія гадзінаў
Матэрыялы для літургіі
Агульныя ўводзіны да літургічных кніг
Святыя
Бібліятэка
Святое Пісанне
Афіцыйныя дакументы
Гаміліі іерархаў
Малітоўнік
Матэрыялы для катэхетаў
Святарам
Слоўнік
Відэа
Пра нас
Рэдакцыя
Кантакты
divider6
Умовы выкарыстання матэрыялаў
дашлі навіну
ахвяраваць
Галоўная
Навіны
Анонсы
Бібліятэка
Аўторак, 15 ліпеня 2008
Малітвы да святых і благаслаўлёных
15.07.2008 14:44
Малітва да святога Арханёла Міхала Малітва да святога Юзафа, рамесніка Малітвы да св. Юды Тадэвуша Малітвы да св. Бэнэдыкта Малітва да св. Антонія Малітва да св. Андрэя Баболі Малітва да св. Максімільяна Кольбэ Малітва да св.Тэрэзы ад Дзіцятка Езус Малітва да св. Піо Малітва да святога Апекуна Малітвы да святога Роха Малітва праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ qqq Малітва да святога Арханёла Міхала, апекуна Беларусі (29. IX) * Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы. У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву. Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн. * У дужках падаецца дзень, у які ўшаноўваецца святы ці благаслаўлёны. qqq Малітва да св. Юзафа, рамесніка (19. ІІІ) (паводле св. Пія X, папы) Праслаўлены святы Юзэфе, прыклад для ўсіх працуючых, выпрасі для мяне ласку, каб працаваў я ў духу пакаяння, прагнучы перапрасіць за шматлікія мае грахі; каб працаваў сумленна з пачуццём абавязку, а не для свайго задавальнення; каб працаваў з радасцю і ўдзячнасцю Богу і ганарыўся тым, што магу жыць і развіваць праз працу дары, атрыманыя ад Бога; каб працаваў годна, спакойна, па меры сваіх сіл і з цярплівасцю, не адступаючы перад стомаю альбо цяжкасцямі; каб працаваў перадусім у добрай інтэнцыі, забываючы пра сябе, пастаянна памятаючы пра тое, што ў момант смерці я павінен буду адказаць за страчаны час, за змарнаваныя таленты, за занядбанне добрага, за пустую ганарыстасць у час поспеху, што так шкодзіць у Божых справах. Усё для Езуса, усё праз Марыю, усё па твайму прыкладу, о святы ойча Юзэфе. Няхай гэтыя словы будуць маім дэвізам на працягу жыцця і ў хвіліну смерці. Амэн. qqq Малітвы да св. Юды Тадэвуша (28. Х) Св. апостал Юда, празваны Тадэвушам, што азначае «велікадушны», быў братам Якуба Меншага і сваяком Езуса Хрыста. Тадэвуш, як і яго браты, усім сэрцам адданы справе распаўсюджвання Евангелля, спадарожнічаў Збавіцелю падчас Яго апостальскай дзейнасці. Ён – аўтар Паслання, адной з кніг Новага Запавету. Згодна з традыцыяй, першапачаткова абвяшчаў Евангелле ў Месапатаміі. Пазней сустрэўся са св. Сымонам у Персіі, дзе яны разам прынялі мучаніцкую смерць. Малітва аб апецы Святы Юда Тадэвуш, мой магутны абаронца і апякуне, у сваіх клопатах і цярпеннях аддаюся тваёй цудоўнай апецы. Я ўдзячны табе за ўсе ласкі, якія ты для мяне выпрасіў. Прашу, і надалей дапамагай мне ў працы, суцяшай у смутку, беражы ад спакусаў. Будзь маёю сілаю ў цяжкасцях, аховаю ў небяспецы. Учыні, каб я прачынаўся з Богам і з Богам ішоў на спачынак. Дзень за днём вядзі мяне штораз бліжэй да Сэрца Езуса, каб адпачыў я ў Ім пасля працы і жыццёвых змаганняў, каб замест эгаізму, пыхі і абыякавасці ў маім сэрцы запанавалі любоў, ахвярнасць і пакора. Амэн. Малітва ў патрэбе Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усемагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу) , аб якой з надзеяй малю. Амэн. Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу... Малітва ў хвіліну роспачы Святы Юда Тадэвуш, сваяк Езуса Хрыста, Пана нашага, вялікі апостал і мучанік, славуты дабрадзейнасцямі і цудамі! Ты — магутны заступнік у цяжкіх сітуацыях і безнадзейных справах. Звяртаюся да цябе з пакораю і даверам, з глыбіні душы просячы аб тваёй дапамозе перад Богам. О святы мой апякуне, якому Пан Бог даў прывілею ратаваць у тых выпадках, калі ўжо няма надзеі на дапамогу, зірні на мяне ласкава! Жыццё маё поўнае пакутаў і суму; дзень за днём праходзіць яно ў душэўным прыгнёце, а сэрца маё напоўнілася горыччу. Мае жыццёвыя дарогі вядуць праз пакуты, і рэдкі дзень мінае без клопату і слёз. Розум мой агорнуты цемраю; неспакой, заняпад духуі нават роспач урываюцца ў душу так, што я амаль забываю пра Божы Провід. О святы мой апякуне! Ты не можаш пакінуць мяне ў роспачы. Я не адыду ад ног тваіх, пакуль ты не выслухаеш мяне. Паспяшайся мне на паратунак, і я буду дзякаваць табе ўсё сваё жыццё, павялічваючы тваю славу. Амэн. Малітва падзякі Прымі, святы Юда Тадэвуш, удзячную малітву таго, хто знайшоў у цябе дапамогу і літасць. Ведаю, што менавіта тваё заступніцтва выпрасіла для мяне ў Пана Бога палёгку ў цяжкай сітуацыі. Праслаўляю імя тваё і буду дзякаваць табе да канца свайго жыцця. Амэн. qqq Малітвы да св. Бэнэдыкта (11. VIІ) Св. Бэнэдыкт, абат, айцец заходняга манаства. Нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (Італія). Некалькі гадоў жыў у пустэльні, потым у Монтэ-Касіна заснаваў ордэн бэнэдыктынаў. Памёр у 543 г. Папа Павел VI у 1964 г. абвясціў св. Бэнэдыкта апекуном Еўропы. Божа, наш Ойча, Ты напоўніў святога Бэнэдыкта духам Твайго Сына і ўчыніў яго слаўным настаўнікам евангельскай дасканаласці. Дапамажы нам, каб мы, ушаноўваючы яго поўны бляску пераход на неба, імкнуліся да вяршыняў любові і хвалы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. * * * Божа, Ты ўдзяліў святому Бэнэдыкту ўсялякія ласкі ў хвіліну смерці, просім Цябе, учыні, каб ён сваім заступніцтвам абараняў нас ад пастак сатаны. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва да св. Антонія (13. VІ) Св. Антоні Падуанскі – заступнік тых, хто шукае згубленыя рэчы, апякун нарачоных і сужэнстваў. Ён стаў вядомым у XIII ст. перш за ўсё як тэолаг, францішканскі прапаведнік і абаронца пакрыўджаных людзей. Памёр 13 чэрвеня 1231 г. у Італіі, непадалёк ад Падуі. Праз год пасля смерці быў кананізаваны, а ў 1946 г. абвешчаны доктарам Касцёла. Святы Антоні, слаўны слуга і прыяцель Езуса Хрыста, ты быў годны насіць Яго на руках у постаці Дзіцяці і сёння цешышся з Ім у нябеснай краіне. Я ўдзячны Богу за ўсе ласкі і дабрадзейнасці, якія ты выпрасіў для маёй душы. Зноў выбіраю цябе сёння маім апекуном, заступнікам і верным айцом. Абяцаю, што заўсёды буду шанаваць і любіць цябе. Прашу цябе, святы ойча, вазьмі мяне ў сваю апеку і дапамагай ва ўсіх маіх пачынаннях. Не пакідай мяне, будзь маім спадарожнікам на шляху да вечнасці, маім заступнікам і абаронцам, маёю пуцяводнаю зоркаю як у жыцці, так і пасля смерці. Амэн. qqq Малітва да св. Андрэя Баболі (16. V) Св. Андрэй Баболя нарадзіўся 30 лістапада 1591 г. Належаў да ордэна езуітаў, служыў у Вільні, Нясвіжы, Бабруйску, Пінску, быў вядомы як прапаведнік і спаведнік. Шмат зрабіў для адзінства хрысціянаў. 16 мая 1657 г. у Янаве Палескім (цяпер — Іванава Брэсцкай вобл.) быў замучаны казакамі. Святы Андрэй Баболя, ты так умілаваў нашага Пана Езуса Хрыста, што з маладых гадоў прысвяціў сябе служэнню Яму і цалкам аддаў сябе здабыванню для Яго душаў, карыстаючыся прыкладам уласнага жыцця і словам, не шкадуючы сваіх сілаў і намаганняў ажно да мучаніцкай смерці, якою закончылася тваё апостальскае жыццё. Прашу цябе, праз твае заслугі перад Богам і любоў, якою ты да Яго палаў, выпрасі для мяне ласку, якой так прагну (назваць просьбу). Дапамагай мне таксама на працягу ўсяго жыцця майго, каб па тваім прыкладзе я заўсёды быў паяднаны з Сэрцам Езуса і цешыўся апекаю Яго Беззаганнай Маці. Амэн. qqq Малітва да св. Максімільяна Кольбэ (14. VIII) Св. Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы. Вучыўся ў Рыме і атрымаў ступень доктара. У 1918 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў ордэне францішканаў. Заснавальнік апостальскага таварыства «Рыцарства Беззаганнай» і рэлігійнага часопіса «Рыцар Беззаганнай». Пэўны час служыў у Гродне. Падчас акупацыі быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцым. Там ахвяраваў сваё жыццё за аднаго са зняволеных, бацьку сям’і. Памёр у камеры смерці ў ліпені 1941 г. Папа Павел VІ беатыфікаваў Максімільяна Кольбэ ў кастрычніку 1971 г., а папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго 10 кастрычніка 1982 г. Божа, Ты напоўніў любоўю да бліжніх і палымяным жаданнем служыць справе збаўлення душаў святога Максімільяна Марыю Кольбэ, святара і мучаніка, які аддана ўшаноўваў Беззаганную Панну. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы дзеля Тваёй хвалы рупліва служылі бліжнім і ў жыцці і смерці былі падобнымі да Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн. qqq Малітва да св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (1. Х) Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус нарадзілася 2 студзеня 1873 г. на поўначы Францыі. Уступіла ў ордэн сясцёр кармэлітанак, маючы няпоўных 15 гадоў. Пражыўшы няшмат гадоў у ордэне, памерла 30 верасня 1897 г. Сваім жыццём яна паказала, як у звычайнай штодзённасці можна быць святою. Папа Пій ХІ у 1951 г. абвясціў яе заступніцай Расіі, а папа Ян Павел ІІ у 1997 г. надаў ёй тытул доктара Касцёла. Касцёл ушаноўвае яе як апякунку місій. Пане, Ты сказаў: калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Дай нам, просім Цябе, так наследаваць пакору і шчырасць святой Тэрэзы, панны, каб мы заслужылі вечную ўзнагароду. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн. qqq Малітва да св. Піо (23. ІХ) Св. Піо з П’етрэльчыны, святар ордэна Братоў Меншых Капуцынаў, нарадзіўся 25 мая 1887 г. у паўднёвай Італіі. У 1903 г. паступіў у навіцыят айцоў капуцынаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1910 г. З 1916 г. да канца жыцця спаўняў святарскую паслугу ў Сан-Джавані-Ратонда. 20 верасня 1918 г. айцец Піо атрымаў дар стыгматаў на руках, нагах і падрабер’і. Айцец Піо быў чалавекам гераічнай веры і няспыннай малітвы. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця ён цярпеў вялікія пакуты, ахвяруючы іх Богу за грахі людзей. Памёр у святасці 23 верасня 1968 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго ў 1999 г., а 16 чэрвеня 2002 г. абвясціў святым. Усемагутны вечны Божа, Ты святога айца Піо адарыў ласкаю асаблівым чынам падзяляць муку Твайго Сына на крыжы і праз яго служэнне здзейсніў новыя цудоўныя справы Тваёй міласэрнасці. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб, няспынна ўдзельнічаючы ў цярпенні Хрыста, мы былі шчасліва прыведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва да святога Апекуна Святы N. (імя) , імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне, тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам дапамагаў мне ва ўсялякіх патрэбах маіх, ратаваў ад зла і выпрасіў для мяне ласку вернага наследавання тваіх цнотаў. Учыні, мой дарагі апякуне, каб я захаваў вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці. Амэн.
Малітвы да Маці Божай
15.07.2008 14:34
Малітва да Маці Божай Фацімскай Малітва ахвяравання сябе Маці Божай Малітва да Маці Божай Аздараўлення хворых Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай Малітва да Маці Божай Будслаўскай Малітва да Маці Божай Берасцейскай Малітва да Маці Божай Лагішынскай Малітва да Маці Божай Браслаўскай Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай Малітва да Маці Божай Тракельскай Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі Барунскай Малiтва да Маці Божай Шкаплернай Малітва да Маці Божай (у цяжкіх сітуацыях) Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi (Ларэтанская) Літанія да Беззаганнага Сэрца Марыі Літанія аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі Навэнна да Маці Божай Будслаўскай Навэнна да Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнага Зачацця Пампейская навэнна Навэнна да Маці Божай, якая развязвае вузлы qqq Малітва да Маці Божай Фацімскай Наша Фацімская Пані Ружанцовая, Ты праз траіх пастушкоў параіла нам замілаванне да малітвы, асабліва да малітвы ружанцовай, а таксама заахвоціла захоўваць сапраўдны дух пакаяння як сродак вечнага збаўлення. Просім Цябе, дапамажы нам, каб мы ў духу вернай паслухмянасці Тваім мацярынскім парадам адшукалі дарогу да неба. Амэн. qqq Малітва ахвяравання сябе Маці Божай Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн. Малітва да Маці Божай Аздараўлення хворых Найчысцейшая Дзева, Аздараўленне хворых, сапраўдная Маці наша і Прытулак грэшнікаў. Вось я, грэшнік, стаю перад Табою, збянтэжаны і прыніжаны сваімі грахамі, якія аддалілі мяне ад Бога і ад Цябе, мая Маці. Заступніца і Апякунка, звярні на мяне свой літасцівы позірк, убач маё пакаянне і выпрасі для мяне ласку прабачэння. Я – Твой, Маці, Аздараўленне хворых, таму прашу аб літасці і міласэрнасці, якія Ты аказвала тым, хто Цябе ўшаноўвае, не пакідай і мяне. Няхай Кроў Твайго Сына, пралітая на крыжы, будзе для мяне збаўленнем. Ты стаяла пад крыжам, калі Твой Сын паміраў у страшных пакутах; учыні, каб і я цярпліва зносіў цяжкасці гэтага свету і нёс свой крыж, ва ўсім Цябе наследуючы. Як ніколі раней, сёння мне патрэбная Твая дапамога, каб не ўпасці і не паддацца расчараванню. Паспяшы да мяне на дапамогу. Маці Адкупіцеля, да Цябе звяртаюцца ўсе народы; узглянь на долю спакутаванага чалавецтва, каб яно хутка вярнулася да пакаяння і да Бога, каб зноў запалала гарачая вера ва ўсім свеце і ўсе жыхары зямлі жылі ў спакоі, згодзе і еднасці. Ты ўжо столькі разоў адорвала нас сваёю ласкаю, удзялі нам яе і цяпер, бо мы маем вялікую патрэбу ў Тваёй дапамозе і разлічваем на яе. «Вучы нас, о Маці, распазнаваць волю Найвышэйшага, вучы нас бачыць у Богу найлепшага Айца нават тады, калі мы пакутуем. Выпрошвай для ўсіх хворых, якія пакутуюць фізічна і духоўна, патрэбныя ласкі, каб яны маглі зразумець вартасць свайго цярпення і вытрываць у ахвярнай любові, яднаючыся са Збаўцам і з Табою, Маці». Святая Марыя! Ратуй убогіх, падтрымлівай слабых, суцяшай засмучаных, маліся за народ, спрыяй духавенству, заступайся за кансэкраваных асобаў, маліся за нас; няхай усе, хто пабожна і даверліва аддаецца Тваёй апецы, спазнаюць Тваю дапамогу. Аздараўленне хворых, суцеш нас і дай нам ласку вытрываць у добрых пастановах, каб мы разам з Табою тут, на зямлі, а потым у небе маглі цешыцца ў Богу вечнай радасцю. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі О Маці Божая Нястомнай Дапамогі, з вялікім даверам прыходжу сёння да Твайго святога абраза, каб прасіць Тваёй дапамогі. Не спадзяюся на свае заслугі і на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Тваю неспасцігальную мацярынскую любоў. Ты глядзела, о Маці, на раны Адкупіцеля і на кроў Ягоную, што пралілася на крыжы дзеля нашага збаўлення. Сын Твой, які паміраў, даў нам Цябе за Маці. Ці ж не будзеш Ты для нас, як сведчыць Твой цудоўны тытул, нястомнай Заступніцай? Таму, о Маці Божая Нястомнай Дапамогі, праз балесную муку і смерць Твайго Боскага Сына, праз невыказныя цярпенні Твайго Сэрца, о Заступніца, вельмі горача малю Цябе, выпрасі мне ў свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаю і якая мне так патрэбна ( назваць просьбу ). Ты ведаеш, о Маці благаслаўлёная, як хоча Езус, Адкупіцель наш, удзяліць нам усялякіх пладоў Адкуплення. Ты ведаеш, што гэтыя скарбы былі аддадзеныя ў Твае рукі, каб Ты іх нам удзяляла. Таму, о найласкавейшая Маці, выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса тую ласку, аб якой у гэтай малітве пакорна прашу, а я з радасцю буду праслаўляць Тваю міласэрнасць праз усю вечнасць. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Будслаўскай Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу. З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі. Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона. Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі. Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Лагішынскай Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся, глянь на нас ласкава і выслухай нашую пакорную малітву. Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі. Даручаем Тваёй матчынай апецы Святога Айца, духавенства і верны люд Божы. Абяцаем быць вернымі Твайму Сыну, Пану нашаму Езусу Хрысту, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Берасцейскай Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Браслаўскай Вітай, Марыя, наша Маці і Апякунка, Валадарка азёраў, чыё светлае мацярынскае аблічча ззяе ў Браслаўскім санктуарыі над водамі роднага краю. Як і нашыя продкі, мы шукаем у Цябе паратунку сярод жыццёвых бураў і цярпенняў. Будзь маяком для тых, хто блукае ў цемры, і надзейнаю гаванню для ўсіх вандроўных дзяцей Тваіх. Няхай святло Твайго аблічча паказвае шлях караблю святога Касцёла, каб усе вернікі пад кіраўніцтвам Святога Айца, біскупаў і святароў шчасліва дасягнулі мэты зямнога вандравання — Езуса Хрыста, Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн. qqq Малітва да Маці Божай Тракельскай Найпрыгажэйшая Панна і наймілейшая Багародзіца, на Тваім тракельскім абразе Ты ўмольна просіш і песціш на руках сваіх Божага Сына. Дай нам ва ўсіх справах Тваю матчыну дапамогу. Ці ж можа хто пералічыць усе цуды, здзейсненыя праз Тваё заступніцтва, якія Ты адзіны, усемагутны Божа, найлепш ведаеш? Кожны дзень, у кожную хвіліну аб’яўляюцца тут Твае ласкі. Маці нашая, просім Цябе: дазволь нам абвяшчаць Тваю хвалу тут, на зямлі, а ў вечнасці — на нябёсах. Просім Цябе сёння і заўсёды: не пакідай нас без Тваёй апекі, о Найсвяцейшая Панна Марыя. Амэн. Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі Барунскай Беззаганная Панна Марыя, Маці Божая і наша наймілейшая Маці! З пакораю стаім перад Табою і з глыбокім даверам просім Тваёй мацярынскай апекі. Святы Касцёл ушаноўвае Цябе як Суцяшальніцу засмучаных, таму да Цябе няспынна звяртаюцца тыя, хто знаходзіцца ў нядолі, хворыя – у цярпенні, канаючыя – у апошнюю гадзіну жыцця, убогія – у нястачы і ўсе, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона. Усіх Ты суцяшаеш і ўсім дапамагаеш. Наша найлепшая Маці, узглянь таксама на нас, бедных грэшнікаў, і ласкава прымі нашыя пакорныя і поўныя надзеі і даверу просьбы. Прыйдзі да нас з дапамогаю ва ўсіх патрэбах душы і цела, і выпрасі для нас у Сына Свайго Езуса Хрыста неабходныя ласкі Божыя. Захавай нас ад усяго злога, асабліва ад граху, каб мы сваім жыццём не давалі дрэннага прыкладу бліжнім. Атуляй Сваёю апекаю Паўсюдны Касцёл і будзь дапамогаю і абаронаю для Святога Айца. Выпрасі ў Свайго Сына, Езуса Хрыста, справядлівы супакой ва ўсім свеце, а для нашых сем’яў – вернасць, любоў і згоду. Дапамагай дзецям і моладзі ўзрастаць у мудрасці і ў Божай ласцы. Выпрасі ласку навяртання для грэшнікаў і прабачэння за іх правіны, а справядлівым – ласку вытрываць у добрым. Спяшайся на дапамогу канаючым і дай прахалоду душам, церпячым у чыстцы. Наша Наймілейшая Маці, атулі ўсіх нас сваёю чулаю і магутнаю апекаю, каб мы маглі годна жыць, пабожна памерці і дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Амэн. Малiтва да Маці Божай Шкаплернай О Панна, хвалы годная, Маці і Каралева святога шкаплера! Праз гэты святы знак Ты праяўляеш сваю любоў да дзяцей, якія носяць яго. Ты абяцала нам апеку і дапамогу ў жыццёвых небяспеках, сваю мацярынскую прысутнасць у хвіліну смерці, а таксама хуткае вызваленне з чыстца. Дапамажы мне жыць так, каб святы шкаплер, які я нашу, стаў для мяне знакам збаўлення, аховаю ад грахоў і заахвочваннем да пабожнага жыцця на зямлі. Амэн. Малітва да Маці Божай (у цяжкіх сітуацыях) Марыя, Святая Маці Божая, Маці Езуса і наша Маці! Ты ведаеш, што нашае жыццё поўнае малых і вялікіх вузлоў. Мы адчуваем сябе стомленымі, абцяжаранымі і прыгнечанымі ў вырашэнні сваіх праблемаў. Табе аддаёмся, Панна супакою і міласэрнасці. Звяртаемся да Айца праз Езуса Хрыста ў Духу Святым, з’яднаныя з усімі анёламі і святымі. Марыя, укаранаваная вянком з дванаццаці зорак! Ты сваімі найсвяцейшымі нагамі раструшчыла галаву змея, не дазволь нам упасці ў спакусу зла, вызвалі нас ад усялякай залежнасці, разгубленасці і няўпэўненасці. Адары нас сваёю ласкаю і сваім святлом, каб мы крочылі па добрым шляху і маглі бачыць у цемры, якая акружае нас. Маці велікадушная, просім Цябе аб дапамозе. Пакорна молім Цябе: развяжы вузлы нашых фізічных недамаганняў і невылечных хваробаў. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы нашых унутраных канфліктаў, нашага болю і страху, непрыняцця саміх сябе і нашай рэчаіснасці. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы нашай апанаванасці злым духам. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы, якія існуюць у нашых сем’ях, а таксама ў адносінах з нашымі дзецьмі. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы ў прафесійнай сферы, калі мы не ў стане знайсці годную працу або знаходзімся ў залежнасці працагалізму. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы ў нашай парафіяльнай супольнасці і ў нашым Касцёле – адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы, якія існуюць паміж рознымі хрысціянскімі Касцёламі і рэлігійнымі супольнасцямі, адары нас адзінствам і павагаю да разнастайнасці. Марыя, пачуй нас! развяжы вузлы ў грамадскім і палітычным жыцці нашай краіны. Марыя, пачуй нас! развяжы ўсе вузлы нашых сэрцаў, каб мы маглі свабодна і велікадушна любіць бліжніх. Марыя, пачуй нас! Марыя, Ты развязваеш усе вузлы, якія існуюць у нашым жыцці, маліся за нас да свайго Сына Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Панядзелак, 14 ліпеня 2008
Малітвы ў розных патрэбах
14.07.2008 14:54
Да Божага Провіду Аб любові да Бога Адданне сябе Богу Малітва да Духа Святога Малітва да ўкрыжаванага Хрыста Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Малітва за Касцёл Малітва за Святога Айца Малітва за святароў Малітва за памерлых святароў Малітва за парафію Малітва міністранта Малітва перад чытаннем Святога Пісання Малітва пасля чытання Святога Пісання Малітва за Айчыну Малітва на заканчэнне старога года Малітва за Айчыну (на заканчэнне года) Малітва на пачатак новага года Малітва св. Францішка аб духу любові Малітва аб пазбаўленні ад дрэнных думак Малітва ў цярпенні Малітва самотнага чалавека Малітва аб пакоры Малітва аб цвярозасці Малітва аб благаслаўленні для сям’і Малітва за бацькоў Малітва за памерлых бацькоў Малітва бацькоў за дзяцей Малітва бацькоў у інтэнцыі зачатага дзіцяці Малітва маці ў благаслаўлёным стане Малітва у кожнай патрэбе Малітва вадзіцеля Благаслаўленне ў дарозе Малітва перад вучобаю Малітва перад працаю Малітва аб добрым надвор’і Малітва аб дажджы Малітва за майго хлопца Малітва за маю дзяўчыну Малітва аб спыненні пандэміі каранавірусу qqq Да Божага Провіду О вечны Божа, Ты глядзіш на нас вачыма свайго Провіду. Адары нас, калі на гэта ёсць воля Твая, святою ласкаю сваёю, каб мы былі паслухмяныя ўсім наказам Тваім у часе нашай зямной пілігрымкі і праз гэта дасягнулі нябесных дабротаў. Божа, Твой Провід не памыляецца ў сваіх наказах, пакорна просім Цябе, усё шкоднае ад нас аддалі, а ўсё карыснае нам дай. Усемагутны вечны Божа, Ты ў сваёй шчодрай дабрыні пераўзыходзіш заслугі і просьбы тых, хто Цябе просіць. Акажы нам сваю міласэрнасць, прабач нам усё тое, што дакарае нашае сумленне, і дай нам тое, што просьбаю выказаць не можам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Аб любові да Бога Божа сусвету, ад Цябе паходзіць усялякая дасканаласць. Укарані ў сэрцах нашых любоў да Твайго святога імені і дай нам ласку ўзрастаць у пабожнасці; умацуй у нас усё добрае і клапатліва беражы ўмацаванае Табою. Адары нас, Пане, пастаяннаю бояззю і любоўю да святога імені Твайго, бо Ты ніколі не адмаўляеш у апецы тым, каго ўмацоўваеш у сваёй любові. Божа, Ты для тых, хто Цябе любіць, падрыхтаваў нябачныя даброты, таму ўлі ў нашыя сэрцы гарачую любоў да Цябе, каб мы, мілуючы Цябе ва ўсім і больш за ўсё, атрымалі абяцаную спадчыну, якая пераўзыходзіць усялякія жаданні. Усемагутны вечны Божа, памнож у нас веру, надзею і любоў і дай нам палюбіць Твае запаведзі, каб мы маглі атрымаць абяцаную ўзнагароду і вечна праслаўляць Цябе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Адданне сябе Богу Мой Пане і мой Божа, вазьмі ўсё, што мяне ад Цябе аддаляе. Мой Пане і мой Божа, дай усё, што мяне да Цябе набліжае. Мой Пане і мой Божа, вазьмі мяне ў поўную ўласнасць сваю. Амэн. * * * Адвечнае Слова, Адзінародны Сыне Божы, навучы мяне сапраўднай велікадушнасці. Навучы мяне годна служыць Табе, даваць бескарысліва, змагацца, не зважаючы на боль, працаваць аддана, дапамагаць, не чакаючы падзякі, з усведамленнем, што я выконваю Тваю святую волю. Амэн. * * * Вазьмі, Пане, усю маю свабоду, прымі маю памяць, розум і волю. Усё, што я маю і чым валодаю, Ты мне падараваў, а я аддаю і вяртаю Табе ўсё, каб Ты мною кіраваў паводле волі Тваёй. Дай мне толькі Тваю любоў і ласку, і буду я дастаткова багаты і нічога больш шукаць не буду. Амэн. qqq Малітва да Духа Святога Уладару Нябесны, Суцяшыцель, Духу праўды! Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і Даўца жыцця, прыйдзі і пасяліся ў нас, ачысці нас ад усяго благога, і асвяці душы нашыя. Амэн. qqq Малітва да ўкрыжаванага Хрыста Збавіцель наш, Езу Хрыстэ! Бачу Цябе, прыбітага да крыжа дзеля Тваёй вялікай любові да роду людскога. Галаву маеш нахіленую, бо хочаш пачуць усе нашыя малітвы; сэрца маеш адкрытае, бо хочаш даць усім ласку Тваю; рукі маеш распасцёртыя, бо хочаш усіх нас да сябе прыгарнуць; ногі маеш прыбітыя цвікамі, бо хочаш быць заўсёды з грэшнікамі. Малю Цябе сёння, дзеля тваёй горкай смерці і пачэснага крыжа пачуй малітвы мае, пашлі мне ласку Тваю, прыгарні мяне да сябе і будзь са мною ў хвіліну смерці маёй. Амэн. qqq Малітва да Найсвяцейшай Тройцы Найсвяцейшая Тройца, змілуйся над намі; Пане, ачысці грахі нашыя; Валадару, прабач правіны нашыя; Святы, наведай і аздараві слабасці нашыя дзеля Твайго iмя. qqq Малітва за Касцёл Езу Хрыстэ, Касцёл святы – гэта Твая Божая справа. Учыні, каб паводле Тваёй волі быў ён адзіны, святы, паўсюдны і цалкам скіраваны да той дасканаласці, да якой Ты яго паклікаў. Дай Касцёлу пастаянную жыццяздольнасць і чуйную ўвагу да знакаў часу, каб ён умеў усё спазнаць і ўсё добрае захаваць у кожным часе і ва ўсіх абставінах. Учыні, каб сярод хрысціянаў любоў была галоўным прынцыпам, міласэрнасць – асабліваю рысаю, справядлівасць – хлебам штодзённым, мужнасць у справах – вернасцю, малітва – адпачынкам, радасць – узнагародаю. Просім Цябе, каб Тваё Валадарства праўды і жыцця, святла і ласкі, справядлівасці, любові і спакою пашыралася і ўмацоўвалася з кожным днём. Амэн. qqq Малітва за Святога Айца Усемагутны Божа, Ты ўстанавіў Святога Айца бачнаю галавою святога Касцёла. Атуляй заўсёды наступніка святога Пятра сваёю ласкаю і благаслаўленнем. Адары яго ласкаю доўгага жыцця, добрага здароўя, суцеш у цярпеннях і ўчыні, каб яго апостальская праца прынесла як мага большы плён для ўсяго хрысціянства. Змілуйся, Божа, над ім праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых, а таксама дазволь, Ойча Нябесны, каб ён усіх нас давёў да жыцця вечнага. Амэн. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... qqq Малітва за святароў Ойча Нябесны, Тваёй апецы давяраем нашых пастыраў, якія падаюць нам хлеб слова Божага і Хлеб Эўхарыстычны. Дай ім сілу для працы і айцоўскае сэрца, каб мы праз іх паслугу маглі дайсці да збаўлення вечнага. Амэн. qqq Малітва за памерлых святароў Божа, Ты паклікаў святароў да сваёй службы і ўчыніў іх пастырамі нашых душаў. Аддаю Табе ў апеку ўсіх памерлых святароў, якія пры жыцці вялі мяне да Цябе. Выслухай маю малітву і дай ім шчасце ў небе разам з усімі Апосталамі. Амэн. qqq Малітва за парафію Пане Езу Хрыстэ, Добры Пастыр! Глянь ласкава з нябёсаў на нашу парафію, на гэты маленькі статак у Тваёй вялікай аўчарні святога Касцёла. Просім Цябе за нашу супольнасць, за старых і маладых, за добрых і грэшных, за здаровых і хворых. Беражы дзяцей нашай парафіі ад усялякай сапсаванасці і дапамажы ім вырасці на Тваю хвалу і ўцеху бацькам. Барані нашу моладзь ад грахоў, распалі ў ёй любоў да цнатлівасці, а лепшых сярод яе выберы сабе на службу ў святарскім і манаскім стане. Благаславі бацькоў, каб сваім словам і прыкладам належна выхоўвалі моладзь. Умацуй хворых, прасвятлі тых, хто ў сумненнях і роспачы, запалі сэрцы абыякавых, навярні грэшнікаў і суцеш засмучаных. Беражы нашу парафію ад аблудаў і ерасяў, ад усялякіх цяжкіх грахоў, што выклікаюць Твой справядлівы гнеў. Умацуй нас, каб мы верна трымаліся святых традыцый нашых продкаў і адзінага паўсюднага каталіцкага Касцёла. Дай нашым парафіянам паразуменне і любоў да дасканаласці, благаславі тых, хто прыступае да Тваіх святых сакрамэнтаў, і адары трывалым поспехам працу нашага пастыра, каб мы ўсе пад ягонаю апекаю шчасліва ўвайшлі ў Тваё Валадарства. Амэн. qqq Малітва міністранта Пане Езу Хрыстэ, Ты паклікаў мяне, каб я ішоў за Табою да Айца. Хачу ісці з Табою; будзь святлом, якое мяне асвячае. Будзь сілаю, якая мяне напаўняе. Будзь маім Настаўнікам, якога я слухаю і за якім іду. Запішы свае словы ў сэрца маё. Навучы мяне наследаваць Цябе. Напоўні мяне Тваім жыццём, каб я праслаўляў Айца і служыў братам так, як Ты вучыў. Выбаў мяне ад граху. Дапамажы мне жыць згодна з Тваёю воляю. Удзялі мне свайго Духа і дазволь, каб Тваё абяцанне выканалася ўва мне. Хачу жыць ва ўдзячнасці Табе, з Табою і ў Табе – у любові Духа Святога дзеля хвалы Айца. Марыя, Маці Касцёла, будзь для мяне Маці на шляхах майго жыцця. Выпрасі мне, Маці цудоўнай любові, Духа любові, Духа мудрасці крыжа, які вядзе да ўваскрашэння. Амэн. qq Малітва перад чытаннем Святога Пісання Духу Святы Божа, вось мы стаім перад Табою, як некалі Самуэль, і просім: «Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой». Дай нам ласку глыбокага разумення Твайго слова, каб мы маглі зразумець і захаваць яго на ўсё сваё жыццё. Амэн. qqq Малітва пасля чытання Святога Пісання Духу Святы Божа, гэтак, як Апосталы, мы хочам спаўняць слова, а не толькі слухаць яго. Дай нам моцы Тваёй, каб, спаўняючы пачутае слова, мы ўзрасталі ў цнотах дзеля збаўлення душаў нашых і нашых бліжніх. Амэн. qqq Малітва за Айчыну (паводле кс. Пятра Скаргі) Божа, Валадару і Пане народаў, з рук сваіх і волі сваёй не выпускай нас, а праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны і Каралевы нашай благаславі Айчыну нашу, каб яна была заўсёды верная Табе і хвалу прыносіла Твайму святому імені, а сыноў і дачок сваіх вяла да вечнага шчасця. Усемагутны вечны Божа, адары нас глыбокаю і шчыраю любоўю да братоў, сясцёр і наймілейшай маці-Айчыны нашай, каб мы ёй і люду Твайму, забыўшыся пра ўласную карысць, годна служыць маглі. Спашлі Духа Святога на слугаў Тваіх, якія кіруюць нашай краінай, каб яны згодна з Тваёю воляю маглі мудра і справядліва кіраваць давераным ім людам. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва на заканчэнне старога года Божа, Ты праз пастаянную змену дзён, начэй, месяцаў і гадоў паказваеш нам, як мінае час. Дай нам, просім, так умела выкарыстоўваць час на малітву, працу і адпачынак, каб мы маглі пасля цяжкасцяў зямнога жыцця атрымаць вечны адпачынак у небе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва за Айчыну (чытаецца на заканчэнне года) Усемагутны Божа, узносім да Цябе малітвы за нашу Айчыну і народ і дзякуем Табе за незлічоныя дабрадзейнасці, якімі Ты меў ласку з любоўю адарыць нас. Асабліва дзякуем за тое, што Ты паклікаў нас да святой каталіцкай веры і дазволіў нам шмат вытрываць дзеля яе, што даў нам паўсюдную і асаблівую любоў да нашай Каралевы і Тваёй Найсвяцейшай Маці, а таксама ўпэўненасць, што і Яна, як Маці, нас любіць. Дзякуем за ўсе выпрабаванні, праз якія нас наведваў і наведваеш. Праслаўляем праз іх не толькі найсвяцейшую волю Тваю, але таксама любоў і дабрыню, якая ўсюды так бачна шукае карысці для нас і для іншых. Просім Цябе, спрадвечны Ойча, каб мы пастаянна ўзрасталі ў веры і вернасці і заўсёды выконвалі з нязменнай ахвотай Тваю волю. Учыні, каб заўсёды трываў у нас каталіцкі дух і сыноўняя адданасць Апостальскай Сталіцы; навучы нас пакорна прызнавацца ў сваіх правінах і шчыра за іх пакутаваць; дай нам братнюю згоду, пакору і пачуццё справядлівасці; запалі ў нашых сэрцах сапраўдную любоў да ўсіх, з кім нас альбо адна кроў яднае, альбо звязваюць жыццёвыя абставіны, альбо ўчыненыя нам крыўды і несправядлівасці раздзяляюць нас на варожыя лагеры. Дай нам, о Божа, такую святасць, якая не ведае помсты і ўзносіцца па-над самалюбствам асабістым і нацыянальным. Не дазволь нам праз легкадумнасць альбо праз маладушнасць сысці з дарогі высакародных прынцыпаў альбо грашыць лянотаю, адсутнасцю пастаянства, не дазволь забаўляцца ўяўленнямі праўды і выдумкамі. Знішчы ў нашых сэрцах жаданне дарэмнай хвалы і прагу часовых задавальненняў, каб мы няспынна і поўным крокам імкнуліся да хвалы ў небе, бо толькі яна адна – сапраўдная хвала і сапраўднае шчасце. О Пане, абудзі ў нашых сэрцах апостальскую адданасць, каб мы ні на каго не рабілі дрэннага ўплыву, а імкнуліся дапамагаць усім у справе збаўлення, каб праз ўчынкі, малітву і любоў памнажалі Тваю хвалу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва на пачатак новага года Пане Езу, Ты вучыў нас усё пачынаць у імя Тваё. Таму ў імя Тваё мы распачынаем новы год. Праслаўляем Цябе, Езу, Валадару вякоў, і дзякуем Табе за падараваны час. Няхай імя Тваё ўшаноўваецца на ўсёй зямлі, няхай прыйдзе Валадарства Тваё. Дапамажы нам у гэтым годзе ўсё лепш распазнаваць, прымаць і выконваць Тваю святую волю. Шчодраю рукою май ласку адорваць кожнае стварэнне, няхай кожны мае штодзённы хлеб. Навучы нас любіць братоў і жыць у згодзе з бліжнімі. Адары ўсіх нас спакоем. Май ласку дараваць нам грахі і вызвалі нас ад усялякага няшчасця, якое можа нам пагражаць. Панна Марыя, урачыстасць Мацярынства якой мы сёння адзначаем, атулі жыццё наша сваёю Матчынаю апекаю. Амэн. qqq Малітва св. Францішка аб духу любові Учыні мяне, Пане, прыладаю Твайго спакою, каб нёс любоў туды, дзе пануе нянавісць, каб прабачаў там, дзе абражаюць, каб яднаў там, дзе сварка і звада, каб праўду казаў там, дзе ёсць фальш, каб нёс веру туды, дзе ёсць сумненне, каб абуджаў надзею там, дзе пануе роспач, каб распаліў святло там, дзе валадарыць цемра, каб нёс радасць туды, дзе турбуе неспакой. Учыні, каб не шукаў я суцяшэння, а суцяшаў іншых, каб не прагнуў разумення, але каб разумеў іншых, каб не шукаў любові да сябе, а любіў іншых. Бо той, хто дае, заўсёды атрымлівае, хто не шукае свайго, той знаходзіць, хто прабачае, таму будзе прабачана, бо, паміраючы, мы нараджаемся для жыцця вечнага. qqq Малітва аб пазбаўленні ад дрэнных думак Усемагутны і міласэрны Божа, выслухай нашыя просьбы і вызвалі нашыя душы ад спакусаў дрэнных думак, каб мы маглі быць годным месцам прабывання Духа Святога. Пане, узносім да Цябе малітвы, каб Ты вызваліў нашыя душы ад нячыстых і нядобрых думак. Божа, Ты асвячаеш кожнага чалавека, які прыходзіць на гэты свет, асвяці нашыя сэрцы святлом сваёй ласкі, каб мы заўсёды мелі думкі, годныя велічы Тваёй, а таксама шчыра Цябе любілі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва ў цярпенні Усемагутны вечны Божа, суцяшэнне засмучаных і сіла церпячых, пачуй просьбы тых, хто ў кожным цярпенні да Цябе звяртаецца, каб усе яны маглі радавацца, што ў сваіх патрэбах спазналі Тваю міласэрнасць. Просім Цябе, Пане, выслухай ласкава малітвы свайго люду і, хоць заслужана мы церпім за нашыя грахі, выбаў нас праз сваю міласэрнасць дзеля хвалы імя Твайго. Божа, Ты знішчыў пыху адвечнага ворага, сатаны, праз цярплівасць свайго Адзінароднага Сына, дай нам, просім, з пашанаю разважаць пра цярпенні Хрыста, якія Ён з любові да нас вынес, і дапамажы нам так, як Ён, у спакоі духа вытрываць усе цяжкасці. Ойча, калі Ты хочаш, то аддалі ад мяне гэты келіх, аднак не мая, але Твая воля няхай станецца. Амэн. qqq Малітва самотнага чалавека Пане мой і Божа, так склалася, што жыву я ў адзіноце. Часам цешыць мяне мая свабода, але часта прыгнятае мяне мая самота і сам у сябе пытаю: якая карысць з такога жыцця? Дай мне зразумець, што мая самота – гэта не пакінутасць, што я вольны для таго, каб дапамагаць людзям, што я адзін, каб жыць для многіх, што мая любоў патрэбная іншым. Натхні мяне надзеяй, каб маё жыццё стала служэннем. Амэн. qqq Малітва аб пакоры Божа, Ты супраціўляешся ганарыстым, а пакорным даеш ласку. Удзялі нам цноту сапраўднай пакоры, прыклад якой даў нам Твой Адзінародны Сын, каб мы пыхаю не выклікалі Твайго гневу, але праз пакору атрымалі дары Тваёй ласкі. Просім Цябе, Пане, дазволь нам вымаліць ласку сапраўднай пакоры, каб мы, выкінуўшы з сэрцаў нашых пажадлівасць цела і вачэй, а таксама пыху гэтага свету, жылі разважна, справядліва і пабожна і дасягнулі вечнай узнагароды ў небе. Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас ад бруду нашых грахоў і праз пакору давядзе нас да Валадарства Нябеснага. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва аб цвярозасці О добры Божа, дай нам дасканала зразумець, якою вялікаю дабрадзейнасцю з’яўляецца цвярозасць у вачах Тваіх. Няхай знікне ва ўсёй нашай Айчыне п’янства і запануе цвярозасць. Шчырым сэрцам просім аб дары цвярозасці для ўсіх, каго любім, асабліва для N. (імя), які знаходзіцца ў залежнасці ад алкаголю. А нас саміх, о добры Ойча, навучы асабліва паважаць цноту цвярозасці, іншых да яе заклікаць і вытрываць у заўсёднай еднасці з Езусам Хрыстом, які жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн. Маці Божая, Валадарка і Заступніца наша, дапамажы нам. Святы Міхале арханёле, барані нас. Святы Яне Хрысціцелю, апякуне цвярозасці, маліся за нас. qqq Малітва аб благаслаўленні для сям’і Божа добры і міласэрны, аддаем у Тваю апеку наш дом, сям’ю і ўсё, што маем. Благаслаўляй нас, беражы ад усяго злога, ахоўвай у небяспецы, захоўвай ад няшчасця, умацоўвай нашу веру. У смутку і цярпенні дай шчырую надзею. Учыні, каб мы заўсёды былі паяднаныя з Табою. Амэн. qqq Малітва за бацькоў Пане Божа, Ты даў нам запаведзь, каб мы шанавалі бацьку і маці. Усім сэрцам люблю сваіх бацькоў. Ведаю, як я ім абавязаны, і таму прашу Цябе: май іх у Тваёй апецы, адары іх здароўем і вядзі па жыцці дарогаю Тваіх запаведзяў. Дай ім шчаслівую старасць, а калі прыйдзе час, прымі іх у сваё Валадарства. Амэн. qqq Малітва за памерлых бацькоў Божа, Ойча Нябесны, аддаем Табе ў апеку нашых памерлых бацькоў. Ты ведаеш іх працу і цяжкасці жыцця. Праз муку і смерць Твайго Сына, у якога яны верылі, прабач ім усе грахі і прымі іх у сваё Валадарства. Дапамагай нам весці годнае жыццё, каб мы маглі сустрэцца з імі ў шчаслівай вечнасці. Амэн. qqq Малітва бацькоў за дзяцей Пане Божа, Ты паклікаў нас стварыць сям’ю і пажадаў узбагаціць яе нашчадкамі. Даручаем Табе нашых дарагіх дзяцей. Аддаем іх Тваёй усемагутнай бацькоўскай апецы, каб яны пастаянна ўзрасталі ў Тваёй святой боязі, вялі праўдзівае хрысціянскае жыццё і прыносілі радасць не толькі нам, якія далі ім жыццё, але найперш Табе, свайму Стварыцелю. Амэн. qqq Малітва бацькоў у інтэнцыі зачатага дзіцяці Марыя, Маці добрай рады, Цябе прашу аб дапамозе, каб зачатае дзіця стала радасцю нашага дома, народа і Касцёла. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва маці ў благаслаўлёным стане Умілаваны Нябесны Ойча, дзякую Табе, што даў мне ласку насіць пад сэрцам дзіця і даць яму жыццё. Ты даверыў мне таямніцу жыцця і за гэта я прагну праслаўляць Цябе. Дазволь мне дзякаваць Табе за гэты вялікі дар. Асвяці ахвяру маіх намаганняў, стань пры мне ў цяжкую хвіліну, дапамажы мужна вытрываць і нарадзіць здаровае дзіця. Разам з мужам мы давяраем яго Тваёй айцоўскай любові і прымем усё, што давядзецца нам выканаць і выцерпець. Дай мне, Божа, добрыя, чыстыя думкі, каб я жывіла зачатае дзіця не толькі сваёю крывёю, але таксама Тваёю ласкаю, любоўю і сапраўднаю радасцю. Не дазволь нам ніколі забыць, што гэтае дзіця было даверана нам Табою і павінна стаць дзіцем Божым. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. * * * Маці Езуса, Ты – Маці таго, хто з’яўляецца жыццём. Ты – Маці жыцця. Бог у сваёй усемагутнасці ўчыніў так, што я таксама нашу ў сабе жыццё і павінна даць яго свету. Колькі таямніцы ў тым, што паўстае новае чалавечае жыццё, колькі трэба дапамогі Божай, каб гэтае жыццё развівалася ў бяспецы! Прашу Цябе, Маці, дапамажы, каб я штораз лепш разумела сваё пакліканне да мацярынства як годнасць і адказнасць і каб за гэта была ўдзячная Богу. Сардэчна прашу, памятай пра мяне і пра ўсіх маці, якія чакаюць нараджэння свайго дзіцяці, і выпрасі для нас шчодрую дапамогу неба. Божа, наш Ойча, адары маё дзіця самымі прыгожымі зямнымі і нябеснымі дарамі, каб тут, на зямлі, яно прыносіла Табе хвалу, а для нас было крыніцай радасці. Маці Найсвяцейшая, Ты сама спазнала радасць мацярынства, навучы мяне рабіць усё так, каб не ўчыніць крыўды свайму дзіцяці. Выпрасі для мяне цноту цярплівасці і мужнасці, каб дзеля майго дзіцяці я змагла вытрываць усе цяжкасці. Амэн. qqq Малітва ў кожнай патрэбе Акажы нам, Пане, вялікую міласэрнасць сваю. Няхай яна вызваліць нас ад усіх грахоў нашых і заслоніць ад караў, якіх мы заслугоўваем. Просім Цябе, Пане, няхай Твая ласка ачысціць нас і ўмацуе ў служэнні Табе. Учыні, Пане, просім Цябе, каб мы, вольныя ад зямных прывязанасцяў, імкнуліся да поўнага ўдзелу ў таямніцы жыцця Божага, пачатак якому ў нас даў cвяты хрост. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва вадзіцеля Божа, дай мне ўпэўненую руку і пільнае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва для тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і адвядзі ад мяне спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды спадарожнічалі мне. Амэн. qqq Благаслаўленне ў дарозе Няхай усемагутны і міласэрны Пан вядзе нас дарогаю спакою, а Яго анёл няхай беражэ нас, каб мы ў спакоі і бяспецы змаглі дасягнуць мэты свайго падарожжа. Амэн. qqq Малітва перад вучобаю О добры Божа, прасвятлі нас Духам Тваім Святым, які дае розум і ўмацоўвае духоўныя сілы, каб мы ўважліва спасцігалі ўсе навукі і раслі Табе, Стварыцелю нашаму, на славу, бацькам і настаўнікам нашым на радасць і ўцеху, Касцёлу і Бацькаўшчыне на дабро і славу. Амэн. qqq Малітва перад працаю Пане і Божа мой, найлепшы Ойча! Ты паклікаў мяне, каб я сваёю працаю ўдасканальваў свет. Дзякую Табе за даручэнні, магчымасці і здольнасці. Дапамажы мне кожны дзень служыць Табе добрасумленнаю працаю, зычлівасцю да супрацоўнікаў, разуменнем і добрым словам. Добрым настроем і прыкладам я хацеў бы ўлагодзіць сваркі, непаразуменні і падазронасць. Дапамажы мне такім чынам паспрыяць дабру маіх бліжніх і ўдасканаленню свету. Амэн. * * * Пане Божа, асвячай нашыя ўчынкі сваім натхненнем і падтрымлівай сваёю дапамогаю, каб мы кожную малітву і працу з Табою пачыналі і з Табою заканчвалі. Амэн. qqq Малітва аб дажджы Божа Ойча, Стварыцель неба і зямлі, які аддзяліў воды ад сушы, спашлі нам дождж, каб зямля, Табою створаная, прынесла багаты плён, патрэбны для жыцця людзей, якія з’яўляюцца Тваімі дзецьмі. Удзялі, Пане, нашым душам шчодрай расы2 Тваёй ласкі, каб мы, узбагачаныя ёю, ахвотна Табе, Ойча, служылі і добрымі ўчынкамі заслужылі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. qqq Малітва аб добрым надвор’і Божа, Ты ў Святым Пісанні кажаш, што «ў святле аблічча караля – жыццё» (Прып 16, 15) , пакажы нам і зямлі, якую Ты стварыў, святло свайго аблічча і спашлі нам добрае надвор’е. Сваім ласкавым і светлым абліччам асвяці, Ойча, нашыя сэрцы, умацуй у нас бляск Тваёй ласкі, каб мы праз добрыя ўчынкі атрымалі тое, аб чым просім. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Агульны катэхізіс
14.07.2008 14:39
Галоўныя праўды хрысціянскай веры Сем сакрамэнтаў Касцёла Пяць умоваў сакрамэнту пакаяння Дзве запаведзі любові Дзесяць Божых запаведзяў Пяць касцёльных наказаў Сем галоўных грахоў Грахі супраць Духа Святога Грахі, якія наклікаюць Божую помсту Грахі іншых па нашай віне Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга Тэалагічныя цноты Кардынальныя цноты Чатыры апошнія рэчы Дары Духа Святога Плады Духа Святога Евангельскія парады Восем благаслаўленняў Хрысціянскае прывітанне Галоўныя праўды хрысціянскай веры Ёсць адзін Бог. Бог — Суддзя справядлівы: за добрае ўзнагароджвае, а за злое карае. Бог — адзін у трох Асобах: Бог Айцец, Сын Божы і Дух Святы. Сын Божы стаўся чалавекам і памёр на крыжы дзеля нашага збаўлення. Душа чалавека несмяротная. Ласка Божая неабходная для збаўлення. Сем сакрамэнтаў Касцёла Хрост. Канфірмацыя. Эўхарыстыя. Пакаянне. Намашчэнне хворых. Пасвячэнне. Сужэнства. Пяць умоваў сакрамэнту пакаяння Рахунак сумлення. Жаль за грахі. Цвёрдае пастанаўленне выправіцца. Шчырая споведзь. Выкананне прызначанай пакуты. Дзве запаведзі любові Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе. Дзесяць Божых запаведзяў Я – Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне. Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна. Памятай дзень святы святкаваць. Шануй бацьку свайго і маці сваю. Не забівай. Не чужалож. Не крадзі. Не сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго. Не пажадай жонкі бліжняга твайго. Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму. Пяць касцёльных наказаў У нядзелі і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у св. Імшы і не рабіць неабавязковай працы. Прынамсі раз у год прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Прынамсі раз у год, у Велікодны перыяд, прыняць св. Камунію. Захоўваць ва ўстаноўленыя дні пост і ўстрыманне ад мясных страў, а ў перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах. Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла. Сем галоўных грахоў Пыха. Хцівасць. Зайздрасць. Гнеў. Распуста. Неўмеркаванасць у ежы і піцці. Лянота. Грахі супраць Духа Святога Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Роспач альбо сумненне ў Божай ласцы. Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры. Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку. Закамянеласць у грахах. Адкладаць пакаянне аж да смерці. Грахі, якія наклікаюць Божую помсту Наўмыснае забойства. Садомскі грэх. Крыўда ўбогага, удавы і сіраты. Затрымліванне належнай платы. Грахі іншых па нашай віне Загадваць грашыць. Намаўляць да граху. Дазваляць грашыць. Раіць грашыць. Хваліць грэх. Замоўчваць грэх. Не караць граху. Дапамагаць грашыць. Абараняць грэх. Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі Малітва. Пост. Міласціна. Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга Настаўляць грэшнікаў. Вучыць тых, хто не ведае. Раіць тым, хто сумняваецца. Суцяшаць засмучаных. Зносіць цярпліва знявагу. Дараваць ахвотна крыўду. Маліцца за жывых і памерлых. Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга Накарміць галодных. Напаіць сасмаглых. Адзець нагіх. Прыняць у дом падарожных. Адведваць хворых. Суцяшаць вязняў. Пахаваць памерлых. Тэалагічныя цноты Вера. Надзея. Любоў. Кардынальныя цноты Разважлівасць. Справядлівасць. Мужнасць. Устрыманасць. Чатыры апошнія рэчы Смерць. Суд . Пекла. Рай. Дары Духа Святога Мудрасць. Розум. Рада. Мужнасць. Умеласць. Пабожнасць. Боязь Божая. Плады Духа Святога Любоў. Радасць. Спакой. Доўгацярплівасць. Спагадлівасць. Дабрыня. Велікадушнасць. Вернасць. Лагоднасць. Сціпласць. Умеркаванасць. Чыстасць. Евангельскія парады Убогасць. Чыстасць. Паслухмянасць. Восем благаслаўленняў Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць. Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну. Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць. Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць. Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае. Хрысціянскае прывітанне Пахвалёны Езус Хрыстус! – На векі вечныя. Амэн. альбо: Хвала Хрысту! – Хвала навекі.
Асноўныя малітвы на працягу дня
14.07.2008 14:32
( Асноўныя малітвы на лацінскай мове ) Знак Святога Крыжа У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. Праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн. Малітва Панская Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн. Анёльскае прывітанне Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою, благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго, Езус. Святая Марыя, Маці Божая, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн. Апостальскі сімвал веры Веру ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі, і ў Езуса Хрыста, Сына Яго адзінага, Пана нашага, які быў зачаты ад Духа Святога, нарадзіўся з Дзевы Марыі, замучаны пры Понцкім Пілаце, укрыжаваны, памёр і быў пахаваны; зышоў да адхлані, на трэці дзень уваскрос з памерлых, узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца ўсемагутнага, адтуль прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Веру ў Духа Святога, святы Касцёл каталіцкі, еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела, жыццё вечнае. Амэн. Анёл Панскі Тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам – звычайна ў касцёлах б’юць званы, заклікаючы вернікаў да праслаўлення Бога ў таямніцы ўцелаўлення, да ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі словамі гэтай малітвы, якая чытаецца стоячы. Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі, і зачала ад Духа Святога. Вітай, Марыя... Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле Твайго слова. Вітай, Марыя... А Слова сталася целам і пасялілася між намі. Вітай, Марыя.. . С.: Маліся за нас, Святая Багародзіца, Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых. Молімся: Божа, просім Цябе, улі ў нашыя сэрцы Тваю ласку, каб мы, пазнаўшы праз анёльскае звеставанне ўцелаўленне Хрыста, Твайго Сына, праз муку Яго і крыж былі даведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Калі Анёл Панскі ахвяруецца за памерлых, тады дадаецца: Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн. У Велікодны перыяд замест малітвы Анёл Панскі чытаецца малітва Уладарка неба: Уладарка неба, усцешся, аллелюя. Бо той, каго пад сэрцам насіла, аллелюя, Уваскрос Ён, як прадказваў, аллелюя. Богу за нас маліся, аллелюя. С.: Весяліся і радуйся, Панна Марыя, аллелюя, Н.: Бо ўваскрос Пан праўдзіва, аллелюя. Молімся: Божа, Ты праз уваскрасенне Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста, напоўніў свет радасцю, учыні, просім, каб праз заступніцтва Яго Маці, Панны Марыі, мы атрымалі радасць вечнага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Акт веры Веру ў Цябе, Божа вечны, У Тройцы адзіны, спрадвечны. Веру ў тое, што аб’явіў Ты, Божа, Тваё слова памыляцца не можа. Акт надзеі Давяраю, бо Ты верны, Усемагутны і міласэрны. Дай грахоў мне адпушчэнне, Ласку й вечнае збаўленне. Акт любові Божа, хоць Цябе не разумею, Ды найбольш любіць умею, За ўсё, што створана Табою, Тваёй бязмежнай дабрынёю. Шкадую за злосць маю, Бо цаню любоў Тваю. Май літасць да грэшнага мяне. Бліжнім прабачаю дзеля Цябе. Штодзённае ахвяраванне Божае Сэрца Езуса, ахвярую Табе праз Беззаганнае Сэрца Марыі ўсе малітвы, справы, працу і крыж сённяшняга дня як перапрашэнне за грахі мае. Далучаю іх да ўсіх тых інтэнцый, з якімі Ты за нас ахвяраваўся на Крыжы і пастаянна ахвяруеш сябе на алтары. Ахвярую Табе іх за святы Касцёл, за Айца Святога і ў інтэнцыях сённяшняга дня, а таксама ў інтэнцыях нашай парафіі, сям’і, святароў і маіх родных – жывых і памерлых. Прагну таксама атрымаць усе магчымыя адпусты і ахвярую іх за душы ў чыстцы. Амэн. Малітва перад ежай Благаславі, Пане Божа, нас і гэтыя дары, якія будзем спажываць з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці, і навучы нас дзяліцца хлебам і радасцю з тымі, хто іх не мае. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Малітва пасля ежы Дзякуем Табе, Пане Божа, за гэтыя дары, якія з Тваёй святой дабрыні і міласэрнасці мы спажывалі. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Малітва да Анёла Ахоўніка Анёле Божы, дружа мой, Ты заўсёды будзь са мной. Рана, ўвечар і ўначы Будзь ласкаў мне памагчы Змагаць духа злога, Верна служыць Богу. Душу, цела сцеражы, Да жыцця вечнага давядзі. Амэн. Ранішняя малітва Пане і Божа мой, у глыбокай пакоры станаўлюся перад Табою на калені і аддаю Табе паклон, пашану і хвалу. Будзь праслаўлёна Найсвяцейшая Тройца! Божа Ойча, які мяне стварыў, Божа Сыне, які мяне адкупіў, Божа Духу Святы, які мяне асвяціў! Усемагутны вечны Божа, шчыра дзякую Табе за тое, што Ты мяне ў гэтую ноч ласкава аберагаў і захаваў ад раптоўнай смерці. Ахвярую Табе, о Божа, усе думкі, словы і ўчынкі мае, каб яны паслужылі яшчэ большай хвале Тваёй. Прымі мяне і ўсіх маіх родных, сяброў і дабрадзеяў пад сваю святую апеку і ўчыні, каб тут, на зямлі, мы верна Табе служылі, а пасля смерці дасягнулі шчасця вечнага. Амэн. Вячэрняя малітва Усемагутны вечны Божа, дзякую Табе за ўсе ласкі і дабрадзейнасці сённяшняга дня; за радасць і смутак, за дасягненні і няўдачы. Прымі ўсё на хвалу Тваю. Хачу таксама перапрасіць Цябе за ўсе мае сённяшнія правіны. Зрабі кароткі рахунак сумлення, прыгадай, што нядобрае ўчыніў, сказаў альбо падумаў на працягу дня. Якія абавязкі занядбаў? Ці быў ты сёння лепшы, чым учора? За добрае падзякуй Богу, за грахі – перапрасі. Божа, Ойча найлепшы, шкадую і перажываю ўсім сваім сэрцам, што Цябе – Найвышэйшае Дабро – грахамі абразіў і засмуціў. Адчуваю сорам і агіду да ўсіх сваіх грахоў і цвёрда пастанаўляю выправіцца з дапамогаю Тваёй ласкі, аб якой пакорна прашу Цябе. Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага! О мой Езу, будзь для мяне не Суддзёю, але Збаўцам! Цяпер, о Божа, вазьмі мяне ў сваю святую апеку. Захавай мяне ад усялякага няшчасця і небяспекі, а таксама захавай маіх родных і ўсіх, за каго я павінен маліцца. Праз заслугі мукі, смерці і ўваскрасення Твайго Сына, Пана нашага Езуса Хрыста захавай нас у гэтую ноч ад раптоўнай і неспадзяванай смерці. Спашлі нам Анёла Ахоўніка, каб ён аберагаў нас ад подступаў сатаны. Дай нам спакойны і моцны сон, каб заўтра абудзіліся здаровымі для працы на хвалу і пашану імя Твайго. Просім Цябе праз Хрыста, Пана нашага. Амэн. Езу, Марыя, святы Юзэфе, вам аддаю сэрца і душу маю. Езу, Марыя, святы Юзэфе, будзьце са мною пры кананні. Езу, Марыя, святы Юзэфе, няхай пры вас у спакоі аддам духа майго. Амэн. Кладучыся спаць, зрабі знак крыжа асвячанай вадой і скажы: Езу Хрыстэ, у імя Тваё спаць кладуся, з душою і целам у апеку Табе аддаюся. Амэн. Ойча наш... Вітай, Марыя... Веру ў Бога... Анёл Панскі...
Аўторак, 29 красавіка 2008
Ролі і задачы Цэркваў і царкоўных супольнасцяў перад выклікамі сучаснасці
29.04.2008 18:48
Прапануем вашай увазе выступленне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на сустрэчы працоўнай групы ў рамках праекту «Прымірэнне ў Еўропе: місія Цэркваў Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны», якая адбудзецца 5–8 мая 2008 г. у Мінску.
Чацвер, 3 красавіка 2008
Божая міласэрнасць — мяжа злу
03.04.2008 21:39
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Першым сусветным апостальскім кангрэсе, прысвечаным міласэрнасці Рым, 3 красавіка 2008 г.
Старонка 24 з 24
У пачатак
Назад
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Наперад
У канец
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галоўная
Анонсы
divider
Беларусь
Ватыкан
Замежжа
divider2
Навіны
Касцёл у Беларусі
Літургія
Бібліятэка
Пра нас
Папулярныя радзелы навінаў
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Віцебская дыяцэзія
Гродзенская дыяцэзія
Пінская дыяцэзія
Грэка-каталіцкая Царква
Апостальская Сталіца
Замежжа
Інтэрв'ю
Папа Францішак
Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця