- Малітва да святога Арханёла Міхала
- Малітва да святога Юзафа, рамесніка
- Малітвы да св. Юды Тадэвуша
- Малітвы да св. Бэнэдыкта
- Малітва да св. Антонія
- Малітва да св. Андрэя Баболі
- Малітва да св. Максімільяна Кольбэ
- Малітва да св.Тэрэзы ад Дзіцятка Езус
- Малітва да св. Піо
- Малітва да святога Апекуна
- Малітвы да святога Роха
- Малітва праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ
qqqМалітва да святога Арханёла Міхала,
апекуна Беларусі (29. IX)*
Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.
У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.
Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.
* У дужках падаецца дзень, у які ўшаноўваецца святы ці благаслаўлёны.
qqqМалітва да св. Юзафа, рамесніка (19. ІІІ)
(паводле св. Пія X, папы)
Праслаўлены святы Юзэфе, прыклад для ўсіх працуючых, выпрасі для мяне ласку, каб працаваў я ў духу пакаяння, прагнучы перапрасіць за шматлікія мае грахі; каб працаваў сумленна з пачуццём абавязку, а не для свайго задавальнення; каб працаваў з радасцю і ўдзячнасцю Богу і ганарыўся тым, што магу жыць і развіваць праз працу дары, атрыманыя ад Бога; каб працаваў годна, спакойна, па меры сваіх сіл і з цярплівасцю, не адступаючы перад стомаю альбо цяжкасцямі; каб працаваў перадусім у добрай інтэнцыі, забываючы пра сябе, пастаянна памятаючы пра тое, што ў момант смерці я павінен буду адказаць за страчаны час, за змарнаваныя таленты, за занядбанне добрага, за пустую ганарыстасць у час поспеху, што так шкодзіць у Божых справах. Усё для Езуса, усё праз Марыю, усё па твайму прыкладу, о святы ойча Юзэфе. Няхай гэтыя словы будуць маім дэвізам на працягу жыцця і ў хвіліну смерці. Амэн.
qqqМалітвы да св. Юды Тадэвуша (28. Х)
Св. апостал Юда, празваны Тадэвушам, што азначае «велікадушны», быў братам Якуба Меншага і сваяком Езуса Хрыста. Тадэвуш, як і яго браты, усім сэрцам адданы справе распаўсюджвання Евангелля, спадарожнічаў Збавіцелю падчас Яго апостальскай дзейнасці. Ён – аўтар Паслання, адной
з кніг Новага Запавету. Згодна з традыцыяй, першапачаткова абвяшчаў Евангелле ў Месапатаміі. Пазней сустрэўся са св. Сымонам у Персіі, дзе яны разам прынялі мучаніцкую смерць.
Малітва аб апецы
Святы Юда Тадэвуш, мой магутны абаронца і апякуне, у сваіх клопатах і цярпеннях аддаюся тваёй цудоўнай апецы.
Я ўдзячны табе за ўсе ласкі, якія ты для мяне выпрасіў. Прашу, і надалей дапамагай мне ў працы, суцяшай у смутку, беражы ад спакусаў. Будзь маёю сілаю ў цяжкасцях, аховаю ў небяспецы.
Учыні, каб я прачынаўся з Богам і з Богам ішоў на спачынак. Дзень за днём вядзі мяне штораз бліжэй да Сэрца Езуса, каб адпачыў я ў Ім пасля працы і жыццёвых змаганняў, каб замест эгаізму, пыхі і абыякавасці ў маім сэрцы запанавалі любоў, ахвярнасць і пакора. Амэн.
Малітва ў патрэбе
Святы Юда Тадэвуш! Ты спрадвеку быў заступнікам тых, хто страціў усялякую надзею на паратунак. У твае рукі я аддаю цярпенні і смутак свайго сэрца. Я спадзяюся на тваё пасрэдніцтва перад Богам. Аддаючы табе сёння свой страх, з якім можа справіцца толькі Бог усемагутны, у пакоры сэрца малю аб заступніцтве. Прашу цябе: выпрасі мне ў Найсвяцейшых Сэрцаў Езуса і Марыі гэтую ласку (назваць просьбу), аб якой з надзеяй малю. Амэн.
Ойча наш..., Вітай, Марыя..., Хвала Айцу...
Малітва ў хвіліну роспачы
Святы Юда Тадэвуш, сваяк Езуса Хрыста, Пана нашага, вялікі апостал і мучанік, славуты дабрадзейнасцямі і цудамі! Ты — магутны заступнік у цяжкіх сітуацыях і безнадзейных справах.
Звяртаюся да цябе з пакораю і даверам, з глыбіні душы просячы аб тваёй дапамозе перад Богам.
О святы мой апякуне, якому Пан Бог даў прывілею ратаваць у тых выпадках, калі ўжо няма надзеі на дапамогу, зірні на мяне ласкава! Жыццё маё поўнае пакутаў і суму; дзень за днём праходзіць яно ў душэўным прыгнёце, а сэрца маё напоўнілася горыччу. Мае жыццёвыя дарогі вядуць праз пакуты, і рэдкі дзень мінае без клопату і слёз. Розум мой агорнуты цемраю; неспакой, заняпад духуі нават роспач урываюцца ў душу так, што я амаль забываю пра Божы Провід.
О святы мой апякуне! Ты не можаш пакінуць мяне ў роспачы. Я не адыду ад ног тваіх, пакуль ты не выслухаеш мяне. Паспяшайся мне на паратунак, і я буду дзякаваць табе ўсё сваё жыццё, павялічваючы тваю славу. Амэн.
Малітва падзякі
Прымі, святы Юда Тадэвуш, удзячную малітву таго, хто знайшоў у цябе дапамогу і літасць. Ведаю, што менавіта тваё заступніцтва выпрасіла для мяне ў Пана Бога палёгку ў цяжкай сітуацыі. Праслаўляю імя тваё і буду дзякаваць табе да канца свайго жыцця. Амэн.
qqqМалітвы да св. Бэнэдыкта (11. VIІ)
Св. Бэнэдыкт, абат, айцец заходняга манаства. Нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (Італія). Некалькі гадоў жыў у пустэльні, потым у Монтэ-Касіна заснаваў ордэн бэнэдыктынаў. Памёр у 543 г. Папа Павел VI у 1964 г. абвясціў св. Бэнэдыкта апекуном Еўропы.
Божа, наш Ойча, Ты напоўніў святога Бэнэдыкта духам Твайго Сына і ўчыніў яго слаўным настаўнікам евангельскай дасканаласці. Дапамажы нам, каб мы, ушаноўваючы яго поўны бляску пераход на неба, імкнуліся да вяршыняў любові і хвалы. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
* * *
Божа, Ты ўдзяліў святому Бэнэдыкту ўсялякія ласкі ў хвіліну смерці, просім Цябе, учыні, каб ён сваім заступніцтвам абараняў нас ад пастак сатаны. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
qqqМалітва да св. Антонія (13. VІ)
Св. Антоні Падуанскі – заступнік тых, хто шукае згубленыя рэчы, апякун нарачоных і сужэнстваў. Ён стаў вядомым у XIII ст. перш за ўсё як тэолаг, францішканскі прапаведнік і абаронца пакрыўджаных людзей. Памёр 13 чэрвеня 1231 г. у Італіі, непадалёк ад Падуі. Праз год пасля смерці быў кананізаваны, а ў 1946 г. абвешчаны доктарам Касцёла.
Святы Антоні, слаўны слуга і прыяцель Езуса Хрыста, ты быў годны насіць Яго на руках у постаці Дзіцяці
і сёння цешышся з Ім у нябеснай краіне. Я ўдзячны Богу за ўсе ласкі і дабрадзейнасці, якія ты выпрасіў для маёй душы. Зноў выбіраю цябе сёння маім апекуном, заступнікам і верным айцом. Абяцаю, што заўсёды буду шанаваць і любіць цябе.
Прашу цябе, святы ойча, вазьмі мяне ў сваю апеку і дапамагай ва ўсіх маіх пачынаннях. Не пакідай мяне, будзь маім спадарожнікам на шляху да вечнасці, маім заступнікам і абаронцам, маёю пуцяводнаю зоркаю як у жыцці, так і пасля смерці. Амэн.
qqqМалітва да св. Андрэя Баболі (16. V)
Св. Андрэй Баболя нарадзіўся 30 лістапада 1591 г. Належаў да ордэна езуітаў, служыў у Вільні, Нясвіжы, Бабруйску, Пінску, быў вядомы як прапаведнік і спаведнік. Шмат зрабіў для адзінства хрысціянаў. 16 мая 1657 г. у Янаве Палескім (цяпер — Іванава Брэсцкай вобл.) быў замучаны казакамі.
Святы Андрэй Баболя, ты так умілаваў нашага Пана Езуса Хрыста, што з маладых гадоў прысвяціў сябе служэнню Яму і цалкам аддаў сябе здабыванню для Яго душаў, карыстаючыся прыкладам уласнага жыцця і словам, не шкадуючы сваіх сілаў і намаганняў ажно да мучаніцкай смерці, якою закончылася тваё апостальскае жыццё. Прашу цябе, праз твае заслугі перад Богам і любоў, якою ты да Яго палаў, выпрасі для мяне ласку, якой так прагну (назваць просьбу).
Дапамагай мне таксама на працягу ўсяго жыцця майго, каб па тваім прыкладзе я заўсёды быў паяднаны з Сэрцам Езуса і цешыўся апекаю Яго Беззаганнай Маці. Амэн.
qqqМалітва да св. Максімільяна Кольбэ (14. VIII)
Св. Максімільян Марыя Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 г. у Польшчы. Вучыўся ў Рыме і атрымаў ступень доктара. У 1918 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў ордэне францішканаў.
Заснавальнік апостальскага таварыства «Рыцарства Беззаганнай» і рэлігійнага часопіса «Рыцар Беззаганнай». Пэўны час служыў у Гродне. Падчас акупацыі быў арыштаваны і вывезены ў Асвенцым.
Там ахвяраваў сваё жыццё за аднаго са зняволеных, бацьку сям’і. Памёр у камеры смерці ў ліпені 1941 г. Папа Павел VІ беатыфікаваў Максімільяна Кольбэ ў кастрычніку 1971 г., а папа Ян Павел ІІ кананізаваў яго 10 кастрычніка 1982 г.
Божа, Ты напоўніў любоўю да бліжніх і палымяным жаданнем служыць справе збаўлення душаў святога Максімільяна Марыю Кольбэ, святара і мучаніка, які аддана ўшаноўваў Беззаганную Панну. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб мы дзеля Тваёй хвалы рупліва служылі бліжнім і ў жыцці і смерці былі падобнымі да Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
qqqМалітва да св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (1. Х)
Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус нарадзілася 2 студзеня 1873 г. на поўначы Францыі. Уступіла ў ордэн сясцёр кармэлітанак, маючы няпоўных 15 гадоў. Пражыўшы няшмат гадоў у ордэне, памерла 30 верасня 1897 г. Сваім жыццём яна паказала, як у звычайнай штодзённасці можна быць святою. Папа Пій ХІ у 1951 г. абвясціў яе заступніцай Расіі, а папа Ян Павел ІІ у 1997 г. надаў ёй тытул доктара Касцёла. Касцёл ушаноўвае яе як апякунку місій.
Пане, Ты сказаў: калі не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Дай нам, просім Цябе, так наследаваць пакору і шчырасць святой Тэрэзы, панны, каб мы заслужылі вечную ўзнагароду. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
qqqМалітва да св. Піо (23. ІХ)
Св. Піо з П’етрэльчыны, святар ордэна Братоў Меншых Капуцынаў, нарадзіўся 25 мая 1887 г. у паўднёвай Італіі. У 1903 г. паступіў у навіцыят айцоў капуцынаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1910 г. З 1916 г. да канца жыцця спаўняў святарскую паслугу ў Сан-Джавані-Ратонда. 20 верасня 1918 г. айцец Піо атрымаў дар стыгматаў на руках, нагах і падрабер’і. Айцец Піо быў чалавекам гераічнай веры і няспыннай малітвы. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця ён цярпеў вялікія пакуты, ахвяруючы іх Богу за грахі людзей. Памёр у святасці 23 верасня 1968 г. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яго ў 1999 г., а 16 чэрвеня 2002 г. абвясціў святым.
Усемагутны вечны Божа, Ты святога айца Піо адарыў ласкаю асаблівым чынам падзяляць муку Твайго Сына на крыжы і праз яго служэнне здзейсніў новыя цудоўныя справы Тваёй міласэрнасці. Праз яго заступніцтва ўчыні, каб, няспынна ўдзельнічаючы ў цярпенні Хрыста, мы былі шчасліва прыведзеныя да хвалы ўваскрашэння. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Святы N. (імя), імя якога я нашу, мой літасцівы апякуне, тваёй апецы, асабліва ў сённяшні дзень, я аддаюся і прашу, каб ты сваім заступніцтвам перад Богам дапамагаў мне ва ўсялякіх патрэбах маіх, ратаваў ад зла і выпрасіў для мяне ласку вернага наследавання тваіх цнотаў.
Учыні, мой дарагі апякуне, каб я захаваў вернасць Богу, нягледзячы на ўсе нягоды зямнога жыцця, і заслужыў ласку шчаслівай смерці. Амэн.