Дзень, прысвечаны Найсвяцейшай Тройцы
Даручэнне сябе Божаму Провіду
О мой Божа, не ведаю, што мяне сёння чакае. Ведаю толькі, што не напаткае мяне тое, чаго б Ты найперш не прадбачыў, не дапусціў альбо не прадвызначыў спрадвеку, — гэта адзінае супакойвае душу маю. Праслаўляю Твае спрадвечныя і неспасцігальныя наказы, з вялікаю пакораю схіляюся перад Тваім абліччам, праслаўляю любоў і дабрыню Тваю. Усё прымаю, усё ахвярую Табе і злучаю гэта з Ахвяраю Езуса Хрыста, майго Збаўцы. Прашу Цябе толькі ў імя Яго і праз Яго нязмерныя заслугі ўдзяліць мне ласку цярплівасці ў непрыемнасцях і ласку поўнай паслухмянасці волі Тваёй ва ўсім. Амэн.
Набажэнства да Найсвяцейшай Тройцы
Малітоўныя заклікі
Веру ў Цябе, давяраюся Табе, люблю Цябе, праслаўляю Цябе, о Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа. Змілуйся нада мною цяпер і ў хвіліну смерці маёй і збаў мяне!
Навучы мяне, Пане, выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой!
О Божа ўсемагутны, учыні мяне святым!
Будзь воля Твая!
Найсвяцейшая Тройца, адзіны Божа, змілуйся над намі!
Ратуй нас, Пане, бо гінем!
Ад усялякага граху выбаў нас, Пане!
У рукі Твае, Пане, аддаю дух мой!
Літанія да Найсвяцейшай Тройцы
Дзень, прысвечаны Духу Святому
Асабістае прысвячэнне Духу Святому
Дух Святы, Дух Божы, Дух Святла і Любові! Табе прысвячаю мой розум, маё сэрца, маю волю і ўсяго сябе.
Учыні, каб мой розум заўсёды з ахвотаю прымаў натхненні, якія паходзяць ад Цябе, і вучэнне святога Касцёла, якім Ты беспамылкова кіруеш; каб сэрца маё заўсёды палала любоўю да Бога і бліжняга, а воля мая заўсёды адпавядала Божай волі; каб усё маё жыццё было верным наследаваннем жыцця і цнотаў нашага Пана і Збаўцы, Езуса Хрыста, якому з Богам Айцом і з Табою няхай заўсёды будзе пашана
і хвала. Амэн.
Малітва за святы Касцёл
Духу Святы, Стварыцелю, прыйдзі ласкава на дапамогу ўсяму каталіцкаму Касцёлу ў змаганні супраць нападкаў непрыяцеляў. Умацуй яго і падтрымлівай сваёю сілаю з вышыняў. Аднаві дух слугаў Тваіх, якіх Ты намасціў сваёю любоўю і ласкаю, каб у Табе праслаўлялі Айца і Сына Яго Адзінароднага, Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва аб духу еднасці
Найсвяцейшы Духу Божы, на заранку Касцёла Ты меў ласку бачным чынам сысці на Апосталаў і вернікаў, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць іх у веры. Горача прашу Цябе: будзь таксама заўсёды з намі, напаўняй нас сваімі дарамі, пралівай на нас святло сваё ў сумненнях нашых, суцяшай нас у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі паводле мудрасці сваёй, яднай нас узаемнаю хрысціянскаю любоўю, каб жылі мы ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і праслаўлялі Цябе на векі вечныя. Амэн.
Дзень, прысвечаны ўшанаванню Анёлаў Апекуноў і святых
Малітвы да святых і благаслаўлёных
Малітва да святога Арханёла Рафала
Пане Божа, май ласку паслаць нам на дапамогу святога арханёла Рафала. Верым, што ён заўсёды знаходзіцца перад абліччам Тваёй Велічы, таму просім: няхай ён прадставіць Табе нашыя сціплыя малітвы, каб атрымалі мы благаслаўленне Тваё. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Малітва да святога Анёла Ахоўніка
(паводле св. Алаізія)
Мілы Богу анёле, ты мяне, даручанага тваёй святой апецы, з пачатку майго жыцця абараняеш, асвячаеш і вядзеш. Ушаноўваю і люблю цябе як свайго апекуна; тваёй апецы цалкам аддаюся і пакорна прашу цябе, каб, не зважаючы на няўдзячнасць маю і занядбанне тваіх натхненняў, ты не пакідаў мяне, але каб мяне, блукаючага, спагадліва накіроўваў, няўмелага – навучаў, а калі падаю – падтрымліваў, засмучанага – суцяшаў, а ў небяспецы ратаваў заўсёды, пакуль не давядзеш мяне да вечнага шчасця. Амэн.
Малітвы да святых і благаслаўлёных
Дзень, прысвечаны св. Юзафу
Малітва да св. Юзафа
У Цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі. Звяртаючыся па дапамогу да тваёй Найсвяцейшай Абранніцы Панны Марыі, з даверам просім таксама тваёй апекі. Праз любоў, якая яднала цябе з Найсвяцейшай Багародзіцай, і праз тваю айцоўскую апеку, якою ты атуляў Езуса ў дзяцінстве, пакорна просім: узглянь ласкава на спадчыну, якую Езус Хрыстус здабыў крывёю сваёю, і сваім магутным заступніцтвам дапамажы нам у патрэбах нашых.
Прадбачлівы Апякуне Сям’і Божай, апякуйся абраным патомствам Езуса Хрыста. Адхілі ад нас, мілы ойча, усялякія памылкі і спакусы. Магутны наш абаронца! Прыйдзі да нас ласкава з нябеснаю дапамогаю ў гэтым змаганні з сіламі цемры і, як некалі ў дзяцінстве выратаваў Езуса ад небяспекі, якая пагражала Ягонаму жыццю, так цяпер барані святы Касцёл Божы ад варожых нападаў і ўсялякіх перашкодаў.
Атуляй кожнага з нас нястомнаю апекаю, каб мы, па твайму прыкладу і тваёю дапамогаю падтрыманыя, маглі жыць у святасці, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Амэн.
Малітвы да святых і благаслаўлёных
Малітва аб цноце чыстасці
Ахоўнік і ойча паннаў, святы Юзэфе, якому ў надзейную апеку былі даручаныя сама нявіннасць – Езус Хрыстус і Панна Марыя. Праз гэты падвойны, найдаражэйшы, табе даручаны скарб, праз Езуса і Марыю, прашу і малю цябе, захавай мяне ад усялякай нячыстасці. Учыні, каб цнатлівымі думкамі, нявінным сэрцам і вольным ад граху целам я заўсёды бездакорна служыў Езусу і Марыі. Амэн.
Малітва да св. Юзафа аб ласцы добрай смерці
Святы Юзаф, суцяшэнне пакутуючых і паміраючых! Ты меў ласку заставацца пры Езусе і Яго Маці ажно да канца сваіх дзён на зямлі. Прашу цябе, заступіся за мяне, каб атрымаў я ласку добрай смерці. Будзь для мяне прыкладам у зямным жыцці і дапамагай мне, каб з пачуццём выкананай місіі, да якой Бог мяне паклікаў, з чыстым сэрцам і ў спакоі адышоў я ў хвіліну смерці на сустрэчу з Айцом. Амэн.
Малітоўныя заклікі
Езус, Марыя, святы Юзаф, вам аддаю сэрца, цела і душу маю.
Езус, Марыя, святы Юзаф, будзьце са мною пры кананні.
Езус, Марыя, святы Юзаф, пры вас я прагну аддаць Богу дух мой.
Святы Юзаф, прыклад для шанавальнікаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса і наш апякуне, маліся за нас!
Дзень, прысвечаны Найсвяцейшаму Сакрамэнту
Малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам
Пане Езу Хрыстэ, Ты з любові да людзей днём і ноччу знаходзішся ў гэтым Найсвяцейшым Сакрамэнце, поўны міласэрнасці і любові, чакаеш, запрашаеш і прымаеш усіх, хто прыходзіць Цябе наведаць. Веру, што Ты прысутнічаеш у Сакрамэнце Алтара, схіляюся перад Табою ў сваёй нікчэмнасці і дзякую за ўсе ласкі, якімі Ты мяне адарыў, асабліва за тое, што Ты сябе самога даў у гэтым Сакрамэнце, што сваю Найсвяцейшую Маці Ты ўчыніў маёю Апякункаю і што мяне заахвоціў наведаць Цябе ў гэтай святыні.
О мой Езу, люблю Цябе ўсім сэрцам. Шкадую, што бязмежную дабрыню Тваю так часта засмучаў. Пастанаўляю з дапамогаю Тваёй ласкі ўжо больш не абражаць Цябе, а цяпер, хоць нічога і не маю, цалкам аддаюся Табе і поўнасцю выракаюся сваёй волі, пачуццяў і жаданняў. З гэтага моманту распараджайся мною і тым, што маё, як Табе, Пане, падабаецца. Прашу толькі і прагну Тваёй святой любові і Тваёй ласкі, каб вытрымаць у добрым і заўсёды выконваць Тваю волю.
Даручаю Табе душы, якія церпяць у чыстцы, перадусім тыя, што асабліва пабожна ўшаноўвалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і Найсвяцейшую Панну Марыю. Даручаю Табе таксама ўсіх грэшнікаў. Мой любы Збаўца, далучы ўсе мае пачуцці да пачуццяў Твайго літасцівага Сэрца. Ахвярую іх Айцу Твайму спрадвечнаму, просячы Яго ў імя Тваё, каб з любові да Цябе прыняў мае просьбы і выслухаў. Амэн.
Малітва праслаўлення
Хай будзе Бог праслаўлёны.
Хай славіцца імя Яго святое.
Хай будзе праслаўлёны Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і Чалавек сапраўдны.
Хай будзе ўзвялічана імя Хрыстова.
Хай будзе праслаўлена Найсвяцейшае Сэрца Езуса.
Хай будзе праслаўлена Найдаражэйшая Кроў Езуса.
Хай будзе ўзвялічаны Езус Хрыстус у Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Хай будзе праслаўлены Дух Святы Суцяшыцель.
Хай будзе ўшанавана Найсвяцейшая Панна Марыя.
Хай будзе ўшанавана Яе святое і беззаганнае зачацце.
Хай будзе ўшанавана поўнае хвалы Яе ўнебаўзяцце.
Хай будзе ўшанавана імя Марыі, Панны і Маці.
Хай будзе ўшанаваны святы Юзаф, Яе прачысты абраннік.
Хай славіцца Бог у сваіх анёлах і ўсіх святых. Амэн.
Малітоўныя заклікі
Пан мой і Бог мой!
О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, змілуйся над намі!
Няхай будзе ўшанаваны і праслаўлены навекі Найсвяцейшы Сакрамэнт!
Праслаўляю Цябе, о жывы наш Хлебе, кожную хвіліну ў гэтым Сакрамэнце!
Дзень, прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Малітва да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
О Боскае Сэрца Езуса, звяртаюся да Цябе, бо Ты – адзіны мой прытулак, адзіная, але пэўная надзея. Ты – лекар ад усіх маіх немачаў, суцяшэнне ва ўсіх маіх бедах, выпраўленне ўсіх маіх памылак, дапаўненне ўсяго, чаго мне не стае, задаволенне ўсіх маіх просьбаў, надзейная і невычэрпная крыніца святла, сілы, трываласці, спакою і благаслаўлення.
Змілуйся нада мною, Пане, у велічы міласэрнасці сваёй і ўчыні з мяне, для мяне і ўва мне ўсё, што захочаш, бо я цалкам давяраюся Табе. Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса, не дазволь мне аддаліцца ад Цябе. Амэн.
Асабістае прысвячэнне Сэрцу Езуса
О Езу, Божа мой, Валадару мой і найлепшы Пане! Прагну ўшанаваць Цябе, Тваё Найсвяцейшае Сэрца, якое так горача нас любіць. Прысвячаю Твайму Божаму Сэрцу ўсё, што маю і чым з’яўляюся: цела маё, душу маю, памяць, волю і свабоду, усе мае пачуцці, цярпенні і засмучэнні, а таксама ўсе мае добрыя ўчынкі, усе цяперашнія і будучыя заслугі.
Ахвярую Твайму Найсвяцейшаму Сэрцу ўсяго сябе, каб перапрасіць веліч Тваю, якую зневажае чалавечая злосць; прагну часта яднацца з Тваім Сэрцам у Сакрамэнце Любові, каб перапрасіць за блюзнерствы і святатацтвы, учыненыя бязбожнікамі. Буду ў сваіх штодзённых учынках наследаваць цноты Твайго Сэрца, каб жыццём засведчыць, што Ты – мой Пан, Валадар і Айцец.
О Езу, Ты ведаеш таямніцы нашых сэрцаў і слабасць нашай волі, удзялі мне ласку, каб вытрымаў я ў добрым і сваім штодзённым жыццём даваў доказ маёй адданасці Табе.
Найсвяцейшае Сэрца Езуса, прыйдзі Валадарства Тваё. Амэн.
Малітоўныя заклікі
Няхай ушаноўваецца ўсюды Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Учыні, о літасцівае Сэрца Езуса, каб любіў я Цябе ўсё больш!
Спадзяюся на Цябе, о Сэрца Езуса!
Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі!
Усё для Цябе, Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Літасцівае Сэрца Езуса, будзь маёй любоўю!
Ахоўвай нашыя сем’і, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Праз Марыю Табе аддаюся, о Найсвяцейшае Сэрца Езуса!
Літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Дзень, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі
Малiтва св. Бэрнарда
Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што нiколi не здаралася, каб пакiнула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу клiча, Тваёй апекi просiць. Гэтым даверам натхнёны, да Цябе, о Панна над паннамi i Мацi наша, iмкнуся, да Цябе прыходжу, перад Табою, грэшны, плачучы, стаю. О Мацi Слова, не пагарджай словамi маiмi, але пачуй iх ласкава i выслухай. Амэн.
Вітай, Каралева
Вітай, Каралева, Маці міласэрнасці, жыццё, асалода і надзея наша, вітай! Да Цябе звяртаемся мы, выгнаннікі, дзеці Евы. Да Цябе ўздыхаем, стогнучы і плачучы ў гэтай слёз даліне. Дык звярні на нас, Заступніца наша, Твае міласэрныя вочы. І Езуса, благаслаўлёны плод улоння Твайго, з’яві нам пасля выгнання гэтага. О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя.
Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці сіротаў
(складзеная Папам Піем ХІІ)
Вітаем Цябе, о беззаганная і велічная Каралева, якую род людскі называе наймілейшым імем Маці. Мы, тыя, што не могуць паклікаць сваю родную маці, бо ніколі яе не ведалі ці вельмі рана страцілі такую патрэбную і мілую апеку, звяртаемся да Цябе, упэўненыя, што Ты захочаш стаць для нас Маці. Калі мы з-за нашай нядолі абуджаем ва ўсіх пяшчоту, спачуванне і любоў, то тым больш чакаем іх ад Цябе, бо з усіх чыстых стварэнняў Ты — найбольш любячая, найбольш чулая і найбольш пяшчотная.
О сапраўдная Маці ўсіх сіротаў, у Твайго Беззаганнага Сэрца паратунку шукаем, упэўненыя, што ў Ім знойдзем усялякае суцяшэнне, якога так прагнуць нашыя гаротныя сэрцы, на Цябе ўскладаем надзею, спадзяемся, што Твая матуліна рука правядзе нас і падтрымае на стромкім жыццёвым шляху.
Благаславі ўсіх, хто дапамагае нам і ў Тваё імя апякуецца намі; аддзяч нашым дабрадзеям і тым, хто прысвяціў нам сваё жыццё! А перадусім будзь заўсёды для нас Маці, перамяняй нашыя сэрцы, асвячай нашыя думкі, утаймоўвай нашую волю, упрыгожвай нашыя душы ўсімі цнотамі і аддаляй ад іх ворагаў нашага шчасця, якія хацелі б адабраць яго ў нас назаўсёды.
Урэшце, любая наша Маці, раскоша і надзея наша, вядзі нас да Езуса — благаслаўлёнага плоду ўлоння Твайго, каб мы, пазбаўленыя слодычы мець маці тут на зямлі, станавіліся тым больш годнымі Цябе ў гэтым жыцці і маглі цешыцца ў вечнасці Тваёю матчынаю ласкаю і прысутнасцю, а таксама прысутнасцю Твайго Сына, які разам з Айцом і Духам Святым жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амэн.
Малітоўныя заклікі
О Маці мая, надзея мая!
Маці міласэрнасці, маліся за нас!
О Маці мая, ахоўвай мяне ад грахоў смяротных!
Учыні, о Марыя, каб жыў я ў Богу,
з Богам і для Бога!
Маліся за нас, святая Багародзіца, каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Найсвяцейшае Сэрца Марыі, будзь маім збаўленнем!
Маці Нястомнай Дапамогі, маліся за нас!
Маці сіротаў, маліся за нас!