Пошук


qqq Малітва да Маці Божай Фацімскай

Наша Фацімская Пані Ружанцовая, Ты праз траіх пастушкоў параіла нам замілаванне да малітвы, асабліва да малітвы ружанцовай, а таксама заахвоціла захоўваць сапраўдны дух пакаяння як сродак вечнага збаўлення. Просім Цябе, дапамажы нам, каб мы ў духу вернай паслухмянасці Тваім мацярынскім парадам адшукалі дарогу да неба. Амэн.

qqq Малітва ахвяравання сябе Маці Божай

Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго і заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.  

Малітва да Маці Божай Аздараўлення хворых

Найчысцейшая Дзева, Аздараўленне хворых, сапраўдная Маці наша і Прытулак грэшнікаў. Вось я, грэшнік, стаю перад Табою, збянтэжаны і прыніжаны сваімі грахамі, якія аддалілі мяне ад Бога і ад Цябе, мая Маці. Заступніца і Апякунка, звярні на мяне свой літасцівы позірк, убач маё пакаянне і выпрасі для мяне ласку прабачэння. Я – Твой, Маці, Аздараўленне хворых, таму прашу аб літасці і міласэрнасці, якія Ты аказвала тым, хто Цябе ўшаноўвае, не пакідай і мяне. Няхай Кроў Твайго Сына, пралітая на крыжы, будзе для мяне збаўленнем. Ты стаяла пад крыжам, калі Твой Сын паміраў у страшных пакутах; учыні, каб і я цярпліва зносіў цяжкасці гэтага свету і нёс свой крыж, ва ўсім Цябе наследуючы. Як ніколі раней, сёння мне патрэбная Твая дапамога, каб не ўпасці і не паддацца расчараванню. Паспяшы да мяне на дапамогу.

Маці Адкупіцеля, да Цябе звяртаюцца ўсе народы; узглянь на долю спакутаванага чалавецтва, каб яно хутка вярнулася да пакаяння і да Бога, каб зноў запалала гарачая вера ва ўсім свеце і ўсе жыхары зямлі жылі ў спакоі, згодзе і еднасці. Ты ўжо столькі разоў адорвала нас сваёю ласкаю, удзялі нам яе і цяпер, бо мы маем вялікую патрэбу ў Тваёй дапамозе і разлічваем на яе. «Вучы нас, о Маці, распазнаваць волю Найвышэйшага, вучы нас бачыць у Богу найлепшага Айца нават тады, калі мы пакутуем. Выпрошвай для ўсіх хворых, якія пакутуюць фізічна і духоўна, патрэбныя ласкі, каб яны маглі зразумець вартасць свайго цярпення і вытрываць у ахвярнай любові, яднаючыся са Збаўцам і з Табою, Маці».

Святая Марыя! Ратуй убогіх, падтрымлівай слабых, суцяшай засмучаных, маліся за народ, спрыяй духавенству, заступайся за кансэкраваных асобаў, маліся за нас; няхай усе, хто пабожна і даверліва аддаецца Тваёй апецы, спазнаюць Тваю дапамогу.

Аздараўленне хворых, суцеш нас і дай нам ласку вытрываць у добрых пастановах, каб мы разам з Табою тут, на зямлі, а потым у небе маглі цешыцца ў Богу вечнай радасцю. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Нястомнай Дапамогі

О Маці Божая Нястомнай Дапамогі, з вялікім даверам прыходжу сёння да Твайго святога абраза, каб прасіць Тваёй дапамогі. Не спадзяюся на свае заслугі і на свае добрыя ўчынкі, але толькі на бязмежныя заслугі Пана Езуса і на Тваю неспасцігальную мацярынскую любоў.

Ты глядзела, о Маці, на раны Адкупіцеля  і на кроў Ягоную, што пралілася на крыжы дзеля нашага збаўлення. Сын Твой, які паміраў, даў нам Цябе за Маці. Ці ж не будзеш Ты для нас, як сведчыць Твой цудоўны тытул, нястомнай Заступніцай?

Таму, о Маці Божая Нястомнай Дапамогі, праз балесную муку і смерць Твайго Боскага Сына, праз невыказныя цярпенні Твайго Сэрца, о Заступніца, вельмі горача малю Цябе, выпрасі мне ў свайго Сына тую ласку, якой вельмі жадаю і якая мне так патрэбна (назваць просьбу).

Ты ведаеш, о Маці благаслаўлёная, як хоча Езус, Адкупіцель наш, удзяліць нам усялякіх пладоў Адкуплення. Ты ведаеш, што гэтыя скарбы былі аддадзеныя ў Твае рукі, каб Ты іх нам удзяляла. Таму, о найласкавейшая Маці, выпрасі для мяне ў Сэрца Езуса тую ласку, аб якой у гэтай малітве пакорна прашу, а я з радасцю буду праслаўляць Тваю міласэрнасць праз усю вечнасць. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Вастрабрамскай

Беззаганная Маці Божая, Каралева неба, Маці міласэрнасці, Заступніца і Прытулак грэшнікаў! Вось я, натхнёны ласкамі, якія Ты так шчодра выпрасіла для мяне сваёю мацярынскаю ласкавасцю са скарбаў любові Божай, пастанаўляю цяпер і назаўсёды аддаць у Твае рукі сваё сэрца, каб Ты прысвяціла яго Езусу. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Будслаўскай

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу.

З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі.

Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь і дарослых, асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сіротаў і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.

Апякунка наша, Каралева наша, дапамагай нам, кіруй намі, апякуйся намі.

Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца. Амэн. 

qqq Малітва да Маці Божай Лагішынскай

Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся, глянь на нас ласкава і выслухай нашую пакорную малітву.

Найлепшая наша Маці, дзякуем Табе за тое, што Ты дапамагаеш нам, што выціраеш нашыя слёзы, што заўсёды знаходзішся побач з намі.

Даручаем Тваёй матчынай апецы Святога Айца, духавенства і верны люд Божы. Абяцаем быць вернымі Твайму Сыну, Пану нашаму Езусу Хрысту, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Берасцейскай

Маці Божая Берасцейская, Пані выратавання, поўная ласкі і міласэрнасці, Маці пакінутых, суцяшальніца расчараваных, шлях блукаючых, успамога тых, хто патрабуе апекі, Маці Няспыннага Паратунку, будзь ласкава паспяшыць на дапамогу нам. Спашлі духа Божай ласкі ў нашыя нячулыя сэрцы. Знішчы бязвер’е і сумненні ў нашых сем’ях, пакажы любоў і радасць жыцця з Богам. Маці Божая Берасцейская, заступіся за нас. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Браслаўскай

Вітай, Марыя, наша Маці і Апякунка, Валадарка азёраў, чыё светлае мацярынскае аблічча ззяе ў Браслаўскім санктуарыі над водамі роднага краю. Як і нашыя продкі, мы шукаем у Цябе паратунку сярод жыццёвых бураў і цярпенняў. Будзь маяком для тых, хто блукае ў цемры, і надзейнаю гаванню для ўсіх вандроўных дзяцей Тваіх. Няхай святло Твайго аблічча паказвае шлях караблю святога Касцёла, каб усе вернікі пад кіраўніцтвам Святога Айца, біскупаў і святароў шчасліва дасягнулі мэты зямнога вандравання — Езуса Хрыста, Твайго Сына, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.

qqqМалітва да Маці Божай Кангрэгацкай

О Марыя, Найсвяцейшая Багародзіца Кангрэгацкая, пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорваеш ласкамі і дабротамі сваіх слугаў, якія пабожна ўшаноўваюць цябе ў Тваім гродзенскім абразе. Мы, нягодныя Твае слугі, пакорна просім Цябе не забывацца таксама і пра нас. Будзь нашаю Заступніцаю перад Тваім Сынам, каб Ён асцярог нас ад граху і прывёў да вечнага збаўлення; май у апецы краіну нашу і верны Табе народ Божы; благаславі нашыя сем’і і няспынна захоўвай іх у любові, супакоі і адзінстве; вазьмі пад апеку нашую моладзь і не дай ёй збочыць са шляху справядлівасці, але дазволь ёй узрастаць у веры і цнотах, о ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя. Амэн.

qqq Малітва да Маці Божай Тракельскай

Найпрыгажэйшая Панна і наймілейшая Багародзіца, на Тваім тракельскім абразе Ты ўмольна просіш і песціш на руках сваіх Божага Сына. Дай нам ва ўсіх справах Тваю матчыну дапамогу. Ці ж можа хто пералічыць усе цуды, здзейсненыя праз Тваё заступніцтва, якія Ты адзіны, усемагутны Божа, найлепш ведаеш? Кожны дзень, у кожную хвіліну аб’яўляюцца тут Твае ласкі. Маці нашая, просім Цябе: дазволь нам абвяшчаць Тваю хвалу тут, на зямлі, а ў вечнасці — на нябёсах. Просім Цябе сёння і заўсёды: не пакідай нас без Тваёй апекі, о Найсвяцейшая Панна Марыя. Амэн.

Малітва да Найсвяцейшай Панны Марыі Барунскай

Беззаганная Панна Марыя, Маці Божая і наша наймілейшая Маці! З пакораю стаім перад Табою і з глыбокім даверам просім Тваёй мацярынскай апекі. Святы Касцёл ушаноўвае Цябе як Суцяшальніцу засмучаных, таму да Цябе няспынна звяртаюцца тыя, хто знаходзіцца ў нядолі, хворыя – у цярпенні, канаючыя – у апошнюю гадзіну жыцця, убогія – у нястачы і ўсе, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона. Усіх Ты суцяшаеш і ўсім дапамагаеш.

Наша найлепшая Маці, узглянь таксама на нас, бедных грэшнікаў, і ласкава прымі нашыя пакорныя і поўныя надзеі і даверу просьбы. Прыйдзі да нас з дапамогаю ва ўсіх патрэбах душы і цела, і выпрасі для нас у Сына Свайго Езуса Хрыста неабходныя ласкі Божыя. Захавай нас ад усяго злога, асабліва ад граху, каб мы сваім жыццём не давалі дрэннага прыкладу бліжнім.

Атуляй Сваёю апекаю Паўсюдны Касцёл і будзь дапамогаю і абаронаю для Святога Айца. Выпрасі ў Свайго Сына, Езуса Хрыста, справядлівы супакой ва ўсім свеце, а для нашых сем’яў – вернасць, любоў і згоду. Дапамагай дзецям і моладзі ўзрастаць у мудрасці і ў Божай ласцы. Выпрасі ласку навяртання для грэшнікаў і прабачэння за іх правіны, а справядлівым – ласку вытрываць у добрым. Спяшайся на дапамогу канаючым і дай прахалоду душам, церпячым у чыстцы. Наша Наймілейшая Маці, атулі ўсіх нас сваёю чулаю і магутнаю апекаю, каб мы маглі годна жыць, пабожна памерці і дасягнуць вечнага шчасця ў небе. Амэн.

Малiтва да Маці Божай Шкаплернай

О Панна, хвалы годная, Маці і Каралева святога шкаплера! Праз гэты святы знак Ты праяўляеш сваю любоў да дзяцей, якія носяць яго. Ты абяцала нам апеку і дапамогу ў жыццёвых небяспеках, сваю мацярынскую прысутнасць у хвіліну смерці, а таксама хуткае вызваленне з чыстца.

Дапамажы мне жыць так, каб святы шкаплер, які я нашу, стаў для мяне знакам збаўлення, аховаю ад грахоў і заахвочваннем да пабожнага жыцця на зямлі. Амэн.

Малітва да Маці Божай (у цяжкіх сітуацыях)

Марыя, Святая Маці Божая, Маці Езуса і наша Маці! Ты ведаеш, што нашае жыццё поўнае малых і вялікіх вузлоў. Мы адчуваем сябе стомленымі, абцяжаранымі і прыгнечанымі ў вырашэнні сваіх праблемаў. Табе аддаёмся, Панна супакою і міласэрнасці. Звяртаемся да Айца праз Езуса Хрыста ў Духу Святым, з’яднаныя з усімі анёламі і святымі. Марыя, укаранаваная вянком з дванаццаці зорак! Ты сваімі найсвяцейшымі нагамі раструшчыла галаву змея, не дазволь нам упасці ў спакусу зла, вызвалі нас ад усялякай залежнасці, разгубленасці і няўпэўненасці. Адары нас сваёю ласкаю і сваім святлом, каб мы крочылі па добрым шляху і маглі бачыць у цемры, якая акружае нас. Маці велікадушная, просім Цябе аб дапамозе.

Пакорна молім Цябе:

  • развяжы вузлы нашых фізічных недамаганняў і невылечных хваробаў. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы нашых унутраных канфліктаў, нашага болю і страху, непрыняцця саміх сябе і нашай рэчаіснасці. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы нашай апанаванасці злым духам. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы, якія існуюць у нашых сем’ях, а таксама ў адносінах з нашымі дзецьмі. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў прафесійнай сферы, калі мы не ў стане знайсці годную працу або знаходзімся ў залежнасці працагалізму. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў нашай парафіяльнай супольнасці і ў нашым Касцёле – адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы, якія існуюць паміж рознымі хрысціянскімі Касцёламі і рэлігійнымі супольнасцямі, адары нас адзінствам і павагаю да разнастайнасці. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы вузлы ў грамадскім і палітычным жыцці нашай краіны. Марыя, пачуй нас!
  • развяжы ўсе вузлы нашых сэрцаў, каб мы маглі свабодна і велікадушна любіць бліжніх. Марыя, пачуй нас!

Марыя, Ты развязваеш усе вузлы, якія існуюць у нашым жыцці, маліся за нас да свайго Сына Езуса Хрыста, Пана нашага.

Амэн.

Абноўлена 15.05.2021 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця