Пампейская навэнна складаецца з шасці навэннаў і працягваецца 54 дні. Дзеля зручнасці той дзень, калі мы распачынаем Пампейскую навэнну, можна адзначыць у календары. Кожны дзень мы молімся тры часткі святога Ружанца (радасныя, балесныя і хвалебныя таямніцы). Калі хтосьці жадае, можна маліцца чатыры часткі, далучаючы таямніцы святла.
Пачынаем малітву як звычайны Ружанец.
На крыжыку – Веру ў Бога…, на вялікай пацерцы – Ойча наш…, на маленькіх – Вітай, Марыя… (3 разы), потым – адзін раз Хвала Айцу…
Называем просьбу, пасля якой кажам:
Гэты Ружанец малюся на Тваю хвалу, Каралева Ружанца святога.
Затым молімся выбраную частку святога Ружанца як звычайна. Пачатковыя малітвы Ружанца («Сімвал веры» і інш.) чытаем толькі адзін раз у дзень. Часткі Ружанца можна маліцца на працягу ўсяго дня.
У першыя 27 дзён Пампейскай навэнны наша малітва мае характар просьбы, таму на заканчэнне кожнай часткі святога Ружанца мы прамаўляем:
Памятай, о міласэрная Ружанцовая Панна з Пампеяў, што ніколі не здаралася, каб Ты пакінула таго, хто Цябе ўшаноўвае, з Ружанцам Тваім кліча Цябе на дапамогу. О Маці спрадвечнага Слова, не пагарджай просьбаю маёю, але праз Твой святы Ружанец і праз упадабанне, якое Ты аказваеш сваёй святыні ў Пампеях, ласкава выслухай мяне. Амэн.
На працягу наступных 27 дзён Пампейскай навэнны мы выказваем падзяку Богу за атрыманыя ласкі, таму на заканчэнне кожнай часткі святога Ружанца прамаўляем:
Што ж я магу даць Табе, о Каралева, поўная любові? Прысвячаю Табе ўсё сваё жыццё. Усімі сіламі буду пашыраць Тваю хвалу, о Дзева святога Ружанца з Пампеяў, бо калі я клікаў (клікала) Цябе на дапамогу, агарнула мяне ласка Божая. Паўсюль буду распавядаць пра міласэрнасць, якую Ты праявіла да мяне; як толькі здолею, буду пашыраць набажэнства святога Ружанца; усім буду абвяшчаць, якой ласкавай Ты была да мяне, каб і нягодныя, як і я, грэшнікі з даверам імкнуліся да Цябе. О, калі б увесь свет ведаў пра Тваю дабрыню і літасць да церпячых, усе стварэнні звярталіся б да Цябе. Амэн.
Незалежна ад малітвы на заканчэнне, напрыканцы кожнай часткі святога Ружанца тройчы ўсклікаем да Маці Божай:
Каралева Ружанца святога, маліся за нас!
Плённасць ружанцовай малітвы заключаецца ў тым, што разам з Марыяй мы адкрываемся на словы Евангелля і такім чынам молімся Божым словам. Калі мы прымаем гэтае слова сэрцам, яно перамяняе нашыя думкі, словы і ўчынкі.