(паводле св. Яна Боска)
Парадак навэнны:
- Малітва на кожны дзень навэнны.
- Малітвы Вітай, Марыя… Хвала Айцу...
- С.: Маліся за нас, Беззаганная Панна.
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых. - Літанія аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
Першы дзень
О Марыя, Тваю беззаганную чысціню, вечна жывую і пастаянна збаўляючую, сімвалізаваў дзівосны куст, што палаў на гары Сінай, які гарэў, але не згараў. Моцаю гэтай ласкі Беззаганнага Зачацця падтрымлівай нашае нялёгкае змаганне за чысціню сэрца, думак і ўчынкаў, каб мы пераможна ўмелі пераадольваць усялякія пачуццёвыя слабасці, што вядуць да граху.
Другі дзень
О Марыя, Цябе Бог у сваім бязмежным Провідзе захаваў, быццам містычную арку, ад сусветнага патопу зла. Будзь побач з намі ў хвіліны выпрабаванняў і падтрымай нас сваёю ласкаю, калі грэх і каварства гэтага свету будуць намагацца ахапіць нас сваёю падступнасцю і звесці з добрага шляху.
Трэці дзень
О Марыя, Ты, нібы галубка бездакорнай чысціні, узнеслася над брудам свету і была пазбаўлена ўсялякага граху, што ганьбіць гэтую зямлю. Учыні, каб прамінальныя даброты не зацьмілі нашага духа. Навучы нас карыстацца імі дзеля хвалы Божай і на карысць бліжнім.
Чацвёрты дзень
О Марыя, поўная ласкі, водблiск святасці самога Бога, Ты захапляеш вочы і сэрцы ўсіх пакаленняў зямлі, бо Ты – вечна прыгожая, у суквецці духмяных цнотаў адорваеш нас пладамі сваёй мацярынскай любові. Выпрасі нам у Стварыцеля ласку, каб мы, пазбавіўшыся ад граху, фармавалі ў сабе Яго вобраз, становячыся адлюстраваннем Яго дасканаласці.
Пяты дзень
О Марыя, Ты па волі самога Бога стала зачыненым садам і абяцаным раем, у які не меў доступу каварны змей. Просім Цябе, Маці, барані нашыя душы ад зламысных справаў злога духа, каб мы ніколі не сталі яго ахвяраю.
Шосты дзень
О Марыя, Ты з’явілася ў цемры змучанаму грахом чалавецтву як Заранка надзеі, атуленая бляскам цноты. Рассейвай цемру ілжы, а ў чорную ноч нашага няшчасця і ўпадку заззяй святлом ранішняй зоркі, несучы збаўленне Пана.
Сёмы дзень
О Марыя, Ты, нібы поле, расквечанае безліччу каляровых ружаў. Іх духмяны водар знішчае злавесныя павевы. Дазволь нам Табою дыхаць, прывабнасцю Тваіх цнотаў насычацца, каб, узіраючыся ў Цябе, мы змаглі захаваць душы чыстымі і вольнымі ад атрутных і зламысных уплываў гэтага свету.
Восьмы дзень
О Марыя, Ты з’явілася на гэтай зямлі, як лілея паміж цернямі, заквітнела дасканалай прыгажосцю, чаруючы сваім духоўным хараством. Дапамагай нам развіваць у сабе духоўнае жыццё, прасякнутае нябеснаю ласкаю, нягледзячы на спакусы, слабасці і атакі падступных людзей.
Дзявяты дзень
О Марыя, Ты стала святыняю Бога, Маці ўсіх жывых, брамаю збаўленых, Каралеваю Усіх Святых і прытулкам грэшнікаў. Будзь маёю Маці і Правадніцаю, каб, наследуючы Твой прыклад, мы пазбягалі ўсялякага маральнага бруду, жылі ў сяброўстве з Богам і станавіліся прыкладам сапраўданага хрысціянскага жыцця.