Пошук

24.08.2024 15:09   Тэкст: Павел Бранавец / Catholic.by
Фота Святланы Лабковіч

Арганізатары традыцыйнай летняй Музычнай майстэрні ў Івянцы, якая сёлета прайшла ўжо ў дваццаты раз і сабрала на тыдзень больш за 200 аматараў хрысціянскай музыкі, запрашаюць ахвотных да ўдзелу ў новым праекце — Майстэрні літургічнага спеву, запланаванай на 20–22 верасня.

Ідэя «міні-майстэрняў» (нефармальная назва праекта) заключаецца ў тым, каб праз кароткія, але рэгулярныя сустрэчы-сесіі даць тым, для каго літургічная музыка з’яўляецца крыніцай натхнення ці штодзённым служэннем, магчымасць удасканаліць свае музычныя навыкі і літургічныя веды, узбагаціцца духоўна і быць у жывым кантакце з аднадумцамі.

Правядзенне першай сустрэчы Майстэрні літургічнага спеву запланавана на выходныя 20–22 верасня і адбудзецца ў кляштары святога Антонія Падуанскага ў Івянцы (вул. Пушкіна, 1).

Арганізатары звяртаюць увагу: «Рэкамендуем запланаваць заезд у пятніцу 20 верасня, дзесьці да 19.30, паколькі духоўна-літургічная частка праграмы распачнецца ўжо ў пятніцу, а музычныя заняткі — у суботу з самай раніцы. Удзельнікам варта ўзяць у разлік і тое, што частка заняткаў пройдзе ў нядзелю. Скончыцца праграма 22 верасня прыблізна а 15-й гадзіне».

На працягу выходных удзельнікаў чакаюць заняткі па пастаноўцы голасу і практыцы харавога спеву, духоўныя канферэнцыі, кантарскі майстар-клас, супольная малітва, музычнае служэнне падчас Эўхарыстыі і Літургіі Гадзінаў.

Умовы ўдзелу

  • Да ўдзелу запрашаюцца ахвотныя ва ўзросце ад 16-і гадоў. Заяўкі ад людзей малодшага ўзросту будуць аўтаматычна ануляваныя.
  • У сувязі з абмежаванай колькасцю месцаў удзел магчымы выключна пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі ТУТ>>> і атрымання пацвярджэння з боку арганізатараў.
    Заяўку на ўдзел неабходна даслаць да 3 верасня, пацвярджэнне з боку арганізатараў будзе даслана да 8 верасня. У выпадку, калі колькасць заявак будзе перавышаць колькасць месцаў, арганізатары пакідаюць за сабой права адбору удзельнікаў, пры гэтым перавага будзе аддавацца ўдзельнікам Музычнай майстэрні 2022–2024 гадоў, выканаўцам мужчынскіх харавых партый (тэнар, бас), а таксама тым ахвотным, якія дашлюць сваю заяўку раней.
  • Даезд да месца правядзення мерапрыемства і зваротную дарогу ўдзельнікі арганізуюць самастойна. Пажадана прыехаць у пятніцу да 19.30, у іншых выпадках неабходна скантактавацца з арганізатарамі (электронная пошта: muzmajsternia@yandex.by; Instagram: @muzmajsternia).
  • Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў забяспечваюць арганізатары.
  • Удзельнікі атрымаюць увесь неабходны нотны матэрыял на месцы. Рэкамендавана ўзяць з сабой алоўкі і нататнікі, а таксама спеўнікі (па жаданні).
  • Ахвяраванне на арганізацыйныя выдаткі складаецца ў дабравольным памеры.

Наступная сесія Майстэрні літургічнага спеву плануецца ў лістападзе або снежні 2024 года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа