14 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі ў Барунах (Ашмянскі дэканат) адбудзецца ўрачыстасць Маці Божай Барунскай, якая ўшаноўваецца пад тытулам Суцяшальніцы Засмучаных.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі нагадвае, што сёлета адзначаецца 330-годдзе з таго часу, як абраз Маці Божай Барунскай быў прызнаны цудадзейным.
З нагоды гэтай падзеі пробашч парафіі ў Барунах ксёндз Павел Паўлюкевіч і мясцовыя вернікі шчыра запрашаюць усіх ахвотных узяць удзел ва ўрачыстасці.
Пачатак а 12-й гадзіне.
Традыцыяй стала праводзіць перад урачыстасцю навэнну, якая служыць духоўнай падрыхтоўкай да свята. Падчас яе на працягу дзевяці субот вернікі праслаўлялі мацярынскі клопат, з якім Найсвяцейшая Панна Марыя просіць у Бога ласкі, неабходныя для людзей, каб яны ўзрасталі ў веры і шчасліва дасягнулі мэты свайго зямнога вандравання — Езуса Хрыста.
Гісторыя цудадзейнага барунскага абраза бярэ пачатак у канцы XVII стагоддзя, калі Маці Божая аб’явілася Мікалаю Песляку, калі той ляжаў моцна хворы і чакаў смерці.
«Чаму не задбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражыца? Хачу, каб людзі, якія просяць Майго Сына аб дапамозе ў жыцці, атрымалі яе пры Маім абразе»,— звярнулася да яго Найсвяцейшая Панна.
Багародзіца паабяцала дапамагчы Мікалаю: «Не клапаціся пра тое, што загадваю табе будаваць касцёл у глухой пушчы. Здзейсню, што нават тут будуць штодзённа Мяне вітаць людзі. Учыню так, што штодзённа будзеш мець нейкую ахвяру ад Маіх верных. Гэтае месца назавеш Барунамі. Тут заўсёды будуць аказаны вялікія ласкі Маім людзям, якія будуць да Мяне маліцца».
Такім чынам, як вынікае з гістарычных крыніц, абраз Маці Божай быў перададзены Мікалаю Песляку як найкаштоўнейшы скарб яго сваяком, айцом Язафатам Бражыцам з ордэна базыліянаў. Мікалай зразумеў сваё прызначэнне, даў прысягу Найсвяцейшай Панне выканаць Яе пажаданне, якое атрымаў падчас моцнай хваробы і поўнасцю выздаравеў.
У 1691 годзе ён наняў трох рамеснікаў, каб зрабіць і ўсталяваць на вызначаным месцы крыж. На ім ён змясціў абраз. Дапамога Маці Божай стала адчувацца з першай хвіліны: калі на падрыхтаванае месца змяшчалі абраз і скарбонку, згубіўся цвік. Яго знайшоў і падняў сляпы жабрак, які праходзіў міма. Хто быў гэты бяздольны чалавек, невядома, але Божая ласка дакранулася да яго, і ён пачаў бачыць.
Навіна хутка разнеслася па наваколлі, у Баруны сталі прыбываць людзі, і ўсе, хто з верай звяртаўся да Панны Марыі, адыходзілі суцешаныя і шчаслівыя.
Ахвяраванняў у скарбонцы хапала Мікалаю на кожны дзень будаўніцтва, як і абяцала Багародзіца ў сваім аб'яўленні. У 1692 годзе быў завершаны драўляны касцёл. Весткі аб цудах, атрыманых ад Маці Божай у Барунах, распаўсюжджваліся ўсё далей. З усіх бакоў прыбывалі натоўпы людзей.
У тым жа годзе грэка-каталіцкі Мітрапаліт Кіеўскі і арцыбіскуп Полацкі Цыпрыян Жахоўскі адправіў у Баруны камісію, якая павінна была праверыць і прааналізаваць цуды, атрыманыя ад Маці Божай. У выніку да канца студзеня 1693 года былі правераны і занатаваны 72 цуды.
Пад прысягай складаліся сведчанні аб выратаванні жыцця, вяртанні з няволі, пазбаўленні ад невылечных хвароб, навяртанні закаранелых грэшнікаў і людзей малой веры, хрысціянскай падрыхтоўцы да смерці, цудоўным выздараўленні канаючых, нават уваскрашэнні памерлых. Перад Барунскім абразом людзі атрымоўвалі ў сэрцах адказы на свае пытанні. Некаторыя атрымлівалі ласку аздараўлення ў той момант, як толькі звярталіся да Нябеснай Суцяшальніцы.
Калі камісія скончыла працу, Мітрапаліт прыехаў у Баруны асабіста, каб разгледзець вынікі даследванняў. 2 лютага 1693 года іерарх выдаў дакумент аб прызнанні абраза Маці Божай Барунскай цудадзейным, а цудаў — праўдзівымі.
У наш час святыня ў Барунах была абвешчана санктуарыем Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных. Летась з удзелам беларускіх іерархаў тут прайшлі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з часу вяртання ў Баруны славутага ласкамі абраза Багародзіцы.