Пошук

28.07.2023 13:09   Паводле: pl.aleteia.org / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Aciprensa / YouTube

Біскуп Вальтэр Гілен Сота SDB з дыяцэзіі Грасіяс у Гандурасе ў ліпені пацвердзіў Эўхарыстычны цуд, які задрыўся год таму ў невялікай супольнасці, дзе штодзённа нават няма святара.

Як паведаміла Aleteia, 9 чэрвеня мінулага года ў невялікай вёсцы Эль-Эспіналь у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, надзвычайны распарадчык святой Камуніі Хасэ Элмер Бэнітэс Мачада заўважыў у табэрнакулюме штосьці незвычайнае.

У той чацвер а 17-й гадзіне распачалася Літургія слова, падчас якой адбываўся таксама абрад Камуніі. У капліцы сабраліся каля 15-і сем’яў.

Калі надзвычайны распарадчык Камуніі Хасэ, які праводзіў набажэнства, адкрыў табэрнакулюм, ён заўважыў у ім штосьці, што нагадвала плямы крыві.

Яны былі на карпарале — спецыяльнай літургічнай тканіне, на якой стаяла драўлянае начынне з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Эўхарыстычны цуд у вёсцы ў Гандурасе

Надзвычайны распарадчык Камуніі Хасэ Элмер Бэнітэс Мачада Фота: EWTN Noticias

«Мая першая думка была, што гэта Кроў Хрыста», — сказаў мужчына ў размове з EWTN Noticias і дадаў: «Я быў вельмі здзіўлены». Хасэ, моцна ўсхваляваны, завяршыў набажэнства і распавёў прысутным пра тое, што адбылося. Вернікі былі ўпэўненыя, што здарыўся цуд.

Праз дзень у капліцу з бліжэйшага мястэчка Сан-Хуан прыбыў ксёндз Марвін Сатэла і ксёндз Оскар Радрыгес. Абодва святары належаць да супольнасці місіянераў Найсвяцйешага Сэрца Езуса, якія з нядаўняга часу нясуць служэнне ў той мясцовасці. Пасля размовы са сведкамі цуду, яны забралі карпарал і даставілі яго да біскупа Вальтэра Гілена Сота. Іерарх вырашыў з асцярожнасцю паставіцца да гэтай справы.

«Я не вельмі схільны да наіўнай веры ў розныя рэчы. Логіка робіць нас разважлівымі, калі ідзе гаворка пра веру ў рэчы без іх аналізу», — прызнаўся біскуп Гілен.

Праз тры месяцы іерарх перадаў карпарал у медыцынскі цэнтр Санта-Роза-дэ-Капан. Аказалася, што ва ўстанове не было неабходнага абсталявання для правядзення аналізу, таму карпарал трапіў адтуль у таксікалагічны цэнтр DISA Test у сталіцы краіны Тэгусігальпе. Там тканіну вывучыў доктар хімічных навук і фармацэўт Эктар Дыяс-дэль-Валле.

Ашаламляльныя вынікі аналізу

Фота: EWTN Noticias

Пад канец кастрычніка мінулага года карпарал даследаваў таксама эксперт па судовай медыцыне і эксперт па таксікалогіі. Яны выявілі, што кроў не належыць жывёле, не з’яўляецца штучнай і не з’яўляецца плямай расліннага паходжання. Эксперты таксама выключылі магчымасць забруджвання карпаралу плесняй ці грыбамі.

З аналізу вынікала, што пляма — гэта сапраўды кроў чалавека чацвёртай групы са станоўчым рэзусам (AB Rh+), або такой самай, якая была выяўлена падчас спраўджвання цуду ў Ланчана і на Турынскай плашчаніцы.

У ліпені — месяцы, які ў Касцёле традыцыйна прысвечаны асабліваму ўшанаванню Найдаражэйшай Крыві Хрыста, — біскуп Вальтэр Гілен Сота абвясціў вынікі аналізаў і прызнаў Эўхарыстычны цуд, які адбыўся ў вясковай капліцы ў Эль-Эспіналі.

Эўхарыстычны цуд — «цуд сінадальнасці»

Біскуп Гілен са сведкамі цуду. Фота: EWTN Noticias

«Я лічу, што гэты незвычайны, бачны, датыкальны, заўважны, пацверджаны знак праяву Крыві Пана ў малавядомай супольнасці на аддаленых вясковых абшарах нашага сельскага асяроддзя стаў вельмі вымоўным у наш час», — сказаў біскуп.

Іерарх таксама заўважыў, што цуд адбыўся толькі на вачах свецкага чалавека, і назваў гэтую падзею «цудам сінадальнасці».

«Гэта час свецкіх. Вера свецкіх людзей падтрымлівае жыццяздольнасць Касцёла ў гэтых куточках свету. Для мяне і для духавенства дыяцэзіі гэта заклік да навяртання, каб распазнаць Божы заклік у голасе свецкіх», — сцвердзіў біскуп Вальтэр Гілен Сота.

Хоць карпарал быў ужо дастаткова даследаваны, яго выслалі ў Ватыкан, дзе будзе зроблены канчатковы аналіз.

Абноўлена 28.07.2023 13:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.