Пошук

08.11.2023 11:22   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: unsplash

Візіт Папы Францішка ў родную Аргентыну можа дапамагчы загаіцца ранам падзелаў у гэтай краіне, лічыць біскуп Оскар Ахэа, Старшыня аргентынскай Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў.

Пра гэта 7 лістапада паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

Хоць пакуль няма пацвярджэння таго, што Святы Айцец сапраўды прыедзе ў Аргентыну, сам Папа Францішак выказаў пажаданне, каб гэта адбылося пасля прэзідэнцкіх выбараў у краіне, другі тур якіх пройдзе 19 лістапада. Новы кіраўнік дзяржавы мог бы адразу ж запрасіць Папу, і ў такім выпадку візіт стаў бы магчымым у першым квартале 2024 года.

Папа Францішак, які паходзіць з Аргентыны, з моманту абрання на пасад святога Пятра ў 2013 годзе яшчэ ані разу не быў на радзіме.

«Глыбокае жаданне таго, каб Папа Францішак наведаў нашу краіну, несумненна, выльецца ў доўгачаканую сустрэчу пастыра з яго народам», — сказаў біскуп Ахэа на адкрыцці пленарнага пасяджэння аргентынскага епіскапату ў Пілары, які знаходзіцца ў 60-і кіламетрах ад сталіцы краіны Буэнас-Айрэса.

Старшыня біскупскай канферэнцыі выказаў спадзяванне, што візіт Святога Айца «дапаможа нам загаіць раны, развіваць мастацтва дыялогу і аднаўляцца ў місійным духу, каб мы маглі накрыць шчодры стол, пры якім знойдзецца месца для ўсіх, як падкрэсліў [Папа] у жніўні на Сусветных днях моладзі ў Лісабоне».

Між тым адзін з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Аргентыны Сэрхіо Маса ўжо заявіў, што зробіць усё магчымае для таго, каб Папа Францішак прыехаў. Таксама і другі кандыдат Хаў’ер Мілей, які ў сваёй кампаніі абразліва выказваўся наконт Святога Айца, паведаміў, што, калі Папа Францішак прыедзе, то ён прыме яго «з усёй павагай як галаву Касцёла і каіраўніка дзяржавы».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця