Пошук

17.10.2022 11:11   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14–15 кастрычніка ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат) з удзелам беларускіх іерархаў прайшлі юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя з часу вяртання сюды славутага ласкамі абраза Багародзіцы.

Са жніўня ў Гродзенскай дыяцэзіі праходзіла духоўная падрыхтоўка да святкавання юбілею.

Ужо больш за 330 гадоў шматлікія вернікі узносяць свае малітвы і падзякі перад невялікай выявай Маці Божай, вядомай пад тытулам Суцяшальніцы засмучаных. Як даўней, так і ў наш час па шчырых малітвах Суцяшальніца засмучаных выслухоўвае сваіх дзяцей і дапамагае ім у розных патрэбах. Некалькі разоў абраз пакідаў святыню і Баруны, але Маці Божая заўсёды вярталася ў гэтае месца, якое сама выбрала. Апошняе вяртанне абраза ў Баруны мела месца 100 гадоў таму, 15 кастрычніка 1922 года.

Юбілейныя ўрачыстасці ў Барунскім санктуарыі распачаліся ўвечары 14 кастрычніка з адарацыі перад цудадзейным абразом, якую правяла малітоўная група супольнасці «Маці ў малітве».

Пасля адарацыі адбыўся Марыйны апэль і працэсія са свечкамі, а завяршыўся першы святочны дзень святой Імшой.

Раніцай у суботa цэлебрацыю святой Імшы ў санктуарыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Пасля Эўхарыстыі адбывалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанцовае набажэнства, якое праводзілі групы жывога Ружанца.

Апоўдні біскуп Яшэўскі благаславіў новы звон-сігнатурку, у які звоняць на пачатку Імшы, калі святар з прыслугоўваючымі выходзяць з сакрыстыі. Звон быў фундаваны з нагоды 100-годдзя вяртання абраза ў санктуарый.

Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На ўрачыстасці ў Баруны прыбылі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія госці і пілігрымы з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы, перадусім з суседняй Літвы. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне скіраваў словы прывітання ўсім удзельнікам юбілейнага святкавання, а ад імя мясцовых вернікаў іх шчыра вітаў таксама ксёндз Павел Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя і пробашч барунскай парафіі.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Перадусім заслужаны іерарх нагадаў гісторыю цудадзейнага абраза Маці Божай Барунскай. Ён таксама падкрэсліў, што назва Баруны паходзіць ад слова «бор», што азначае сасновы лес, які вельмі добры для лячэння ад хваробаў лёгкіх.

«Таму ў такіх барах будуюць адмысловыя санаторыі.

Больш як тры стагоддзі таму Баруны сталі духоўным санаторыем, у якім праз заступніцтва Божай Маці, Суцяшальніцы засмучаных, людзі атрымліваюць шчодрыя ласкі», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён дадаў, што пасля забароны царскай уладай манаскіх ордэнаў базыліянскі кляштар у Барунах быў ліквідаваны, а цудадзейны абраз вывезены.

«Сто гадоў таму, 15 кастрычніка 1922 года, ён трыумфальна вярнуўся ў Баруны. Божая Маці сцерагла гэтае месца ў часы ганенняў на веру. У наваколлі ўсе касцёлы былі зачыненыя, а барунскі дзейнічаў, і ў ім быў святар», — заўважыў іерарх.

Ён таксама зазначыў, што тры дзесяцігоддзі таму распачаўся працэс адраджэння Барунскага санктуарыя, і з таго часу ён становіцца ўсё больш вядомым месцам марыйнага культу; месцам «надзеі, якую людзі ўскладаюць на Марыю ў наш складаны час з яго маральнымі і грамадскімі паталогіямі».

«Мы не можам быць абыякавымі да іх, бо гэта будзе здрадай Бога і хрысціянства, — перасцярог арцыбіскуп Кандрусевіч. — Мы адказныя за наш уласны лёс і лёс сучаснага свету. Хто дапаможа? Да каго звяртацца? У кім надзея? Касцёл указвае на Марыю. Мы павінны браць прыклад з Яе, бо згода з Божай воляй — гэта ключ да будавання шчаслівага жыцця на зямлі і дасягнення вечнага шчасця ў небе», — сцвердзіў арцыпастыр.

«У крыпце Барунскага касцёла знаходзіцца крынічка з гаючай вадой. Вада — гэта сімвал жыцця. У сакрамэнтах мы атрымліваем жывую ваду Божай ласкі», — правёў паралель іерарх.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч традыцыйна завяршыў малітвай:

«Божая Маці Барунская, Суцяшальніца засмучаных, у складаны і поўны няўпэўненасці час будзь для нас прытулкам і надзеяй. Паглядзі на люд, які праслаўляе цябе. Выпрасі нам ласку, каб долатам евангельскіх каштоўнасцяў, сакрамэнту пакаяння і спраў міласэрнасці мы вычасалі ў нашым сэрцы Тваё аблічча. Дапамажы вызваліцца ад граху і залежнасцяў, каб дзякуючы нашаму хрысціянскаму сведчанню моцнае рэха твайго Fiat гучала на нашай зямлі і сведчыла аб тым, што мы выбіраем Бога — адзіную нашу надзею».

 

Абноўлена 17.10.2022 11:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа