19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мядзельскі дэканат) распачнецца перэгрынацыя копіі абраза Святой Сям’і з санктуарыя святога Юзафа ў польскім Калішы.
Такім чынам у гэтай парафіяльнай супольнасці вырашылі перажыць Год сям’і, прысвечаны разважанню над Апостальскай адгартацыяй Папы Францішка Amoris lætitia, выдадзенай пяць гадоў таму. Па ініцыятыве Святога Айца гэты год будзе праходзіць у Касцёле з 19 сакавіка 2021 г. па 22 чэрвеня 2022 г.
Абраз Святой Сям’і на пачатку перэгрынацыі благаславіць Апостальскі адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, які ва ўрачыстасць святога Юзафа а 13-й гадзіне ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў свірскім касцёле.
У Эўхарыстыі возьмуць удзел семінарысты падрыхтоўчага курсу і іх выхаваўцы. У гэты ж дзень у парафіі распачнуцца велікапосныя рэкалекцыі.
Варта адзначыць, што ў часы, калі Свірская парафія ўваходзіла ў склад Віленскай архідыяцэзіі, урачыстасць святога Юзафа адзначалася тут як адзін з парафіяльных адпустаў.
Удзельнікі ўрачыстасці змогуць атрымаць поўны адпуст.