Папа Францішак абвясціў аб правядзенні ў Касцёле Года сям’і, прысвечанага разважанню над Апостальскай адгартацыяй Amoris lætitia, выдадзенай пяць гадоў таму. Ён пройдзе з 19 сакавіка 2021 г. па 22 чэрвеня 2022 г.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, перад малітвай «Анёл Панскі», якая адбылася 27 снежня, у нядзелю Святой Сям’і, у Ватыкане, Пантыфік заўважыў, што праз некалькі дзён пасля Божага Нараджэння літургія запрашае нас скіраваць позірк на Святую Сям’ю Езуса, Марыі і Юзафа.
«Цудоўна разважаць на тым фактам, што Божы Сын пажадаў мець патрэбу ў сямейным цяпле як і ўсе дзеці. Менавіта па гэтай прычыне сям’я з Назарэтa з’яўляецца сям’ёй-прыкладам, у якой усе сем’і свету могуць знайсці надзейны арыенцір і натхненне», — падкрэсліў Папа.
У Назарэце наступіла вясна чалавечага жыцця Божага Сына ў момант, калі Ён быў зачаты моцаю Святога Духа ў нявінным улонні Марыі, а ў гасцінных сценах дома ў Назарэце ў радасці прайшло дзяцінства Езуса, атуленага матчынай увагай Марыі і клопатам Юзафа, у якім Езус мог бачыць пяшчоту Бога, — дадаў Папа Францішак.
Паводле яго, «наследуючы Святую Сям’ю, мы пакліканы нанава адкрыць выхаваўчую каштоўнасць сямейнай ячэйкі: яна павінна быць заснавана на любові, што заўсёды адраджае адносіны, адкрываючы гарызонты надзеі».
«У сям’і можна спазнаць шчырае адзінства, калі яна з’яўляецца домам малітвы, калі пачуцці з’яўляюцца глыбокімі і чыстымі, калі прабачэнне пераважае над канфліктамі, калі штодзённая рэзкасць жыцця злагоджваецца ўзаемнай пяшчотай і спакойнай адданасцю Божай волі. Так сям’я адкрываецца для радасці, якую Бог дорыць усім тым, хто здольны з радасцю даваць. У той жа час яна знаходзіць духоўную сілу, каб адкрывацца для знешняга свету, для іншых, для служэння братам, для супрацоўніцтва ў будаванні заўсёды новага і лепшага свету; і таму здольная станавіцца носьбітам добрых памкненняў; сям’ёй, якая евангелізуе праз прыклад жыцця», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён нагадаў, што нават калі ў сямейным жыцці здараюцца канфлікты, важна заўсёды завяршаць дзень прымірэннем, бо «халодная вайна, якая пачнецца на наступны дзень, вельмі небяспечная».
Ён заклікаў заўсёды захоўваць у сямейнай штодзённасці тры словы: «дазволь», «дзякуй» і «прабач».
Пантыфік зазначыў, што да евангелізацыі праз сям’ю нас заклікае сённяшняе свята Святой Сям’і Езуса, Марыі і Юзафа, зноў «прапануючы ідэал сужэнскай і сямейнай любові, як гэта было падкрэслена ў Апостальскай адгартацыі Amoris lætitia, пятая гадавіна абнародавання якой будзе адзначацца 19 сакавіка 2021 года».
У сувязі з гэтым Святы Айцец заклікаў прысвяціць Спецыяльны год разважанню над гэтым дакументам з дапамогай прапаноў і душпастырскіх інструментаў, якія будуць дадзены ў распараджэнне касцёльным супольнасцям і сем’ям.
«З гэтага моманту заклікаю ўсіх далучыцца да ініцыятыў, якія пройдуць на працягу Года і будуць каардынавацца Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Даверым Святой Сям’і з Назарэта, асабліва святому Юзафу, клапатліваму мужу і бацьку, гэты шлях з сем’ямі ўсяго свету», — сказаў Папа.
Перад малітвай «Анёл Панскі» ён пажадаў, каб Панна Марыя дазволіла сем’ям усяго свету станавіцца ўсё больш і больш прывабленымі евангельскім ідэалам Святой Сям’і і такім чынам быць закваскай новага чалавецтва і канкрэтнай і паўсюднай салідарнасці.
Спецыяльны Год сям’і, прысвечаны разважанню над Апостальскай адгартацыяй Amoris lætitia, будзе ўрачыста распачаты ва ўрачыстасць святога Юзафа 19 сакавіка наступнага года і завершыцца святкаваннем Дзясятай сусветнай сустрэчы сeм’яў, якая пройдзе 22 чэрвеня 2022 г. у Рыме.