Пошук

03.09.2021 10:07   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: toscanaoggi.it

У Італіі вядзецца падрыхтоўка да незвычайнай пілігрымкі сем’яў, якая адбудзецца 11 верасня.

Як перадала Польская рэдакцыя Vatican News, замест адной агульнанацыянальнай сустрэчы ў гэты дзень пройдуць 20 пілігрымак у марыйныя санктуарыі, размешчаныя ў розных рэгіёнах краіны.

На гэтую ідэю арганізатараў натхнілі пілігрымкі сем’яў, якія шмат гадоў ішлі ў санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Пампеях. Акрамя таго, у Італіі да гэтага часу дзейнічаюць звязаныя з пандэміяй санітарныя абмежаванні, якія не дазваляюць правядзенне масавых мерапрыемстваў. Так узнікла ініцыятыва «нацыянальнай пілігрымкі сем’яў у абарону сям’і», мэтай якой стануць найбольш папулярныя ў тым ці іншым рэгіёне марыйныя санктуарыі.

Мерапрыемства арганізавана рухамі «Форум сем’яў» і «Аднаўленне ў Духу Святым» у супрацоўніцтве з епіскапатам Італіі. Дэвіз пілігрымкі: «У камуніі — радасць», а яе тэма: «Радасць, якую перажываюць у супольнасці, якою дзеляцца з іншымі», — узятая з Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Gaudete et exsultate.

Пілігрымку ў кожны з санктуарыяў узначаліць біскуп з гэтага рэгіёна.

Акрамя супольнай малітвы і Эўхарыстыі плануецца правесці цыкл сустрэч, прысвечаных сям’і, на якіх будуць закранацца самыя розныя тэмы: ад выхавання, змяншэння колькасці дзяцей і сакрамэнтальна заключаных сужэнстваў і да падаткаў, сацыяльнай абароны і клопату пра старэйшых і хворых у сям’і.

Пілігрымка пройдзе ў межах абвешчанага Папам Францішкам надзвычайнага Года сям’і Amoris lætitia, які нагадвае вучэнне абвешчанай пяць гадоў таму Апостальскай адгартацыі пад такой самай назвай, «Радасць любові». Мерапрыемства стане таксама падрыхтоўкай да запланаванай на наступны год Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая па рашэнні Святога Айца таксама была дэцэнтралізавана і пройдзе адначасова ў дыяцэзіях ва ўсім свеце. Ксёндз Марко В’янэллі, дырэктар аддзела па справах сям’і пры італьянскім епіскапаце, падкрэсліў, што такі новы фармат пілігрымкі з’яўляецца выразам салідарнасці, якая можа быць важным крокам на шляху адраджэння сям’і ў Італіі.

Абноўлена 03.09.2021 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа