У нядзелю 28 чэрвеня вернікі парафіі святога Юды Тадэвуша, што на Смаргоншчыне, з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча адзначаць 200-гадовы юбілей кансэкрацыі свайго парафіяльнага касцёла.
Вядома, што ўжо ў XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў драўляны касцёл Свірскага дэканата і місія езуітаў пры ім. Айцы Таварыства Езуса заснавалі ў Вішневе і так званую «факультэцкую школу».
У гэты ж час быў створаны і абраз святога Юзафа з Дзіцяткам Езусам пэндзля мастака Яна Дамеля. Велічная ікона і сёння знаходзіцца над галоўным алтаром вішнеўскага касцёла.
12 верасня 1820 года святыню пад тытулам святога апостала Юды Тадэвуша кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кундзіч, суфраган Троцкі.
Урачыстую цэлебрацыю з нагоды 200-годдзя кансэкрацыі касцёла ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а партал Catholic.by арганізуе анлайн-трансляцыю з Вішнева.
Яна распачнецца ў 11.30 з прадстаўлення новага выдання мастацка-дакументальнай аповесці Анатоля Шчучкі «Святыняў маўклівыя цені», прысвечанай гісторыі гэтых мясцін, адкуль паходзіць род аўтара. На вокладцы кнігі — абрыс вішнеўскага касцёла пад Укрыжаваным Хрыстом, з ранаў якога сцякае святая Кроў, а таксама алтарны абраз святога Юзафа.
Апоўдні адбудзецца цэлебрацыя святой Імшы, прымеркаванай да ўрачыстасці Нараджэння святога Яна Хрысціцеля, якая ў вішнеўскай парафіі традыцыйна з’яўляецца адпустам.
Пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе кс. Антоній Казлоўскі ад імя мясцовых вернікаў шчыра запрашае ўсіх жадаючых падзяліць з імі радасць адпустовай урачыстасці і юбілею кансэкрацыі касцёла.
Акрамя таго, у гэты дзень у вішнеўскім касцёле можна будзе ўбачыць фотавыставу ўнікальных здымкаў абраза Маці Божай Будслаўскай. Яны былі зроблены ў сакавіку мінулага года падчас замены шкла на цудадзейнай іконе, што дало магчымасць сфатаграфаваць яе ў найлепшай якасці. Здымкі дазваляюць убачыць усе дэталі вялікай святыні нашага народа і выдатнага твора сакральнага мастацтва эпохі Адраджэння.
Так добра разгледзець абраз Маці Божай Будслаўскай немагчыма нават знаходзячыся непасрэдна перад алтаром у Нацыянальным санктуарыі.
Паколькі сёлета адменены арганізаваныя пілігрымкі ў Будслаў і вялікі Будслаўскі фэст, гэтая выстава — цудоўная магчымасць убачыць цудадзейную ікону, паглядзець у вочы Маці Божай, зблізку звярнуцца да Яе з сардэчнай просьбай, а таксама набыць якасна надрукаваную выяву абраза.