Пошук


12 сакавіка ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе было заменена шкло на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай.

Ініцыятарам замены шкла, якое абараняе каштоўную святыню ад шкоднага ўздеяння асяроддзя, стаў новапрызначаны будслаўскі пробашч кс. Дзмітрый Дубовік, які на ўласныя сродкі набыў з гэтай мэтай высокаякаснае музейнае шкло.

Новае шкло ўдвая танчэйшае за папярэдняе і не толькі больш празрыстае, але да таго ж не блікуе, што дазваляе без перашкодаў бачыць Маці Божую з Дзіцяткам Езусам на руках з розных пунктаў і пры розным асвятленні.

У клопаце пра цудатворны абраз, які з’яўляецца не толькі вялікай хрысціянскай святыняй, але і выдатным шэдэўрам сакральнага мастацтва і неацэнным набыткам усяго беларускага народа, пробашчу дапамагаюць мінскі калекцыянер і энтузіяст Ігар Сурмачэўскі з сынам Станіславам, а таксама прафесійныя мастакі-рэстаўратары Аляксандр Петракоў і Аляксандр Лагуновіч, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Адзін з іх, Аляксандр Петракоў, распавёў чытачам партала Catholic.by падрабязнасці.

— Пад новым шклом абраз стаў выглядаць значна лепш. Цяпер ствараецца ўражанне глыбіні, аб’ёмнасці выяваў, лепш відаць дэталі.

Безумоўна, нас цікавіў таксама стан самога абраза, які быў грунтоўна адрэстаўраваны на пачатку 90-х гадоў Віктарам Лукашэвічам.

— На той час рэстаўрацыя была зроблена якасна, аднак сёння неабходна сачыць за станам лакавага пакрыцця жывапісу, якое дзе-нідзе прыўзнялося і набыло белы колер.

Нічога катастрафічнага пакуль не адбываецца, але за гэтым працэсам неабходна назіраць,

— зазначыў спецыяліст.

Яшчэ адзін момант, на які звярнуў увагу рэстаўратар, — гэта тое, што шата мацуецца да абраза цвікамі, а кароны да яе прыпаяныя і прыкручаныя… шурупамі.

— Сёння рэстаўратары імкнуцца пазбягаць такога «траўматычнага» для жывапісу спосабу накладання шаты і найчасцей прымацоўваюць яе да рамы, а не да абраза такім чынам, каб не пашкодзіць апошні. Магчыма, прыйдзе час, калі менавіта так будзе мацавацца шата і на абразе Маці Божай Будслаўскай.

Дарэчы, новае шкло на цудатворным абразе — гэта не адзіная добрая навіна з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе.

У бліжэйшы час мы пазнаёмім вас з тым, што адбываецца, пакуль у мястэчку няма натоўпаў пілігрымаў, і як зберагаюцца матэрыяльныя гістарычныя каштоўнасці там, дзе праходзіць фэст, які з’яўляецца часткай нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Сачыце за матэрыяламі на партале Catholic.by.

   

 

Абноўлена 13.03.2019 08:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.