У суботу 26 кастрычніка пры касцёле Божага Цела ў аг. Беразінскае (Маладзечанскі дэканат) пры ўдзеле літаратараў і паэтаў, мастакоў і музыкантаў адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар хрысціянскай пісьменніцы і мецэнаткі графіні Габрыэлі Пузыні, якая жыла ў маёнтку Гарадзілава на тэрыторыі цяперашняй беразінскай парафіі.
Габрыэля Пузыня, у дзявоцтве Гюнтэр, нарадзілася ў 1815 годзе ў Вільні.
Да шлюбу жыла ў бацькавым маёнтку ў Дабраўлянах, а стаўшы ў 1851 годзе жонкаю князя Тадэвуша Пузыні пасялілася ў Гарадзілаве, дзе бывалі шматлікія прадастаўнікі тагачаснай культурнай эліты нашага краю — духоўныя і свецкія асобы, пісьменнікі, музыканты, мастакі, акторы і навукоўцы, з якімі Габрыэлю Пузыню звязвала творчае і чалавечае сяброўства.
У Гарадзілаве 16 жніўня 1869 года завяршыўся зямны шлях гэтай беларускай польскамоўнай пісьменніцы.
Творчая вечарына памяці Габрыэлі Пузыні распачнецца а 12-й гадзіне святою Імшою аб вечным супакоі для яе душы і арганным канцэртам.
Пасля кава-паўзы адбудзецца знаёмства з творчасцю пісьменніцы і літаратурна-музычны канцэрт.
Пробашч парафіі Божага Цела ў аг. Беразінскае ксёндз канонік Сяргей Бараўнёў ад імя ўсіх вернікаў сардэчна запрашае ўсіх жадаючых узяць удзел у памятным мерапрыемстве, якое адбудзецца па адрасе:
вул. Леніна, 3, аг. Беразінскае, Маладзечанскі р-н.