Пошук

07.10.2019 13:19   Тэкст: Марына Валасар / Фота: Аляксандр Бурдзялёў / Catholic.by

З 13 па 24 кастрычніка ў Пінску ўпершыню пройдзе арганны сімпозіум, у якім возьмуць удзел арганісты і студэнты музычных навучальных установаў з усёй Беларусі, а таксама госці з Масквы (Расія).

Арган пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі — унікальны інструмент, створаны ў 1836 годзе віленскім майстрам Адальбэртам Градзіцкім. Праз сто гадоў арган быў перабудаваны Вацлавам Бярнацкім з захаваннем старога барочнага корпусу і некалькіх соцень старых труб-пішчалак. Інструмент, які мае 28 рэгістраў і на якім калісьці граў нават сам кардынал Казімір Свёнтэк, сёлета быў адрамантаваны і зноў гучыць падчас кожнай урачыстай святой Імшы.

У маі – ліпені ў Пінску праходзіў найбуйнейшы ва Усходняй Еўропе арганны фестываль памяці кардынала Казіміра Свёнтка, а арганны сімпозіум стане яго своеасаблівым працягам.

Арганізатар мерапрыемства — Аляксандр Бурдзялёў, даследчык беларускіх арганаў, складальнік энцыклапедыі «Арганы Беларусі». На яго думку, існуе вялікая патрэба развіваць арганную адукацыю, таму асноўнай мэтай сімпозіума з’яўляецца адукацыйная.

«У Беларусі мала выкладчыкаў ігры на аргане, і ёсць патрэба ў абмене вопытам з аўтарытэтнымі спецыялістамі. Напачатку мы планавалі, што гэта будуць проста майстар-класы. Калі я паведаміў пра гэта маладым арганістам і беларускім выкладчыкам аргана, яны вельмі ўзрадаваліся і выказалі жаданне паўдзельнічаць», — гаворыць Аляксандр Бурдзялёў.

Дзякуючы падтрымцы Касцёла і мецэнатаў мерапрыемства, запланаване як майстар-класы, ператварылася ў сімпозіум, у межах якога адбудуцца выступленні вядомых выканаўцаў і заняткі пад іх кіраўніцтвам.

У ім возьмуць удзел майстры ігры на аргане з Масквы Аляксей Шмітаў і Анастасія Сідзельнікава, а таксама беларускія музыканты і студэнты розных музычных навучальных установаў з нашай краіны.

У межах сімпозіума ў Пінскай школе мастацтваў адбудзецца канцэрт народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава, а таксама пройдзе серыя майстар класаў ігры на аргане, якія правядуць Аляксей Шмітаў і Галіна Сямёнава. З гісторыяй беларускіх арганаў у спецыяльнай лекцыі пазнаёміць удзельнікаў Аляксандр Бурдзялёў.

Навучэнцы і студэнты музычных установаў Беларусі пасля ўдзелу ў майстар-класах будуць мець унікальную магчымасць выканаць творы на аргане пінскай катэдры.

Уваход на ўсе арганныя канцэрты ў пінскім катэдральным касцёле вольны.

Праграма сімпозіума ТУТ>>>

Абноўлена 07.10.2019 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.