Пошук

29.07.2019 11:50   Catholic.by
Фота Святланы Станкевіч / radzima.org

У нядзелю 4 жніўня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды 210-годдзя асвячэння касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве (Смаргонскі дэканат) і 30-годдзя вяртання святыні вернікам.

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Данюшаве быў заснаваны ў 1483 годзе ўладальнікамі маёнтка Саковічамі.

Старажытная святыня не захавалася, і ў 1809 годзе на сродкі Марціна Кліманскага на ранейшым месцы быў пабудаваны новы драўляны касцёл з рысамі барока і класіцызму.

Асвяціў касцёл пад гістарычным тытулам завілейскі дэкан кс. Антоні Багіленскі. З гэтага часу Данюшава стала самастойнай парафіяй.

У пасляваенны час савецкія ўлады зачынілі святыню. Культавыя прыналежнасці выкінулі на вуліцу, каштоўныя рэчы вывезлі ў Смаргонь, а астатняе спалілі. Данюшаўцам удалося выратаваць абраз Маці Божай (без шатаў), срэбранага голуба і Ягнятка, якое і сёння стаіць над алтаром. Будынак касцёла быў прыстасаваны пад збожжасховішча, сцены святыні «абраслі» гаспадарчымі прыбудовамі.

У 1970-я гады будынку нададзены статус помніка архітэктуры, а ў 1989 г. святыню вярнулі вернікам.

Душпастыр данюшаўскай парафіі кс. пробашч Уладзіслаў Сурвіла ад імя ўсіх мясцовых вернікаў шчыра запрашае ўзяць удзел ва ўрачыстай святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліць пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пачатак а 15-й гадзіне.

Абноўлена 29.07.2019 12:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця