Кармэліты босыя і парафіяне сардэчна запрашаюць усіх жадаючых да ўдзелу ў адпустовых урачыстасцях Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль (Шкаплернай), якія адбудуцца 15–16 ліпеня ў Мядзелі.
ПРАГРАМА
15 ліпеня
- 18.00 — св. Імша і заканчэнне Навэнны да Маці Божай Шкаплернай
- 19.00 — Крыжовы шлях на мядзельскай Кальварыі (пачатак ля ўваходнай Брамы Прабачэння)
16 ліпеня, урачыстасць Маці Божай Шкаплернай
- 9.00 — св. Імша і малітвы да св. Міхала Арханёла ў касцёле
- 11.00 — набажэнства (індывідуальна) да св. Міхала Арханёла
- 12.00 — урачыстая адпустовая св. Імша ў касцёле. Развітанне з фігурай св. Міхала Арханёла
- 18.30 — св. Імша
Кармэліты босыя і шкаплер Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль
Гісторыя кармэліцкага ордэна звязана з гарой Кармэль у Палестыне, дзе за дзевяць стагоддзяў да нараджэння Хрыста маліўся і дзейнічаў прарок Ілля. Ягоныя словы: «Распальвае мяне руплівасць пра хвалу Пана Магуццяў» (пар. 3Вал 19, 10) сталі дэвізам ордэна. На мяжы ХІІ–ХІІІ стагоддзяў скаладаецца супольнасць братоў, якія жывуць у пячорах Кармэля. Першы статут пустэльнікі атрымалі ад ерузалемскага патрыярха св. Альбэрта каля 1209 г.
У сувязі з пераследам з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і ўпадкам хрысціянскай дзяржавы ў Палестыне кармэліты былі вымушаны перасяліцца ў Еўропу.
У неадпаведных умовах паўстала пагроза распаду ордэну. У такой сітуацыі генерал ордэну св. Сымон Сток мабілізаваў сваіх братоў да малітвы праз заступніцтва Марыі аб захаванні гэтай манаскай супольнасці. Марыя выслухала малітву і ў знак апекі і збаўлення ўказала на шкаплер, верхнюю частку габіта. Такім чынам ордэн быў захаваны і пад апекай Найсвяцейшай Марыі пачаў паспяхова развівацца ў Еўропе.
З цягам часу шкаплернае набажэнства было распаўсюджана і на свецкіх вернікаў, якія праз спецыяльнае прыняцце ў шкаплерную сям’ю носяць на сабе шкаплер у выглядзе двух палатняных кавалкаў тканіны або медаліка з выявамі Маці Божай Шкаплернай і Сэрца Езуса. Заахвочваннем да гэтай практыкі з’яўляецца абяцанне Марыі, што той, хто верна носіць шкаплер і памірае ў ім, штодзённа моліцца з пашанай да Маці Божай, а таксама захоўвае Божыя запаведзі, наследуючы Яе цноты ў адпаведнасці са сваім станам, у першую суботу пасля смерці самой Марыяй будзе вызвалены з чыстца і ўзнесены да хвалы неба.
Сёння ў Беларусі кармэліты босыя служаць у Мядзелі, Гудагаі, Нарачы і Мінску.
Крыніцай іх духоўнасці з’яўляецца малітоўнае трыванне ў братняй супольнасці, камунія з Богам, супольная Эўхарыстыя, Літургія Гадзінаў, медытацыя. Кармэліты босыя служаць Касцёлу як святары і браты праз апостальскую і парафіяльную дзейнасць, рэкалекцыі, школы малітвы і дапамогу ўсім патрабуючым.