Пошук

14.10.2017 09:16   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

“Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы”.

Дарагія браты і сёстры!

Здараецца, калі слухаем або чытаем тэксты Святога Пісання, можам сустрэцца з пэўнымі цяжкасцямі, якія нам перашкаджаюць у разуменні Божага слова. А менавіта пытанне ў тым, як правільна разумець той ці іншы ўрывак Старога ці Новага Запавету, гэта датычыць і прыпавесцяў Езуса Хрыста, якіх у Евангеллі нямала.

І хоць у большасці свае прыпавесці Езус распавядае дастаткова даходліва, але ўсцяж узнікаюць пэўныя цяжкасці ў асобных месцах Яго навукі. Бывае, што сам Езус тлумачыць змест сваіх прыпавесцяў апосталам і вучням, але для нас, сучасных слухачоў і вучняў, гэтага можа быць недастаткова. І здараецца так, што, калі мы пачуем Божае слова, то не ўсё да канца разумеем або занадта эмацыйна і даслоўна прымаем і трактуем словы Езуса Хрыста.

Асаблівую ўвагу мы часта звяртаем на мастацкі кантэкст, на асаблівасць вобразаў, і гэта нам нярэдка закрывае сутнасць таго, што нам хоча сказаць Езус. У сённяшняй прыпавесці аб вясельнай гасціне нас можа непрыемна ўразіць апошні момант, а менавіта суровая кара, якую гаспадар прысудзіў чалавеку без вясельнай вопраткі. Адразу нараджаецца пытанне: навошта аж так?

Памятаю, я сам вельмі здзіўляўся такому суроваму прысуду, калі чытаў гэты ўрывак. Ці гэта віна таго чалавека, што не было ў яго належнай вясельнай вопраткі? А тым больш – кагосьці пасылаць у пекла толькі з-за вопраткі? Ці гэта вопратка сведчыць пра чалавека? Па вопратцы сустракаюць а па розуму праводзяць, як у нас кажуць. Таму гэты прысуд выглядаў вельмі радыкальным, а нават жорсткім. Магчыма, шмат хто з вас думае падобным чынам, і таму, дарагія браты і сёстры, варта бліжэй прыгледзецца да гэтага вобразу ў кантэксце ўсёй прыпавесці Езуса.

Па-першае, трэба заўважыць, што для таго караля вячэра была выразам вялікай радасці з нагоды шлюбу яго сына. Айцец хацеў зрабіць для яго як найлепш, хацеў, каб іншыя ў паўнаце раздзялялі з ім гэтую вясельную радасць. Мяркую, што кожны з нас ведае, як чалавеку баліць, калі яго ігнаруюць, калі да яго ставяцца з абыякавасцю. Як жа балюча, калі хтосьці адкідвае нашую добрую волю. Тады мы адчуваем сябе зраненымі, бо была спроба заглушыць у нас тое, што найлепшае.

Можам паспрабаваць паставіць сябе на месца гэтага караля, які са шчырага сэрца падрыхтаваў стол з тым, што ў яго было найлепшае: “Вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!” І вось пасля некалькіх гадзін цярплівага чакання і непакою каралю пачынае прыходзіць думка, што ніхто да яго не прыйдзе, што ён нікому не патрэбны і нікога не цікавіць ані яго запрашэнне, ані яго сяброўства.

Па-другое, запрошаныя выразна праігнаравалі як запрашэнне, так і самога гаспадара. Іх непрысутнасць вынікала не толькі з абыякавасці, але і са злой волі. Мала таго: запрошаныя вельмі выразна праявілі сваю неахвоту. “Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх”. Забойствы, аб якіх кажа нам прыпавесць, - гэта метафара, тонкі намёк на тагачасных габрэяў, якія неаднаразова пераследвалі прарокаў Пана. Адсюль узнікае пытанне для нас, сучасных людзей, людзей веруючых: а мы ці здольныя ўшанаваць святароў, катэхетаў, проста пабожных вернікаў?

Таму, мае дарагія, той гаспадар-кароль меў поўнае права адчуць сябе пакрыўджаным. І нічога дзіўнага няма, што ён, у горычы і перажыванні, звярнуўся да незнаёмых людзей, якіх спаткаў на сваім шляху. Менавіта такім чынам Валадарства Божае стала ўдзелам язычнікаў, бо ізраэльскі народ, дарэчы, народ, які выбраў сам Бог, не змог належным чынам ацаніць і прыняць любоў Бога. А міласэрнасць Бога не мае межаў і адкрываецца для кожнага, хто толькі жадае гэтую міласэрнасць прыняць.

Аднак з гэтай вясельнай гасціны вынікаюць пэўныя наступствы. З ініцыятывай-запрашэннем выходзіць, канешне, Бог, але, калі мы гэтае запрашэнне прымаем, калі адказваем Богу станоўча, “так”, то не можам адначасова Яму адказаць “не”. Гэта значыць, што, калі мы прынялі запрашэнне, патрэбны час, каб мы маглі паклапаціцца пра адпаведную і годную вопратку спецыяльна для гэтай урачыстай гасціны. Калі адпаведна не падрыхтуемся, то гэта будзе кепска пра нас сведчыць. Дакладней кажучы, будзе сведчыць аб нашай абыякавасці, аб тым, што мы неадказныя людзі. А гэта, дарагія, сур'ёзны грэх, грэх занядбання, і, хто ведае, магчыма, менавіта гэты грэх з'яўляецца найбольшай балячкай нашых часоў.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Менавіта перад такой абыякавасцю хоча нас асцерагчы Езус: каб мы не прымалі дарэмна Божай ласкі, каб мы не марнавалі Божыя дары, каб не закопвалі ў зямлю даручаныя нам таланты. Абыякавасць – гэта наша негатыўная здольнасць змарнаваць тое каштоўнае, што мы атрымалі ад Бога. Каб пераадолець абыякавасць, трэба, каб нашае сэрца было ўражлівым, чулым і далікатным. Калі яно будзе такім, ніякая абыякавасць нам не перашкодзіць.

Вось паглядзіце: святая Імша таксама з'яўляецца гасцінай, на якую нас запрашае Бог. Гэтае запрашэнне актуальна на кожную нядзелю. На гэтай гасціне мы слухаем Божае слова, разважаем і ўспрымаем яго, а таксама разам удзельнічаем у Эўхарыстыі, дзякуючы якой Бог нас яднае з Сабой. Кожны з нас запрошаны на гэтую гасціну, кожную нядзелю. Толькі ці прымаем мы гэтае запрашэнне? І ці клапоцімся пра вясельную вопратку нашай душы? Няхай кожны з нас на працягу гэтых некалькі хвілін цішыні паспрабуе паразважаць і па магчымасці адказаць на пастаўленыя пытанні...

Абноўлена 03.10.2020 18:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця