Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
У сувязі з надыходзячай круглай датай 40-годдзя святарскага пасвячэння Яго Эксцэленцыі Казіміра Велікасельца OP, дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі, і 25-гадовым юбілеем яго біскупскага служэння заклікаю ўсіх ахвотных прыняць удзел ва ўрачыстай святой Імшы падзякі Пану Богу, якую плануем цэлебраваць у санктуарыі галоўнага нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі — святога Андрэя Баболі ў Іванаве 18 мая а 12-й гадзіне.
Набліжаючыся да срэбранага юбілею — 25-годдзя служэння біскупа Казіміра, разам з ім дзякуем добраму Богу за плённыя і шматлікія гады яго святарскага і біскупскага служэння.
За гэты доўгі перыяд руплівага пастырскага служэння ён, будучы паслухмяным Божаму Провіду, працаваў на Божай ніве не толькі ў Пінскай дыяцэзіі, але таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе аднавіў парафіі ў Новым Свержні і Гарадзеі, і клапаціўся таксама пра адраджэнне парафіяльных супольнасцей на прылеглых тэрыторыях Гродзенскай дыяцэзіі — у Міры і Карэлічах.
Сорак гадоў таму сваё святарскае служэнне біскуп Казімір распачынаў у парафіі ў Ішкалдзі каля Баранавічаў. Пасля служыў у Паланечцы, Сталовічах, Гарадзішчы, Юшкавічах, Ганцавічах, Лунінцы. У часы адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэізму гэты іерарх дапамагаў вернікам у аднаўленні парафій і адбудове зруйнаваных касцёлаў, арганізоўваў з вернікамі новыя парафіі і не перастае клапаціцца пра будаўніцтва новых святынь, якія ўзводзяцца замест раней разбураных. Сярод іх варта ўзгадаць касцёл Маці Божай Анёльскай у вёсцы Лясной каля Баранавічаў.
Служачы ў горадзе Баранавічы, Яго Эксцэленцыя клапаціўся пра існуючыя там парафіі, пабудаваў новы парафіяльны дом пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа.
Таксама дапамагаў вернікам у заснаванні новых супольнасцей у маладых мікрараёнах.
Так, дзякуючы старанням біскупа Казіміра на пачатку 1990-х гадоў была створана і паспяхова развіваецца парафія святога Зыгмунта ў гэтым горадзе.
Таксама, служачы ў Брэсце, Яго Эксцэленцыя прычыніўся да арганізацыі маладой парафіі і распачаў будаўніцтва касцёла святога Юзафа ў новай частцы горада. Дзякуючы старанням біскупа Казіміра, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце былі адноўлены каменныя алтары, упарадкаваны прыкасцёльная тэрыторыя і агароджа святыні. Тут ён развіваў культ Маці Божай Брэсцкай, устанавіў арган. Іерарх дапамог парафіяльнай супольнасці ў Маларыце арганізаваць новае месца культу і душпастырства замест разбуранай раней святыні.
Пасля плённага перыяду пастырства ў Брэсце біскуп Казімір працягнуў сваё служэнне ў Пінску.
Дзякуючы яго старанням развівалася душпастырства ў Пінскай катэдральнай парафіі. У горадзе Століне пры падтрымцы гэтага пастыра мясцовая парафія змагла арганізаваць новае месца культу замест разбуранай раней святыні. Таксама Яго Эксцэленцыя служыў супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, дзе быў спаведнікам семінарыстаў. З 2012 года біскуп Казімір служыць у Гомелі. У гэтым другім па велічыні горадзе краіны ён дапамог адрадзіцца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і паспяхова распачаць будаўніцтва новай святыні замест разбуранай у часы атэізму. Там жа Яго Эксцэленцыя служыць не толькі парафіяльным супольнасцям, падтрымлівае святароў, але і духоўна суправаджае сясцёр з манаскіх супольнасцей, а таксама давераных іх апецы асоб з цэнтра дапамогі бяздомным і сем’ям дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
У Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца Генеральным вікарыем, дапамагае кіруючаму біскупу ў вырашэнні спраў Касцёла. Яго сведчанне руплівага душпастыра прынесла шчодры плён новых святарскіх пакліканняў у розных парафіях не толькі Пінскай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі. Прыклад веры і малітвы Яго Эксцэленцыі з’яўляецца натхненнем для біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да больш адданага жыцця паводле веры.
Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да ўдзелу ў святой Імшы падзякі ў санктуарыі святога Андрэя Баболі.
Асабліва запрашаю на супольнае набажэнства ўсіх тых, хто з рук Яго Эксцэленцыі быў ахрышчаны, прыступаў да святой споведзі, прымаў святую Камунію, сакрамэнт канфірмацыі, заключаў сужэнства, атрымліваў духоўную падтрымку.
Няхай нашая супольная малітоўная сустрэча 18 мая ў Іванаве стане не толькі падзякай Пану Богу за шматгадовае руплівае служэнне біскупа Казіміра Велікасельца OP, але таксама просьбай да Хрыста — Добрага Пастыра аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння і асабліва з парафій Пінскай дыяцэзіі.
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 23 красавіка 2024 г.
Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае Паведамленне вернікам у нядзелю 28 красавіка падчас кожнай святой Імшы і размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яў да 19 мая.