Пошук

25.04.2024 10:09   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

14 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў каталіцкую евангелізацыйную супольнасць «Эхад», якая дзейнічае пры катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Як са спасылкай на сайт супольнасці паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, гэты дзень быў асаблівым для ўдзельнікаў супольнасці, бо, акрамя візіту іерарха, на традыцыйнай нядзельнай сустрэчы адбылося падпісанне дэкларацый членаў «Эхад» удзельнікамі яе малых груп.

Пасля малітвы лідар супольнасці Анатоль Канарскі і яе апякун ксёндз Алег Пятрашка правялі канферэнцыю «Сакрамэнт пакаяння — не проста споведзь».

Падчас канферэнцыі было заўважана, што аснова сакрамэнту пакаяння — перамена сэрца ў выніку дзеяння Божай ласкі, і што гэты сакрамэнт дае ласку для пастаяннага ажыццяўлення такога ўнутранага перамянення.

Было адзначана, што важна правільна называць гэты сакрамэнт: «Калі мы ведаем, што прыступаем да сакрамэнту пакаяння, то разумеем, што гэтае ўсведамленне сваіх грахоў, якое пастаянна паўтараецца, павінна весці нас да ўнутранага змянення, якое ажыццяўляецца тады, калі ў нас дзейнічае ласка, а мы з ёю супрацоўнічаем», — падкрэсліў ксёндз Алег.

Святар патлумачыў, што тое, наколькі часта і якім чынам прыступаць да сакрамэнту пакаяння, «павінна быць звязана з рытмам нашага ўнутранага духоўнага жыцця, што пачынаецца з акту веры і працягваецца праз змяненне мыслення», і што сапраўднае пакаянне «заключаецца менавіта ў цвёрдым унутраным рашэнні».

На прыкладзе ўчынкаў Юды, апісаных у Евангеллі паводле Мацвея, было паказана адрозненне паміж паняццямі пакаяння і «жалю, горычы — таго, што часта прымаецца за пакаянне».

Біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуўся да прысутных са словам пастырскага наказу.

Удзельнікі «Эхад» вельмі радыя, што пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адгукнуўся на іх запрашэнне сустрэцца, удзячныя яму за размову, асабістае знаёмства з супольнасцю, давер і падтрымку.

 

 

Абноўлена 25.04.2024 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця