Пошук

18.04.2013 00:00  

1 чыт. Дз 13, 14. 43-52; Пс 100 (99), 2. 3. 5.
2 чыт Ап 7, 9. 14b-17.
Ев. Ян 10, 27-30
.


Мы — Божы народ

Касцёл — гэта таямніца, багацце, якое нашым розумам мы ніколі не зможам даследаваць, бо ў гэтай таямніцы прысутнічае сам Бог. Таму, калі мы кажам пра Касцёл, нам неабходна выкарыстоўваць розныя вобразы і аналогіі, якія ніколі не перададуць усяго багацця Касцёла.

З іншага боку, разнастайнасць вобразаў, а значыць знакаў, перашкаджае таму, каб мы думалі, што толькі адзін з іх з’яўляецца вычарпальным. У канстытуцыі «Lumen gentium» гаворыцца: «Падобна таму, як у Старым Запавеце часта прыводзіцца аб’яўленне пра Касцёл у форме вобразаў, так і цяпер мы пазнаем унутраны характар Касцёла з разнастайных вобразаў» (6). У Новым Запавеце можна адшукаць 24 вобразы, якія тлумачаць сутнасць Касцёла.

З усіх вобразаў Касцёла Сабор падкрэсліў вобраз «Божага народа». З аднаго боку таму, што ён выражае ўсеагульную годнасць усіх ахрышчаных у Касцёле і іх адказнасць у свеце. З іншага боку таму, што ён сведчыць пра грамадскі гістарычны характар Касцёла.

Выкарыстаем вобраз Божага народа як галоўную думку, якая будзе нас суправаджаць у гэтую нядзелю.


Божае слова

Паводле першага чытання Павел і Барнаба абвяшчалі Божае слова не толькі юдэям, але і язычнікам у Антыёхіі Пісыдыйскай. А язычнікі «ўзрадаваліся і славілі слова Пана, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, паверылі». З паслухмянага слухання Божага слова нараджаецца вера: такім чынам ствараецца супольнасць вернікаў — Касцёл.

Божы народ нараджаецца са слухання Божага слова. І разам з Божым словам прыходзіць радасць з веры і Дух Святы. Касцёл з’яўляецца супольнасцю, якая — усцяж ажыўленая Духам — прымае з верай Божае слова і перажывае вялікую радасць. Таму Божае слова з’яўляецца дзейснай плённай і творчай сілай. Нават евангеліст Лука адлюстроўвае яе: «І слова Пана пашыралася па ўсёй краіне». Божае слова стаіць ля вытокаў Божага народа.


Вялікае мноства людзей

У другім чытанні з кнігі Апакаліпсіса святога Яна мы таксама заглыбімся ў тэму Касцёла: «Я, Ян, убачыў вялікі натоўп, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў». Такім чынам, Божы народ не вызначаецца на аснове нацыі, мовы ці культуры. Тыя, якія належаць да Божага народа, «у белых адзеннях» (белы колер у Апакаліпсісе сімвалізуе боскае жыццё), бо яны прымаюць удзел у жыцці Бога.

«Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў адзенне сваё і выбеліў яго ў крыві Ягняці»: смерць Езуса на крыжы забяспечыла ім боскае жыццё, яна змыла з іх усялякі грэх. «Бо Ягнё, якое пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады». Касцёл з’яўляецца супольнасцю Ягняці — Езуса, які кіруе ёй і з’яўляецца адзіным добрым пастырам.

Касцёл як супольнасць Божых дзяцей з’яўляецца «святыняй Яго»: «І той, хто сядзіць на троне, раскіне над імі свой шацёр».

Касцёл бесперастанна знаходзіцца «перад тронам і перад Ягнём». Бог і Яго Сын, Езус Хрыстус, моцаю Духа Святога вядуць Касцёл наперад. У гэтым шляху Касцёл жыве памяццю пра свайго Пана, а таксама пра грэх і падзел, і чакае свайго Пана. Таму Касцёлу ўвесь час неабходна ачышчацца.

«Памяць» выражае ўкараненне Божага народа ў зямным жыцці Езуса Хрыста, у Яго смерці і ўваскрасенні. Але ў літургічным сэнсе «памяць» азначае прысутнасць Езуса ў Касцёле ў Яго слове, сакрамэнтах, у апостальскім служэнні і служэнні бедным, у супольнасці вернікаў. Да таго часу, пакуль Касцёл «чакае» Пана, ён знаходзіцца «ў дарозе», у незавершаным стане, у стане няспыннага звароту да свайго Пана.

Калі мы кажам пра Касцёл як пра Божы народ, то Касцёл уяўляе сабою бачны гістарычны суб’ект з уласнай структурай, здольны быць суб’ектам гістарычных дзеянняў. І задачай Касцёла з’яўляецца прапаноўваць не самога сябе, а свайго Пана — Езуса.


Паства Езуса

Касцёл — гэта паства Езуса: «Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною». Гэта значыць, яны павінны імкнуцца жыць з Ім і жыць так, як жыў Ён. Але каб ісці за Ім, трэба каб яны пачулі Яго голас, каб згадзіліся з Яго словам у паслухмянасці веры.

Для таго, каб веруючыя далучыліся да Езуса, свайго пастыра, і пайшлі за Ім, трэба, каб яны належалі Яму. А каб мы адважыліся належаць Езусу і прынялі гэтую рэчаіснасць, Езус дае нам здольнасць зразумець Яго і пайсці за Ім.

«Я ведаю іх». Дзеяслоў «ведаць» мае трапнае значэнне, бо акрамя пазнання ўключае ў сябе абарону, любоў, клопат, адданасць і ўласнасць: «І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх».

Быць у руках Езуса азначае тое самае, што знаходзіцца ў руках Айца: «Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго». Усё адбываецца з бязмежнай любові Айца, які прысутнічае ў Езусе. Езус жа аб’яўляе сябе ў Ім, і разам з Айцом яны — «адно». Супярэчыць Езусу азначае супярэчыць Пану, адмаўляцца ад Езуса азначае адмаўляцца ад Айца.

Такім чынам, Касцёл, які вызнае, што жыве ў Пану і для Яго, не дазволіць, каб «свет» авалодаў ім.

Касцёл ствараецца і жыве ў свеце, і місія яго — рабіць у свеце прысутным тое, што сам Езус здзяйсняе ў Касцёле. З’яўляючыся паствай Езуса Хрыста, Касцёл імкнецца абвяшчаць Евангелле ў сэрцы культур і ў самых разнастайных абставінах жыцця. Так Касцёл становіцца святлом свету і соллю зямлі.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 31.03.2022 22:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця