Пошук

26.04.2024 11:03   Паводле: marialegionis.blogspot.com / Catholic.by
Абраз Маці Божай Добрай Рады ў Джэнадзана. Фота: radioromalibera.org

26 красавіка ў Касцёле адзначаецца ўспамін Маці Божай Добрай Рады, цудадзейны абраз якой ужо больш за пяць стагоддзяў ушаноўваецца ў цэнтральнай Італіі.

Маці Божая Добрай Рады — гэта тытул, нададзены Найсвяцейшай Панне Марыі з мэтай падкрэсліць Яе ролю Пасярэдніцы і Настаўніцы, якая выпрошвае ў Бога святло ў цяжкіх сітуцыях, асабліва тых, што патрабуюць разважлівых рашэнняў у духоўным жыцці або апостальскай дзейнасці.

Падставай культу Маці Божай Добрай Рады з’яўляюцца біблійныя тэксты з кніг Мудрасці, якія адносяццца да Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама тэалагічныя тэксты святога Аўгустына, святога Ансэльма Кэнтэрберыйскага і святога Бэрнарда з Клерво пра Маці Божую як Пасярэдніцу ласкаў, асабліва дароў Духа Святога.

На пачатку мінулага стагоддзя Папа Леў XIII уключыў заклік «Maці добрай рады» ў Ларэтанскую літанію да Маці Божай.

З 1467 года гэты тутул звязаны з абразом Маці Божай з Джэнадзана, што непадалёк ад Рыма, які быў сусветным цэнтрам гэтага культу. Абраз у візантыйскім стылі, што нагадвае фрагмент фрэскі, памерамі 42,5 на 31 cм, прадстаўляе пагрудную выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, які абдымае шыю Маці, а сваім тварам туліцца да Яе шчакі. Выраз Яго аблічча не дзіцячы. З бязмежнага позірку прамаўляе Мудрасць Божая, да словаў якой уважліва прыслухоўваецца Марыя. Спачатку гэтую выяву называлі Маці Божай Райскай, Цудадзейнай або Мадоннай Албанцаў. У апошнія часы яе называюць Маці Божай Добрай Рады.

Паводле легенды, благаслаўлёная Пэтручча з Джэнадзана жадала пабудаваць касцёл у гонар Маці Божай Добрай Рады, але ў яе скончыліся сродкі. Калі людзі смяяліся з яе клопатаў, Пэтручча запэўніла іх, што добрая нябесная Валадарка зробіць усё, што трэба. Легенда апавядае далей, што аднойчы, дакладна апоўдні, абраз Маці Божай сышоў на яшчэ няскончаныя муры касцёла, а ў Джэнадзана прыехалі двое мужчын са Скутары (Албанія), якія сцвярджалі, што бачылі, як абраз адарваўся ад сцяны і ўзносіўся да неба. Тагачасны аўгустыянскі правінцыял Амброзій з Кура ў хроніцы пад датай 25 красавіка 1467 года запісаў, што «на сцяне касцёла ўгары паказаўся нейкі абраз Найсвяцейшай Панны».

Праўдападобна, у той жа час нарадзілася легенда, што выява з’явілася як дар неба. Не толькі жыхары горада пачалі ўшаноўваць абраз Марыі, але неўзабаве распачаўся вялікі рух пілігрымаў з далёкіх краін.

Ужо з першых месяцаў захаваліся шматлікія пісьмова пацверджаныя выпадкі выслуханых просьбаў. Гісторыя албанцаў выклікала вялікую зацікаўленасць, і ў Джэнадзана пачалі прыходзіць натоўпы людзей, каб паглядзець на цудадзейны абраз Марыі. А калі распаўсюдзіліся навіны пра шматлікія цуды, якія адбываліся перад абразом, пілігрымак да абраза стала яшчэ больш.

Сучасныя даследванні не пацвярджаюць гэтай прыгожай легенды. Абраз у візантыйскім стылі мае карані ва Усходнім Касцёле і, магчыма, што ў Джэнадзана пасяліліся людзі, якія прыйшлі туды з Усходу і прынеслі яго з сабой. Паводле апошніх даследванняў, выява звязана са школай мастака Джэнтыле Фабрыяна, далікатнае і адухаўлёнае мастацтва якога адносіцца да позняй готыкі.

Абраз быў намаляваны каля 1400 года. Праз некалькі гадоў Папа Марцін V († 1431), які падчас гарачых летніх месяцаў спыняўся ў Джэнадзана, месцы свайго нараджэння, падараваў аўгустыянам прыгожы мармуровы рэльеф Мадонны з Дзіцяткам, тыповы мастацкі твор рэнесансу. Старэйшы абраз, які не вельмі адпавядаў пачуццю прыгажосці новага стылю, быў заменены новым мастацкім творам і завешаны.

Рацыянальна цяжка растлумачыць неверагодна вялікую колькасць пілігрымаў, пра якіх апавядаюць старыя хронікі і якія і ў наш час прыбываюць да Марыі.

Папа Ян XXIII перад распачаццем Другога Ватыканскага Сабору таксама пілігрымаваў у Джэнадзана.

Марыя заслугоўвае тытул Маці Добрай Рады з многіх прычын. Яна нарадзіла прадказанага прарокам Ісаяй «Цудоўнага Дарадчыка», на якім спачывае Дух Божы. Аднак сама Марыя таксама з’яўляецца добрай Дарадчыцай. Словамі Евангелля святога Яна: «Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа», Яна дае важную духоўную параду, бо той, хто паказвае на Хрыста і Яго слова, заўсёды добра раіць.

Абраз каранаваў у 1682 годзе Папа Інацэнт XI, a ў 1867 годзе з нагоды 400-годдзя аб’яўлення Папа Пій IX здзейсніў яшчэ адну каранацыю. Развіццё культу прыпала на канец XVII стагоддзя ў сувязі з каранацыяй абраза. Шматлікія копіі XVIII i XIX стагоддзяў былі распаўсюджаны ў Італіі, Іспаніі, Бельгіі, Германіі, Чэхіі і Польшчы, а таксама ў Амерыцы, Аўстраліі і Афрыцы.

Цудадзейны абраз Маці Божай Добрай Рады прыцягваў шматлікіх пілігрымаў і ўшаноўваўся ў шэрагу спісаў, асабліва ў касцёлах аўгустыянаў.

Маці Божая Добрай Рады з’яўляецца галоўнай апякункай Албаніі.

Свята на ўспамін цудоўнага аб’яўлення абраза зацвердзіў 25 красавіка 1727 года Папа Бэнэдыкт XIII, a Папа Пій VI перанёс яго на 26 красавіка з-за таго, што на 25 прыпадае свята святога Марка, евангеліста.

У Беларусі тытул Маці Божай Добрай Рады мае касцёл у Нястанішках (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат).

Абноўлена 26.04.2024 11:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця