2 чыт. Клс 3, 1-4 альбо 1 Кар 5, 6b-8
Ев. Ян 20, 1-9 альбо Лк 24, 1-12 альбо вечаровая Імша Лк 24,13-35.
Хрыстус уваскрос! Ён жыве!
Сёння вялікае свята. Літургія нам кажа: «Пасха нашая, Хрыстус, ахвяраваны за нас, таму будзем святкаваць у Пану». Так, сёння прыходзіць шмат людзей на літургію, прыходзяць нават тыя, хто звычайна не клапоціцца пра ўдзел у літургічных святах. Можа, гэта ўплыў ужо традыцыйнай урачыстай атмасферы, якая напаўняе гэты дзень. А мы ведаем, што радасць — гэта пачуццё, якоё лёгка перадаецца. Аднак важна правільна зразумець сутнасць гэтай урачыстасці, каб потым, калі яна завершыцца, мы не адчувалі пустату і расчараванне.
Сёння мы святкуем уваскрасенне Хрыста, які паўстаў з памерлых і жыве сярод нас. Мы не засяроджваем нашу ўвагу на тым, што перажываем у глыбіні нашай душы, — маем мы прычыну для святкавання, ці не. Мы радуемся, бо Езус жыве і ёсць сярод нас. Ён — прычына нашага свята. Гэта Яго свята, гэта Езусава Пасха, а не «нашая» Пасха.
Мы, здаецца, рыхтаваліся да гэтага свята, нават імкнуліся шчыра выконваць нашыя пастановы на пост, аднак, нягледзячы на гэта, менавіта Езус рыхтуе Пасху для нас, і Ён святкуе яе дзеля нас. Але што такое Пасха?
Падзеі жыцця Езуса
Першае чытанне прыводзіць частку пропаведзі святога Пятра. Цікава будзе звярнуць увагу на тое, якім чынам апостал кажа пра Езуса Хрыста. Ён прыводзіць толькі галоўныя падзеі з Яго жыцця: хрост, а значыць намашчэнне Духам Святым, добрыя справы і аздараўленні, крыжовую смерць і ўваскрасенне.
Усё з’ямное жыццё Езуса апостал апісвае як вестку збаўлення. Пётр не аддзяляе смерць ад уваскрасення, ён таксама не разважае пра іх асобна ад усяго жыцця Езуса. Такім чынам, мы верым у Езуса, які жыў, памёр і якога Бог уваскрасіў з памерлых. Сёння мы адзначаем літургічны ўспамін Езусавай Пасхі, Яго ўваскрасення з памерлых. І, як сказана, уваскрасенне Езуса мы не можам зразумець, калі не будзем глядзець на яго ў лучнасці з Ягоным жыццём. Мы не можам прымаць толькі таго Езуса, які чыніць цуды, які церпіць пакуты і памірае, або Езуса, які ўваскрашае з памерлых: або мы прымем Езуса цалкам, або мы Яго не прымем. Бо Езуса нельга «падзяліць»!
Пётр завяршае сваю пропаведзь словамі: «Кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў праз імя Ягонае». Езус заслужыў нам сваім жыццём прабачэнне грахоў. Толькі Езус можа збавіць нас і толькі дзякуючы Яму мы можам жыць годна і добра. Каб атрымаць прабачэнне, не трэба рабіць шмат, трэба толькі паверыць у Яго — цалкам даверыць Яму сваё жыццё і спосаб мыслення. Калі мы безумоўна прымем Яго ў нашае жыццё, мы атрымаем прабачэнне. А прабачэнне Езуса — гэта не толькі выдаленне грахоў, але таксама вызваленне нашага ўнутранага свету, вызваленне ад усялякай унутранай няволі, якая блакуе нас і абумоўлівае нашыя паводзіны, і якую мы называем грахом.
Езус нас аднаўляе
У другім чытанні літургія прапануе тэкст з Паслання апостала Паўла да Каласянаў на тэму радыкальнага аднаўлення, якое Езус здзяйсняе ў нашым жыцці.
Апостал абвяшчае навізну хрысціянскага існавання двума выказваннямі: «вы ўваскрэслі з Хрыстом» і «жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу». Дзеяслоў «быць» у цяперашнім часе азначае стан, у якім знаходзіцца хрысціянін. Сваім удзелам ва ўваскрасенні Езуса з памерлых ён жыве ў гэтым свеце боскага існавання. Таму гаворка ідзе не толькі пра іншыя паводзіны, а пра новы спосаб «існавання», пра новае жыццё, якое атрымлівае хрысціянін. З гэтага новага спосабу жыцця апостал выводзіць два наказы: «шукайце таго, што ў вышынях», і «пра тое, што ў вышынях, думайце». Хрысціянская мараль кажа пра новы стан хрысціяніна: з таго, кім мы ёсць, мы павінны выводзіць тое, што мы павінны рабіць.
Укрыжаваны ўваскрос з памерлых
Урывак з Евангелля паводле Яна арыентуецца на той факт, што магіла пустая: Езус не застаўся вязнем смерці. Хрысціянскую супольнасць тут прадстаўляюць Марыя Магдалена, Пётр і «іншы вучань». Хрысціянская супольнасць не прыходзіць да веры ва ўваскрасенне з памерлых адразу ж і лёгка.
Марыя прыйшла да магілы «раніцай, калі было яшчэ цёмна». Тут гаворка ідзе не толькі пра цемру ночы, але таксама пра цемру, якая ўсё яшчэ не дазваляе Марыі бачыць у веры.
Марыя Магдалена з’яўляецца сімвалам пошукаў, сумніву і здзіўлення хрысціянскай супольнасці: «не ведаем, дзе паклалі Яго». Таксама Пётр убачыў толькі «палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы». Гэта знакі смерці Езуса, але дзе Езус? Прыходзіць іншы вучань: ён «убачыў, і паверыў».
Такім чынам сімвалічна намаляваны шлях хрысціянскай супольнасці, які вядзе да веры ва Уваскрослага. Усё гэта сталася «ў першы дзень тыдня» (пар. Ян 20, 1а) — у дзень, які адкрывае новую эру ў свеце. Уваскрослы Езус аднаўляе жыццё там, дзе была смерць, дае надзею там, дзе, здавалася, ужо не было выйсця з адчаю і смерці.
ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.