Пошук

13.08.2024 15:26   кс. Францішак Рудзь / Catholic.by
Фота з асабістага архіву кс. Ф. Рудзя

8 жніўня, за тыдзень да свайго 99-га дня нараджэння, у Мінску прыняў хрост Іван Ліхашэрст, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які меў доўгі жыццёвы шлях і няпросты шлях да Бога.

Сакрамэнт хрысціянскай ініцыяцыі ўдзяліў мужчыну пробашч сталічных парафій святога Сымона і святой Алены і Маці Божай Будслаўскай ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Хрост — першы сакрамэнт хрысціянства, які дае магчымасць удзельнічаць у жыцці Касцёла і прымаць іншыя сакрамэнты. У беларускім грамадстве, нягледзячы на доўгі перыяд пераследу веры, захаваліся традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці, і таму рэдка можна сустрэць неахрышчанага чалавека. Аднак шлях да Хрыста ў кожнага чалавека свой, і прыходзяць да Бога людзі ў розным узросце, некаторыя і ў вельмі сталым.

Пра гэта сведчыць незвычайная гісторыя мінчаніна Івана Канстанцінавіча Ліхашэрста. Ён прняў хрост за тыдзень да свайго 99-годдзя, якое адзначыць ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Верагодна, многія задумаюцца над тым, якая ж была яго дарога да Бога? Спробы растлумачыць рашэнне чалавека прыняць хрост у такім сталым узросце абмежаваныя чалавечым досведам. Аднак за знешнімі гісторыямі і тымі прычынамі, якія мы, вернікі, спрабуем вызначыць, у людзей, якія вырашылі прыняць Бога ў сваім сэрцы, стаіць нешта большае і глыбокае. У аснове гэтага рашэння заўсёды знаходзіцца вельмі асабістая сувязь з Богам, якую чалавек нават сам для сябе не заўсёды можа растлумачыць.

Іван Канстанцінавіч прайшоў вялікі жыццёвы шлях. Ён бачыў нягоды, жахі і гора Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у аднаўленні мірнага жыцця ў краіне, працаваў на яе дабро. Ажаніўся, выхаваў дзяцей і ўнукаў, але на працягу ўсяго жыццёвага шляху заставаўся няхрышчаным. Яго жонка Альфрэда верыла ў Бога, але была абмежаваная ў прыняцці сакрамэнтаў. Ён заўсёды быў побач, любіў, паважаў, дапамагаў, клапаціўся, але не знаходзіў яшчэ свайго шляху да Бога. Сямейныя абставіны прывялі яго да больш глыбокага асэнсавання жыцця і духоўнага пошуку.

За месяц да хросту мужчына перажыў смерць жонкі, з якой прайшоў праз усё жыццё, і чыёй цеплыні яму цяпер так нестае. Гэта падштурхнула яго да глыбокага аналізу жыццёвага шляху.

Іван Канстанцінавіч, рыхтуючыся да хросту, надаў увагу малітве, размове са святаром, спасціжэнню глыбіні хрысціянскіх запаведзяў.

Асэнсаванне таго, што адбылося, і пытанне, якое не давала спакою: «Няўжо я не сустрэнуся з любай жонкай у небе, бо я няхрышчаны?» прывяло да думкі аб тым, што вера ў Бога — гэта не толькі сакрамэнт, багаты духоўны свет, але і канкрэтны спосаб рэалізаваць сувязь праз яго з блізкімі людзьмі, якіх ужо няма побач.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа